У экспазіцыі 23 фотаздымкі, на якіх выхаванцы Асіповіцкай дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату. Кампанію для фота ім склалі прадстаўнікі розных прафесій ад прыбіральшчыцы да машыніста цягніка, а таксама вядомыя беларускія артысты і спартсмены.
Сярод іх выканаўцы Анатоль Ярмоленка, Аляксандр Саладуха, Аляксей Хлястоў, Анастасія Ціхановіч, Іван Вабішчэвіч, харэограф Дзмітрый Пуйша, хакеіст Андрэй Касціцын і баскетбалістка Алена Леўчанка. Убачыць кранальныя чорна-белыя здымкі з моцным эмацыянальным пасылам можна ў апошнія дні мая на тэрыторыі Верхняга горада.
Прапанавалі стварыць фотавыстаўку валанцёры руху «Патрэбныя людзі». Праца над праектам вялася на працягу трох месяцаў, усе здымкі зрабіў фатограф Аляксандр Вафік. Актыўна падтрымалі ініцыятыву і прадстаўнікі адміністрацыі Цэнтральнага раёна сталіцы. На адкрыцці чырвоную стужку перарэзалі кіраўнік валанцёрскага руху «Патрэбныя людзі» Вікторыя КРУТ і кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна г. Мінска Ігар БУЗОЎСКІ.
— Такога роду ініцыятывы ўзнікаюць дзякуючы неабыякавым людзям. Такіх у нашым грамадстве нямала, і гэта радуе. Толькі ўсе разам мы зможам вырашаць існуючыя праблемы і дапамагаць дзецям з асаблівасцямі развіцця. Прычым не эпізадычна, а пастаянна, — падкрэсліў кіраўнік раёна.
Падчас праекта дзеці паспелі не толькі пафатаграфаваць, але і пагутарыць з цікавымі асобамі, а таксама апынуцца на значных аб'ектах, напрыклад у «Мінск-Арэне» і музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Мяркуецца, што такі досвед у будучыні дапаможа ім прасцей адаптавацца да ўмоў гарадскога асяроддзя, а саміх гараджан навучыць успрымаць людзей па-за залежнасцю ад іх асаблівасцяў.
Дар'я КАСКО
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.