Вы тут

Пусціць слязу альбо замерці ў захапленні


У Мінску адкрылася выстава найлепшых журналісцкіх фотаработ свету.

Чырвоныя ібісы пралятаюць над затопленымі нізінамі, два браты жывуць у традыцыйнай кітайскай пячоры яўдоне і смяюцца з таго, што бачаць на ноўтбуку, адзінокі службіст ахоўвае выхад стадыёна імя Кім Ір Сэна, пакуль людзі чакаюць старту Пхеньянскага марафону... Выстава «World Press Photo — 2018» паказвае пераможцаў аднайменнага міжнароднага конкурсу, што кожны год ацэньвае работы фотажурналістаў з усяго свету, і яна, як заўсёды, фантастычная.


Экспазіцыя адкрылася 22 мая ў культурным цэнтры «Корпус» і аказалася здольнай справакаваць наведвальніка пусціць слязу альбо замерці ў захапленнні. Як звычайна, выстава World Press Photo становіцца беспрэцэдэнтным аглядам у прыватнасці мінулага года і ў цэлым сучаснага свету, які, бывае, адкрываецца ў татальна нечаканых з'явах, традыцыях і ракурсах.

Конкурс аднайменнай незалежнай арганізацыі, заснаванай у 1955 годзе ў Нідэрландах, выбірае найлепшыя здымкі ў тым ліку ў катэгорыях «Фотаздымак года» і «Пільныя навіны», якія пераўтвараюць сухія радкі альбо бясстрасныя рэпартажы, з якіх мы звычайна даведваемся актуальную інфармацыю, у твор мастацтва. Уласна, з такой вялікай колькасцю прафесійных работ журналістаў, якія працуюць у самых гарачых альбо самых пакутлівых кропках, наведвальнік можа зразумець, што насамрэч стаіць за безэмацыянальнымі паведамленнямі пра далёкія краіны.

Самай, здаецца, папулярнай тэмай сёлета сталі напады на мусульманскія вёскі народа Рахінджа ў М'янме, што адлюстравалася адразу ў некалькіх фотапраектах. Серыя фота з Канады паказвае бежанцаў у Бангладэш. На адным са здымкаў натоўп згаладалых людзей цягне рукі да грузавіка з гуманітарнай дапамогай. У другім праекце можна ўбачыць прыкрытыя целы рахінджа, што спрабавалі збегчы з М'янмы на лодцы, але пацярпелі караблекрушэнне. З больш чым ста чалавек жывымі засталіся сямнаццаць.

Уласна фотаздымкам года стала работа Раналду Шэміта, дзе паказаны адзін з пратэстоўцаў падчас антыўрадавых выступленняў у Каракасе, які ў сутычцы з праваахоўнікамі загарэўся з-за выбуху паліўнага бака матацыкла.

У «Пільных навінах» таксама прадстаўлены эпізоды барацьбы за Масул у Іраку. На адным са здымкаў адзінокая бабуля сядзіць на крэсле і глядзіць, як выкопваюць астанкі яе сваякоў з-пад разбуранага дома.

Конкурс World Press Photo таксама выбірае доўгатэрміновыя праекты, вядзе работу з тэмамі «Праблемы сучаснасці», «Прырода», «Людзі», «Спорт», «Навакольны свет». У гэтай частцы можна даведацца аб прасаванні грудзей у Камеруне, што робіцца дзеля прадухілення згвалтавання і сексуальных дамаганняў да дзяўчат. Уявіць праблему прастытуцыі ў Расіі, дзе рэальная лічба задзейнічаных у гандаль целам значна перавышае афіцыйную. Паглядзець на дзяўчат-падлеткаў, якіх радыкальная ісламісцкая арганізацыя «Боко харам» у Нігерыі выкрадае, вымушаючы стаць смертніцамі (гераіням фотапраекта ўдалося збегчы).

Нарэшце, экспазіцыя World Press Photo паказвае прытулак для сланянят-сірот на поўначы Кеніі, як пінгвін-скалалаз скача праз расколіну, а белагаловы арлан, некалі блізкі да знікнення, сілкуецца ў смеццевым баку ля супермаркета ў амерыканскім штаце Аляска. Альбо неверагоднае відовішча, як безліч чырвоных ібісаў ляціць над затопленымі нізінамі на паўночным узбярэжжы Бразіліі.

Выстава World Press Photo праходзіць у Мінску пяты раз і трэці з іх арганізоўваецца культурніцка-адукацыйным цэнтрам «ЦЭХ». Беларусь становіцца адной з 45 краін, што ў сваіх гарадах паказвае пераможцаў найпрэстыжнейшага ў сваёй галіне конкурсу. Экспазіцыя ў культурным цэнтры «Корпус» будзе працаваць да 12 чэрвеня. Упершыню апроч сталіцы выставу паказалі таксама ў Гродне.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Больш здымкаў з выставы World Press Photo месціцца тут.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».