Вы тут

У Віцебску адбыўся міжнародны інвестыцыйны тэматычны форум


У Віцебску днямі адбыўся сёмы міжнародны інвестыцыйны тэматычны форум, які ўпершыню абраў пляцоўкай Летні амфітэатр, дзе традыцыйна праходзіць міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». І каля яго — на плошчы — размясціліся выставачныя павільёны.


Інтарэс павялічваецца

Віншуючы ўдзельнікаў і гасцей, старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў канстатаваў, што маштаб форуму і колькасць яго ўдзельнікаў павялічваюцца з кожным годам.

— Сёння ў мерапрыемстве прымаюць удзел 42 дэлегацыі з 14 краін свету. Віцебская вобласць з'яўляецца прамысловым рэгіёнам, які ўсебакова развіваецца. У нас больш за 1,5 тысячы малых, сярэдніх і буйных прадпрыемстваў, каля 30 тысяч прадпрымальніцкіх структур, якія прадстаўляюць бізнес больш як 40 дзяржаў, — адзначыў старшыня аблвыканкама.

Цікава, што недзяржаўныя прадпрыемствы засвоілі вытворчасць каля 70 % ад агульнай колькасці сілавога кабелю, які вырабляецца ў рэспубліцы, 20 % — упаковачных матэрыялаў з палімераў. У Віцебску размешчаны адзіныя ў краіне недзяржаўныя вытворцы комплексных станцый водападрыхтоўкі і водаачысткі, тэлескапічных пад'ёмнікаў і так званых гідрабортаў. А ў Оршы — рукавоў высокага ціску. У Паставах летась запушчана ў эксплуатацыю першая ў краіне тэхналагічная лінія па вытворчасці паркету.

Доля інавацыйнай прадукцыі ў аб'ёмах прамысловай вытворчасці перавышае 30 % — гэта найлепшы паказчык у Беларусі.

Штогод прадпрыемствы вобласці экспартуюць прадукцыю ў амаль 90 краін на суму 2,5 мільярда долараў, і траціна ад яе — навукаёмістая і высокатэхналагічная. Толькі на Віцебшчыне ажыццяўляецца выраб акрылавых валокнаў, шкловалакна, ільняных тканін, даламітавай мукі.

На мяжы з ЕС і Расіяй

Што датычыцца перспектыў эканамічнага развіцця, то ў рэгіёне стаўку робяць на бізнес.

— Ён больш мабільны, і для яго развіцця ў краіне прыняты шэраг важных дакументаў, — канстатаваў губернатар.

Інвестараў можа зацікавіць і тое, што паўночная вобласць — адзіная ў Беларусі, якая адначасова мяжуе з краінамі Еўрапейскага саюза і з Расійскай Федэрацыяй.

Адпаведна, Прыдзвінскі край прапануе найбольш кароткі шлях для арганізацыі міжнароднага транзіту тавараў. Тут ёсць магчымасць стварэння сучаснай лагістычнай інфраструктуры, укаранення электронных схем гандлю. Дарэчы, у вобласці ёсць дзве пляцоўкі для арганізацыі комплекснай дастаўкі грузаў з выкарыстаннем авіяцыйнага, чыгуначнага і аўтамабільнага транспарту. Маюцца на ўвазе Віцебскі аэрапорт, размешчаны на міжнародных трасах на Маскву, Санкт-Пецярбург, Кіеў і Варшаву, і аэрадром у пасёлку Балбасава Аршанскага раёна. Вядома, што недалёка ад населенага пункта будуецца лагістычны комплекс. Ужо адведзена зямля і для пабудовы прамысловых прадпрыемстваў.

Мясцовыя распрацоўкі

У час форуму быў падпісаны шэраг дагавораў, пагадненняў аб наладжванні партнёрскіх адносін.

Напрыклад, дагавор аб супрацоўніцтве падпісалі Пекінская асацыяцыя малых і сярэдніх прадпрыемстваў і Віцебскае аддзяленне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты. А нямецкая фірма і віцебскае таварыства «Малако» маюць намер рэалізаваць інвестыцыйны праект па ўзвядзенні кацельнай. Апошняя будзе працаваць на мясцовых відах паліва.

Акрамя таго, патэнцыйныя інвестары пазнаёміліся з распрацоўкамі беларускіх навукоўцаў.

Напрыклад, дырэктар інкубатара малога прадпрымальніцтва ТАА «Прававая група «Закон і парадак» Міхаіл Кейзераў паказаў прыборы, якія дапамагаюць больш эфектыўна весці сельскагаспадарчыя работы на зямлі. Скажам, кантраляваць унясенне угнаенняў. Прадэманстраваў таксама імпартазамяшчальны прэпарат, які дазваляе выявіць на ранніх стадыях рак. Па прыблізных падліках ён будзе танней за замежныя аналагі ў 1,5 раза. Уражвае і распрацоўка, якая дазваляе апынуцца ў віртуальным свеце. «Маска» з акулярамі і спецыяльныя праграмы ў ліку іншага дазваляюць рэабілітавацца паралізаваным. Сістэма выкарыстоўваецца і пры лячэнні псіхічных захворванняў.

Іншаземным бізнесменам прэзентавалі магчымасці экалагічнага турызму. Каля 40 % тэрыторыі вобласці займае лес, а колькасць рэк і азёр складае прыблізна 2,5 тысячы. Бізнесменам расказалі пра тое, што з улікам унікальнага прыроднага патэнцыялу распараджэннем Прэзідэнта ў шасці раёнах вобласці былі задзейнічаны льготныя ўмовы пры стварэнні інфраструктуры адпачынку. У прыватнасці, прадугледжваецца спрошчаны парадак выдзялення зямельных участкаў для будаўніцтва аб'ектаў турызму і аздараўлення.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».