07 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Уладзіміру Карызну спаўняецца 80 гадоў


«...Навучыць пісаць вершы нельга. Паэзія — гэта пачуццё, жывое, трапяткое... Для мяне кожны радок — як гарачыя вугалькі, як вочы дзявочыя, што спаць не даюць...» — казаў вядомы беларускі паэт Уладзімір Карызна, узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, адзін з аўтараў Дзяржаўнага гімна, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі і прэміі прафсаюзаў Беларусі.


Нельга не пагадзіцца: хіба можна навучыць ад нараджэння сляпога распазнаваць колеры вясёлкі, глухога — адрозніваць гукі флейты ад скрыпкі, нямога — спяваць як Шаляпін? Вядома, не. Эстэтычнае пачуццё не нараджаецца разам з чалавекам — яно развіваецца з маленства, узгадоўваецца асяроддзем, замацоўваецца практыкай.

Уладзіміру Іванавічу пашчасціла нарадзіцца ў творчай сям'і, дзе панавала любоў, якая ахоўвала і ратавала, выхоўвала добры густ і пачуццё стылю, вучыла сціпласці і шчодрасці, у рэшце рэшт даравала талент.

«Мой бацька быў шафёрам, вазіў Твардоўскага, ведаў на памяць усяго «Васіля Цёркіна». Дзядуля па мамінай лініі — Канстанцін Захарэвіч, быў кавалём. Акрамя таго, сам рабіў музычныя інструменты і граў на скрыпцы. Другі дзед таксама граў на скрыпцы. Паэзія падобная на музыку...»

Песні Уладзіміра Карызны гучаць па радыё, артыкулы аб ім публікуюць салідныя выданні, яго ведае ледзь не кожны беларус, але амаль нічога не вядома пра малую радзіму паэта — сціплую вёсачку, што раскінулася на беразе ракі Пціч. Калі я паехала ў мясціны, дзе нарадзіўся знакаміты паэт Беларусі, яшчэ здалёк запрыкмеціла буслянку з бусламі на вяршыні жалезабетоннага слупа ў самым пачатку вёскі, адразу за дарожным знакам «Закружка». Бацяны, нібы анёлы-ахоўнікі, час ад часу ўзмахвалі крыламі, бы запрашаючы завітаць у вёску.

Мясцовыя жыхары накіравалі мяне і наказалі арыентавацца на векавую ліпу. Здавалася, час тут спыніўся: за ваколіцай пасвяцца каровы, хаты патанаюць у квецені садоў, на агародах завіхаюцца гаспадары, на падворышчы паважна ступае певень, а сабака, забурыўшыся на маладую траўку, з асалодай жмурыць вочы. Голасна, на ўсю вёску, гукаюць і смяюцца дзеці.

Старая ліпа з бусламі — высокае, метраў 15—20 дрэва ў два абхопы — пэўна, памятае ўсе падзеі мінулага стагоддзя, у тым ліку радзіны, хрысціны, вяселлі, сустрэчы-развітанні... Успомніўся дзіцячы вершык «Бусел на ліпе»:

Сёння сонца прыпякло,

Цеплыня такая,

Што прыціхла ўсё сяло:

Дожджыку чакае.

Дождж нарэшце асмялеў —

І пайшоў, паехаў,

Вадаспадам зашумеў

Ён па гулкіх стрэхах.

Бусел з ліпы не ўцякаў:

Ліпаю прызнаны,

Ён дажджу таго чакаў,

Як нябеснай ванны!

Можа, гэта і была тая самая ліпа? Праз некалькі крокаў, недалёка ад дрэва, у пеннай квецені аказалася сяліба — тая самая спадчына, якая засталася Карызнам ад продкаў. Менавіта тут, у вёсцы Закружка, што на Міншчыне, на беразе ракі Пціч, 25 мая 1938 года ў сям'і Ніны Канстанцінаўны і Івана Ціханавіча Карызнаў нарадзіўся знакаміты паэт. Ля весніц няйначай знаходзіцца той самы вішнёвы сад, а ў глыбіні, насупраць хаты, — тая самая «Маміна вішня»:

...Дзе была мая калыска

Песнямі заманена,

Засталася толькі вішня —

Вішня маміна.

