Вы тут

Студатрады чакаюць ад Польшчы да Казахстана


Гэтым летам беларускія студэнты будуць шчыраваць у складзе студатрадаў не толькі на радзіме. Два з іх, на 60 чалавек, адправяцца на ўборку ўраджаю ў Малдову, будаўнічы — у Краснаярск, сэрвісныя і педагагічныя — у Краснадарскі край, сельскагаспадарчыя — у Падмаскоўе, будаўнічы і сельскагаспадарчы — у Польшчу.


Па словах камандзіра Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў ЦК БРСМ Надзеі ШАХОЎСКАЙ, плануецца таксама аднавіць супрацоўніцтва з Казахстанам. Гэта будзе сімвалічна, таму што сёлета спаўняецца 55 гадоў з зараджэння ў Беларусі студатрадаўскага руху. У 1963 годзе ва Уральскую вобласць Казахстана выехалі 2,5 тысячы беларускіх студэнтаў з 15 ВНУ. Працоўны семестр для іх доўжыўся 70 дзён. Шэраг мерапрыемстваў будзе прымеркаваны менавіта да гэтай даты.

У краіне ўжо стартавалі акцыі БРСМ «Труд — крут!» і «Выбіраем студатрад!». Моладзь актыўна запісваецца ва ўсіх рэгіёнах у апошнія. А самыя мэтанакіраваныя студэнты пачалі прыносіць заяўкі ў штабы працоўных спраў яшчэ зімой... І гэта не дзіўна, бо ў многія студатрады складваецца сур'ёзны конкурс. Хто ж адмовіцца адначасова і адпачыць, і падзарабіць, і паглядзець суседнюю краіну? Напрыклад, каб трапіць на Усебеларускую маладзёжную будоўлю на Беларускую АЭС, трэба ўжо мець вопыт работы ў студатрадзе, добрае здароўе і не менш як трэці разрад па любой будаўнічай спецыяльнасці. Па традыцыі будзе працаваць тут і беларуска-расійскі студатрад. Дарэчы, самы высокі заробак падчас трэцяга працоўнага семестра быў летась менавіта ў Астраўцы — ён даходзіў да 1,5 тысячы рублёў за два месяцы напружанай працы.

Масава студэнты і навучэнцы прыступяць да працы ў складзе студэнцкіх атрадаў пасля заканчэння летняй сесіі. «Для маладых людзей таксама прапануюцца сезонныя работы ў верасні — лістападзе, — паведаміла Надзея Шахоўская. — Між іншым, у студэнцкія атрады могуць уключацца і падлеткі ва ўзросце ад 14 гадоў. Самыя юныя ўдзельнікі студатрадаўскага руху працуюць не больш за чатыры гадзіны ў дзень. У непаўналетніх попытам карыстаюцца сельскагаспадарчыя атрады, вытворчыя і экалагічныя. Летась студатрадаўскім рухам былі ахоплены больш як 21,2 тысячы чалавек. Мяркуецца, што ў гэтым годзе будзе працаўладкавана не менш маладых людзей».

Але працаваць летам падлеткі могуць не толькі ў складзе студэнцкіх брыгад. Службы занятасці прапануюць хлопцам і дзяўчатам займацца азеляненнем і добраўпарадкаваннем тэрыторыі, рамонтам мэблі і кніг у школах.

— Часовае працаўладкаванне моладзі арганізуецца ва ўсіх рэгіёнах краіны. Гэта вельмі важны аспект выхавання і прафілактыкі правапарушэнняў, — падкрэслівае кансультант упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацабароны Жанна ШЧАМЯЛЁВА. — Сёлета памер фінансавання на арганізацыю занятасці моладзі павялічаны на 10 працэнтаў у параўнанні з 2017 годам. У мінулым годзе планавалася працаўладкаваць 24 тысячы падлеткаў, а ў выніку забяспечылі працай 29 тысяч. Мяркую, у гэтым годзе таксама будзе працаўладкавана больш навучэнцаў, чым плануецца.

Пры ўмове, што падлеткі адпрацуюць цэлы месяц, яны могуць разлічваць на мінімальны заробак — 305 рублёў. Але пры гэтым трэба мець на ўвазе, што яны працуюць няпоўны працоўны дзень. Моладзі прапануецца ў асноўным некваліфікаваная праца — азеляненне, добраўпарадкаванне ўстаноў адукацыі, рэстаўрацыя бібліятэчнага фонду, выраб сувеніраў, пашыў швейных вырабаў, вырошчванне сельгаспрадукцыі. У сталіцы вялікім попытам у падлеткаў карыстаецца праца ў заапарку. Можна таксама паспрабаваць уладкавацца членам брыгады хуткага абслугоўвання ў рэстаран «Лідо». Увогуле для навучэнскай моладзі ў Мінску прапануецца каля 500 вакансій. Чакаецца, што просьбу падшукаць для іх працоўнае месца выкажуць больш як 4 тысячы чалавек.

Існуе некалькі спосабаў паспрабаваць знайсці для сябе на лета падпрацоўку. Па-першае, школьнікам можна звярнуцца да намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце і агучыць сваё жаданне. Яму павінны падказаць, у якой установе адукацыі будзе дзейнічаць лагер працы і адпачынку. Другі спосаб — звярнуцца ў аддзел абслугоўвання службы занятасці па месцы жыхарства. Трэці — пацікавіцца магчымасцю працаўладкавацца ў студатрад у штабе працоўных спраў ВНУ, у раённым ці абласным штабе працоўных спраў БРСМ. Пры наяўнасці вакантных месцаў школьнікам там не павінны адмовіць.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.