Вы тут

Дзякуй, школа, за жыццёвыя ўрокі!


Школа... Слова, якое прасякнута любоўю, цеплынёй, утульнасцю, дзіцячым смехам... Яна дапамагае знайсці сапраўдных сяброў, дае веды, якія спатрэбяцца ў дарослым жыцці. Хутка мне і маім аднакласнікам прыйдзецца развітацца са школай, таму надышоў час падводзіць вынікі. Чаму яна навучыла нас? За адзінаццаць гадоў з класам здаралася столькі цікавых выпадкаў! А яшчэ мы атрымалі шмат жыццёвых урокаў: любіць прыроду, паважаць дарослых, дапамагаць бліжняму (калі ў цябе і твайго аднакласніка аднолькавы варыянт кантрольнай работы) і іншаму. З урокам «дапамога бліжняму» я пазнаёмілася ўжо ў першым класе дзякуючы маёй любімай настаўніцы Людміле Іванаўне.


Быў урок літаратуры. Мы чыталі цудоўную казку Х. К. Андэрсэна «Брыдкае качаня». З яе можна было зрабіць выснову: трэба быць моцнымі, ісці да сваёй мэты, не слухаючы, што кажуць астатнія, не крыўдзіць слабейшых, а, наадварот, дапамагаць ім у цяжкія моманты жыцця.

На жаль, гэты ўрок засвоілі не ўсе мае аднакласнікі. Ужо на наступным перапынку дзеці вырашылі пажартаваць над Уладам. Ён быў самы маленькі і слабы і не мог пастаяць за сябе, але быў вельмі добры. Школьнікі ўзялі ў хлапчука гальштук і пачалі кідаць адзін аднаму. Улад спрабаваў даскочыць, схапіць яго, але нічога не атрымлівалася. Калі гальштук трапіў у мае далоні, я вырашыла спыніць гульню і вярнула рэч уладальніку.

Увесь гэты час за намі назірала Людміла Іванаўна. Яна падышла і сказала: «Памятаеце, аб чым казка, якую мы чыталі на папярэднім уроку? Толькі што вы яе праінсцэніравалі. Улад быў брыдкім качанём, усе вы — птушыным дваром, а Кацярына — качкай, якая абараніла качаня». Усім дзецям стала сорамна, і яны вынеслі галоўны ўрок з гэтай абразлівай гульні — заўсёды, пры любых абставінах, заставацца чалавекам. Трэба жартаваць так, каб было смешна, а не крыўдна. А Уладзік і на самай справе з «брыдкага качаняці» ператварыўся ў прыгожага, моцнага, шчаслівага «лебедзя». Зараз ён на другім курсе Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі. Іграе на балалайцы, ставіць новыя мэты і дасягае іх. Вось такі зусім не дзіцячы жыццёвы ўрок я і мае аднакласнікі атрымалі шмат гадоў таму.

Мажліва, вы запытаецеся: «Кацярына, ты і «нездавальняюча» ніколі не атрымлівала? І заўваг за дрэнныя паводзіны не было? І вясной з урокаў не ўцякала? І дзённік ад бацькоў з адзнакамі не хавала? І кнопкі на крэсла настаўніцам не клала?» Так, без гэтага сваё школьнае жыццё я не ўяўляю. Хаця, папраўдзе, да кнопак на крэсле справа не даходзіла. Спадзяюся, што ў ВНУ такіх свавольстваў ужо не будзе. З упэўненасцю скажу, што школа шмат зрабіла для таго, каб у дарослае жыццё я ўвайшла добрым чалавекам. Родная школа, дзякуй табе за ўсё!

Кацярына ЯРАШЭВІЧ, вучаніца 11 класа СШ № 121 г. Мінска

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.