Вы тут

Што ўяўляе сабой адзін з аб'ектаў ІІ Еўрапейскіх гульняў


«Чыжоўка-Арэна» — другая па велічыні пасля «Мінск-Арэны» лядовая пляцоўка краіны, яна была пабудавана да чэмпіянату свету па хакеі 2014 года і прыняла 30 матчаў гэтага турніру, у тым ліку два чвэрцьфіналы. Комплекс падыходзіць не толькі для прафесійных спартсменаў, ён з'яўляецца выдатным месцам для актыўнага адпачынку і забаў.


Так вы­гля­дае арэ­на пад­час пра­вя­дзен­ня тэ­ніс­ных па­ядын­каў.

Не толькі дом хакея

Шматфункцыянальны культурна-спартыўны і забаўляльны комплекс размешчаны ў маляўнічым месцы на тэрыторыі парку імя 900-годдзя Мінска. У аснове праекта архітэктара Марата Гроднікава — вобраз дзвюх кропель вады, якія перацякаюць адна ў адну: сучасны будынак са шкла і металу гарманічна ўпісваецца ў прыродны ландшафт Чыжоўскага вадасховішча.

У маштабны комплекс, пабудаваны з улікам сусветнага вопыту і стандартаў Міжнароднай федэрацыі хакея, уваходзяць вялікая арэна (агульная плошча 39 073,27 м2), малая арэна (19 452 м2) і злучальная зона (9 344 м2), дзе знаходзіцца цэнтр адпачынку і забаў.

Вялікая арэна выкарыстоўваецца для правядзення хакейных турніраў і буйных матчаў, спаборніцтваў па фігурным катанні і шорт-трэку, пры неабходнасці трансфармуецца ў пляцоўку для гульнявых відаў спорту, адзінаборстваў, цяжкай атлетыкі і гімнастыкі, а таксама выставак, канцэртаў і шоу.

Лядовая пляцоўка (30х60 м) з бартавой сістэмай, якая плавае, спраектавана па ўзоры большасці арэн клубаў Нацыянальнай хакейнай лігі. Дзякуючы бартам, якія амартызуюцца, паніжана рызыка траўмавання гульцоў. Умяшчальнасць трыбун вялікай арэны — 8807 чалавек, акрамя таго, паміж партэрам і верхнім узроўнем знаходзяцца 43 VІР-ложы на 500 месцаў.

У вялікай арэне акрамя сямі раздзявалак і экіпіровачнага цэнтра ёсць станцыя антыдопінгавага кантролю і пункт першай дапамогі.

Малая арэна прызначана для прафесійных трэніровак і спаборніцтваў спартсменаў, а таксама масавага катання на каньках. Акрамя лядовай пляцоўкі і 15 раздзявалак, яна змяшчае аднаўленча-аздараўленчы цэнтр (з трыма саўнамі), дзве спартыўныя залы і адміністрацыйныя памяшканні.

Шматфункцыянальнасць і сучаснасць

Афіцыйна арэна адкрылася 25 снежня 2013 года. Яна стваралася як максімальна камфортны аб'ект для спартсменаў і гасцей. Адна з архітэктурных навінак у тым, што гледачы могуць трапіць на верхні ўзровень, не праходзячы ніжні, а ўваход на трыбуны даступны з першага і чацвёртага паверхаў. Для людзей з абмежаванымі магчымасцямі прадугледжаны спецыяльны ліфт.

У будынку прыменена ўнікальная сістэма кандыцыянавання: свежае паветра падаецца пад рады на трыбунах, што дазваляе захоўваць цяпло ў глядзельнай зале.

Гандбол, тэніс, валейбол, барацьба, змешаныя адзінаборствы, мастацкая гімнастыка — гэта няпоўны спіс відаў спорту, якія знаходзілі свой дом у сценах «Чыжоўка-Арэны». У 2017 годзе тут адбыўся турнір па боксе памяці заслужанага трэнера Беларусі Уладзіміра Батвінніка, які сабраў больш за сотню байцоў з васьмі краін. Нядаўна лёд быў ператвораны ў тэнісны корт і арэна ўжо стала тэніснай пляцоўкай, дзе прайшлі матчы Кубка Федэрацыі, у тым ліку фінал.

Для спартсменаў, журналістаў і балельшчыкаў будзе ўсё

Плануецца, што тут у час ІІ Еўрапейскіх гульняў у чэрвені 2019 года пройдуць спаборніцтвы па дзюдо і каратэ. Для гэтага будуць задзейнічаны тры галоўныя пляцоўкі: вялікая, малая і ўніверсальная гульнявая зала. Апошняя, хутчэй за ўсё, стане разміначна-трэніровачнай зонай, самі спаборніцтвы адбудуцца на вялікай і малой арэнах.

Што датычыцца пунктаў грамадскага харчавання для гледачоў, то іх у комплексе дастаткова. Для балельшчыкаў Еўрапейскіх гульняў будуць працаваць больш за 20 пунктаў продажу ежы. Ёсць рэстаран на вялікай арэне і кафэ на малой. Яшчэ некалькі перасовачных пунктаў харчавання выставяць у фае. Пры неабходнасці іх колькасць можа быць павялічана.

Не адчуюць сябе абдзеленымі на Гульнях і прадстаўнікі СМІ. Да іх паслуг будзе выдзелены вялікі прэс-цэнтр больш чым на 100 пасадачных месцаў.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Арэна сучаснасці і будучыні

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.