Вы тут

Каго выратаваць — кіроўцу або пешахода?


Уявім сітуацыю: у беспілотнага аўтамабіля адмовілі тармазы, ён рухаецца, хоць на святлафоры гарыць чырвонае святло. Калі ён працягне рух, то саб'е дзяўчынку, якая пераходзіць дарогу па пешаходным пераходзе, калі сыдзе ў суседнюю свабодную паласу — саб'е іншага чалавека, напрыклад старога. Вядома, ёсць яшчэ адзін варыянт: з'ехаць на абочыну, дзе пасажыраў самога аўто можа чакаць слуп. І тут узнікае пытанне: што ў падобных выпадках павінен зрабіць штучны інтэлект?


Можна запярэчыць: так, сітуацыя няпростая, і рашэнне, пры якім у любым выпадку хтосьці можа пацярпець, адназначна прыняць немагчыма, але ж гэта толькі гіпатэтычная задача.

На жаль, усё стала рэальнасцю, калі некалькі гадоў таму ў ЗША з-за памылкі аўтапілота ўпершыню загінуў чалавек. Ні мужчына-кіроўца, ні штучны інтэлект аўтамабіля Tesla на фоне яркага неба не заўважылі белую фуру, якая выехала напярэймы. Машына з разгону трапіла пад прычэп грузавіка — і такая сітуацыя стала фатальнай.

Аўтапілот у асабістых аўтамабілях на сённяшні дзень даступны толькі вельмі забяспечаным кіроўцам, таму такія здарэнні ўсё ж адзінкавыя. Іншая справа, што цяпер актыўна распрацоўваюцца беспілотныя аўтамабілі таксі, якія ў тэставым рэжыме перавозяць пасажыраў. І тут таксама не абышлося без трагедый: у сакавіку бягучага года ў ЗША адбылося ДТЗ з беспілотнікам Uber, у выніку якога ўпершыню загінуў пешаход. Жанчына з веласіпедам пераходзіла дарогу ў неналежным месцы ў цёмны час сутак, траса была слаба асветлена, таму сутыкненне скончылася смерцю. Вінаватай была прызнана сама загінулая.

А днямі аб гэтым здарэнні з'явілася новая інфармацыя. Як паведаміла выданне The Іnformatіon, аўтамабіль, які збіў жанчыну, «бачыў» яе пры дапамозе сваіх пярэдніх камер і сістэмы, якая вызначае адлегласць, — ліда́ра. І тым не менш беспілотнік не палічыў з'яўленне жанчыны прычынай для спынення.

Чаму? Інфармацыя кампаніі такая: звычайна сістэму, якая адказвае за логіку распазнавання аб'ектаў, наладжваюць так, каб яна «не палохалася» нечаканых аб'ектаў, напрыклад прыпаркаваных каля дарогі аўтамабіляў. Аднак у дадзеным выпадку прычынай спынення не стала нават веласіпедыстка — аўто папросту праігнаравала яе. Вось і ўсё тлумачэнне.

Пасля гэтага Uber спыніў выпрабаванні беспілотнікаў, але ў хуткім часе — калі будзе апублікавана справаздача Савета нацыянальнай бяспекі руху — выпрабаванні адновяць.

І тут ёсць некалькі пытанняў. Вядома, беспілотнік «заточаны» пад ідэальнае выкананне правілаў дарожнага руху, аднак на дарозе прысутнічаюць не толькі аўтамабілі, але і сам чалавек. А як адаптаваць штучны інтэлект беспілотніка, напрыклад, да кіроўцаў-хамаў, якія перасякаюць дарогу на забаронены сігнал святлафора, падразаюць і здольныя на неадэкватныя ўчынкі? Як беспілотнікі будуць спраўляцца з дрэннымі ўмовамі дарог і надвор'я? Скажам, снег можа перашкодзіць счытваць разметку, а на некаторых дарогах яе можа быць і зусім не відаць нават у добрае надвор'е.

Занадта шмат аспектаў, якія адназначна вырашыць не ўдаецца, ды і адказы вытворцаў даволі агульныя, а цана за падобныя выпрабаванні можа быць занадта высокая, як у выпадку з жанчынай-веласіпедысткай. Зразумела, што тады вінавата была загінулая, але — гэта вельмі важна! — машына тармазіць не стала.

Усе вышэйназваныя праблемы мы папрасілі пракаментаваць кампанію «Яндэкс.Таксі», у мінскім офісе якой працуюць над аўтапілотам. Нам адказаў Раман УДАВІЧЭНКА, кіраўнік групы распрацоўкі беспілотнага аўтамабіля ў «Яндэкс.Таксі»:

«На ўсе гэтыя пытанні адказ пакуль агульны. Зразумела, усе апісаныя сітуацыі павінны і будуць улічвацца. Але галоўная задача зараз — стварыць тэхналогію, якая працуе, гэта значыць навучыць беспілотны аўтамабіль ездзіць у стандартных умовах. А далей можна пераходзіць да вырашэння больш складаных задач — і як ездзіць у магнітныя буры, і што рабіць з кіроўцамі-хамамі — і ўсіх астатніх. Пытанне пра «каго збіваць, калі адмовілі тармазы», здаецца, таксама не ўнікальнае для беспілотніка — гэта агульначалавечая гісторыя. Відавочна, што масавы выхад беспілотных аўтамабіляў на вуліцы гарадоў патрабуе перагляду рэгулявання і новых законаў ва ўсіх краінах свету. І рана ці позна чалавецтва вырашыць, што з гэтым рабіць. Гэтак жа ў свой час з'явіліся і конкі, і трамваі, і аўтамабілі, і іншыя віды транспарту: спачатку было незразумела, як з імі жыць, але хутка яны сталі масавымі.

Ці з'явіцца паўнавартасны горад-палігон для беспілотнікаў у Беларусі? Мы не вельмі любім дзяліцца планамі — лічым за лепшае расказваць пра тое, што ўжо адбылося. Наконт палігона ў Беларусі — паглядзім».

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Загаловак у газеце: А хто там ідзе?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».