Знакамітая песня Карызны была напісана ім у 1994 годзе.

Маміна вішня, маміна вішня,

Маміна вішня плакучая...

Сэрца маё растрывожыш заўжды...

Цудоўная жанчына — 90-гадовая Яніна Карлаўна Гайдукевіч — распавяла мне, што падчас вайны бацька Іван Ціханавіч Карызна быў у партызанах «нейкім глаўным», і таму хату, у якой нарадзіўся Уладзімір Іванавіч, немцы спалілі, а сям'я цудам уратавалася ад расправы — добрыя людзі папярэдзілі, і маці з трыма маленькімі дзецьмі паспела схавацца ў лесе. Многае давялося перажыць Карызнам і іх аднавяскоўцам. У жахлівыя дні блакады ўмярзалі ў балота, аднак маці ратавала сваіх немаўлят як магла — не толькі лагодным словам і цяжкай справай, але і песняй. Спявала ціха — так, каб толькі дзеці чулі яе голас, каб не баяліся, каб ведалі, што яна побач...

Пасля вайны людзі жылі бедна, але дружна — адбудоўвалі хаты, дапамагалі адзін аднаму, дзялілся апошнім. Бацька Уладзіміра добра граў на балалайцы, а маці валодала прыгожым, меладычным голасам — уся вёска збіралася, каб іх паслухаць. Пазней, амаль праз паўстагоддзя, Уладзімір Іванавіч скажа: «Матчына і бацькава душы былі багатыя, і іх душэўнае цяпло ішло да мяне».

Яніна Карлаўна распавядае: «Ён [Уладзімір] — музыкант быў, пеў, іграў нам, а мы танцавалі... Сям'я ў яго была атлічная, рабацяшчая. Дзяцей у іх трое — два браты і сястра. Усе гралі на музыкальных інструментах, былі такія «хадавыя», — на гэтае слова жанчына робіць націск, — Уладзімір срэдні быў, малады, пайшоў вучыцца, спасобны такі, хадавы хлопец! Часта прыязджаў к мацяры, забіраў яе к сабе...»

На развітанне Яніна Карлаўна папрасіла павіншаваць Уладзіміра Іванавіча з 80-годдзем ад імя землякоў-вяскоўцаў, перадаць яму, што яго памятаюць, ганарацца і ад усёй душы жадаюць здароўя і доўгіх гадоў жыцця.

...У пачатку вёскі ўзмахамі крылаў праважаюць тыя ж буслы-ахоўнікі. За ваколіцай, паабапал дарогі, раскінуліся абшары Айчыны.

Жытнёвае поле, лясы і азёры,

Крынічка ў лузе і ў небе жаўрук...

Услухайся толькі, усё тут гаворыць:

«Люблю цябе, Белая, Белая Русь!»

У адным з інтерв'ю Уладзімір Іванавіч сказаў: «Я не адчуваю так глыбока рускае слова. Беларускае для мяне больш тонкае, больш далікатнае. Афарбоўка ў яго больш эмацыянальная». Ён расказваў, што ў паездках у далёкае замежжа — В'етнам, Японію, Англію, ЗША, Бельгію, Канаду — яго часта прасілі пагаварыць на беларускай мове. І, што адметна, разумелі. «А мы ўпускаем сваё роднае... мяняем душу, мяняем характар. Не будзе ў нас мовы — не будзе і беларусаў. Застанецца адна пародыя на нацыю. Трэба ведаць уласную культуру, музыку, гісторыю, а асабліва — сваё роднае слова. Яно павінна быць святым».

Ну як не любіць тыя хаты за гаем

Ля сініх азёр і палёў залатых,

Дзе хлебам і соллю сяброў сустракаюць

І з песняй праводзяць, як родных сваіх!

Марына ВЕРАСЕНЬ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: «Не будзе ў нас мовы — не будзе і беларусаў»

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цяльцам не варта расслабляцца.

Адукацыя

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.