Вы тут

Завяршаецца рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне


Да завяршэння рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэсціраванне засталіся лічаныя дні. 1 чэрвеня ў 19 гадзін пункты рэгістрацыі закрыюцца. Усе каналы сувязі па аплаце ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні і адзіны банк даных удзельнікаў ЦТ будуць закрыты. Таму тым, хто яшчэ не знайшоў час, каб запасціся пропускамі на ЦТ, варта паспяшацца.


Як расказаў журналісту "Звязды" дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый МІКСЮК, на вечар панядзелка свой намер удзельнічаць у цэнтралізаваным тэсціраванні аформілі ўжо каля 70 тысяч абітурыентаў. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года адставанне складае прыблізна 6 тысяч чалавек. Традыцыйна самай масавай дысцыплінай на ЦТ будзе руская мова — на яе зарэгістраваліся ўжо 56,5 тысячы чалавек. Для параўнання: беларускую мову выказалі жаданне здаваць 21,2 тысячы абітурыентаў. Другой па папулярнасці дысцыплінай будзе матэматыка (38,2 тысячы). На фізіку аформлена ўжо 21,5 тысячы пропускаў, на біялогію — 23,2 тысячы, на англійскую мову — 23,6 тысячы.

18,8 тысячы абітурыентаў ужо зарэгістраваліся на ЦТ па гісторыі Беларусі, пры гэтым здаваць гісторыю на роднай мове будуць толькі 6,3 працэнта ад агульнай колькасці тых, хто прайшоў рэгістрацыю.

Трэба заўважыць, што ў абітурыентаў ужо другі год ёсць права здаваць на ЦТ чатыры дысцыпліны замест трох. Юрый Міксюк паведаміў, што на кожнага абітурыента прыпадае ў сярэднім 3,4 тэста. Хтосьці вырашыў здаваць і рускую, і беларускую мову, каб потым выбраць лепшы з двух сертыфікатаў.

У некаторых ВНУ ўжо цалкам запоўніліся месцы, выдзеленыя для праходжання абітурыентамі цэнтралізаванага тэсціравання па тых ці іншых прадметах. Напрыклад, у БДПУ ўжо немагчыма трапіць на рускую мову, біялогію і гісторыю Беларусі. Але аўтаматызаваная сістэма рэгістрацыі працуе па прынцыпе "аднаго акна": сама шукае свабодныя пасадачныя месцы і падказвае рэгістратару, у якіх навучальных установах можна здаць тыя ці іншыя прадметы. Асабліва гэта актуальна для сталіцы.

Да завяршэння рэгістрацыі, гэта значыць да 1 чэрвеня, у абітурыента ёсць права змяніць "камплект" экзаменацыйных дысцыплін. Для гэтага трэба звярнуцца ў пункт рэгістрацыі з пропускам па тым прадмеце, які трэба замяніць, і аформіць пропуск для ўдзелу ў ЦТ па іншай дысцыпліне. У выпадку страты пропуска на ЦТ таксама трэба звяртацца ў пункт рэгістрацыі, каб атрымаць яго дублікат.

Калі па ўважлівай прычыне ў абітурыента не будзе магчымасці прыняць удзел у тэсціраванні ў асноўныя дні, ён зможа зрабіць гэта ў рэзервовыя (6, 8 і 10 ліпеня). Рэгістрацыя — з 30 чэрвеня па 3 ліпеня. Але да здачы тэст-іспытаў у рэзервовы дзень будуць дапушчаны толькі тыя абітурыенты, якія зарэгістраваліся ў вызначаныя тэрміны (гэта значыць, з 2 мая па 1 чэрвеня) і змогуць даказаць, што ў іх былі сур'ёзныя прычыны для пропуску экзамену.

Традыцыйна з 1 чэрвеня ў Міністэрстве адукацыі пачне працаваць гарачая лінія для абітурыентаў. З пытаннямі па правядзенні ўступнай кампаніі можна будзе звярнуцца па тэлефоне (8 017) 222 43 12 і атрымаць кваліфікаваны адказ ад спецыяліста з першых вуснаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».