Вы тут

Спецыялісты нагадалі, як правесці лета без траўмаў


Большасць ДТЗ, у якіх церпяць дзеці, здараецца ў цёплы час года. Гінуць у вадзе школьнікі таксама пераважна летам. Доўгія канікулы — перыяд вялікай адказнасці для бацькоў, і напярэдадні лета важна нагадаць дзецям аб правілах паводзін на дарогах, вадаёмах, у лесе і іншых месцах.


Паводле інфармацыі старшага навуковага супрацоўніка РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, дзіцячага артапеда-траўматолага Аляксандра МУХЛІ, у структуры дзіцячай смяротнасці ад знешніх прычын на першым месцы знаходзяцца ДТЗ (20 %), на другім — утапленні (19,5 %), на трэцім — самагубствы (18,8 %). Нягледзячы на тое, што апошнія дзесяць гадоў лічбы дзіцячага траўматызму ў цэлым і пацярпелых у ДТЗ у прыватнасці зніжаюцца, паказчыкі ўсё роўна застаюцца дастаткова высокія. У ДТЗ, якія здарыліся сёлета, ужо загінула шэсць дзяцей і 125 паранена. Сярод загінулых чацвёра былі пасажырамі аўто, адзін хлопчык — веласіпедыстам. Прычым у большасці выпадкаў за рулём знаходзіліся маці, якія не справіліся з кіраваннем. Жанчына, якая перавозіла чатырох дзяцей, выехала для абгону на сустрэчную паласу руху, зразумела, што не паспявае, і вярнулася ў сваю, зачапіўшы абочыну. У выніку машыну вынесла на сустрэчную паласу, дзе яна сутыкнулася з іншым аўтамабілем. Двое з чатырох дзяцей загінулі. Яшчэ адна маці перавозіла дзіця ў аўталюльцы, якая ніяк не была замацавана. Жанчына не справілася з кіраваннем, а дзіця таксама загінула.

Як адзначае старшы інспектар па асобых даручэннях УДАІ МУС Ганна БАНАДЫК, калі яшчэ 10 гадоў таму 90 % ДТЗ з удзелам дзяцей адбывалася па віне саміх малых, то сёння большасць ДТЗ — па віне дарослых, бо школьнікі ў пераважнай большасці ведаюць і выконваюць правілы паводзін на дарогах. З пачатку года пацярпела 55 дзяцей, якія былі пешаходамі, і толькі 15 з іх парушылі правілы дарожнага руху. Амаль тры дзясяткі дзяцей атрымалі траўмы на пешаходных пераходах. Адметна, што пераважная большасць ішлі або на зялёны сігнал святлафора, або пераходзілі вуліцу па пераходзе, які не рэгулюецца, дзе і пацярпелі з-за няўважлівасці кіроўцаў. Сямёра дзяцей траўміравана ў дварах. Дарэчы, дзеці-кіроўцы таксама становяцца віноўнікамі і ахвярамі ДТЗ. Сёлета пацярпелі 16- і 17-гадовыя хлопцы — яны селі за руль аўтамабіляў, а таксама 14-гадовая дзяўчынка, якая вырашыла пракаціцца на мапедзе.

Каб нагадаць дарослым пра адказнасць падчас перавозкі дзяцей і ўважлівасць на дарогах, супрацоўнікі ДАІ наведаюць працоўныя калектывы, бацькоўскія сходы, выпускныя вечары. А таксама правядуць шэраг акцый. Адна з іх — «Увага, дзеці!» — закране літаральна ўсіх кіроўцаў. З 25 мая па 5 чэрвеня ўсе аўтамабілі павінны рухацца з уключаным святлом фар. За невыкананне гэтага патрабавання прадугледжана адміністрацыйная адказнасць — ад папярэджання да штрафу ў дзве базавыя велічыні. За перавозку дзяцей без аўтакрэслаў ці з непрышпіленымі рамянямі бяспекі прадугледжана яшчэ больш сур'ёзная адказнасць — штраф да чатырох базавых велічынь.

Дарэчы, летась былі праведзены маштабныя праверкі аб'ектаў дарожнай інфраструктуры побач з сярэднімі школамі і гімназіямі, а таксама музычнымі і спартыўнымі школамі. У 74 % былі выяўлены парушэнні, большая частка з якіх ужо ліквідавана. Пераважная большасць устаноў адукацыі належным чынам абсталявана дарожнымі знакамі, «ляжачымі паліцэйскімі» і нават турнікетамі, якія спыняюць выхад на праезную частку.

Падчас пажару сёлета ў краіне загінула адно дзіця. Пажар здарыўся ў лютым у Асіповіцкім раёне. Ён пачаўся ў чатыры гадзіны раніцы ад кароткага замыкання, у агні загінула ўся сям'я. Падчас пажараў і ДТЗ супрацоўнікі МНС выратавалі 14 дзяцей. Як адзначыў афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь НАВІЦКІ, бацькі павінны вызначыць для дзяцей так званы радыус бяспекі, у ім могуць знаходзіцца і дарогі, і вадаёмы, і лес. Важна расказаць школьнікам, як паводзіць сябе ў гэтых месцах. Таксама можна ўстанавіць на дзіцячы тэлефон дадатак МНС «Дапамога побач». Там пазначаны не толькі нумары тэлефонаў экстранных службаў, але і правілы паводзін з тэстамі ў больш як 50 небяспечных сітуацыях. МНС правядзе і сваю акцыю — «Канікулы без дыму і агню».

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Правілы добрых канікул

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.