Вы тут

Як работнікі ААТ «Камволь» праходзілі дыспансерызацыю


Слова «дыспансерызацыя» работнікаў ААТ «Камволь» відавочна не палохае. Да 9 гадзін раніцы, калі ў здраўпункце прадпрыемства павінны былі з'явіцца медыкі 11-й гарадской паліклінікі г. Мінска, у калідоры сабралася нават невялікая чарга. «Нікога не прымушаем, усе прыходзяць добраахвотна», — тлумачыць намеснік генеральнага дырэктара Алена Пляскова. Карэспандэнты «Звязды» паназіралі, як праходзіць гэта медыцынская акцыя на буйным тэкстыльным прадпрыемстве.


Здаць аналіз крыві, зрабіць электракардыяграму, атрымаць кансультацыю тэрапеўта і акушэра, а таксама парады па здаровым ладзе жыцця — гэта можна зрабіць, не пакідаючы вытворчых карпусоў. Усім ахвотным, у прыватнасці, можна ацаніць ступень рызыкі смяротнага выпадку ад сардэчна-сасудзістых хвароб у наступныя 10 гадоў, якая вызначаецца па табліцы SСОRЕ з улікам полу, узросту, акружнасці таліі, узроўню халестэрыну і іншых паказчыкаў.

— Добра, што ёсць магчымасць прайсці такі агляд, — кажа кантралёр тэхналагічнага працэсу Соф'я Гурская, якая працуе на прадпрыемстве 42 гады. — Да паліклінікі не заўсёды ёсць час дайсці, калі ўвесь дзень на працы. Было б добра, калі б да нас прыходзілі і спецыялісты вузкай накіраванасці, напрыклад гінеколагі.

— Гэтыя пытанні вырашальныя, — рэагуе Алена Пляскова. — Будзем дамаўляцца з паліклінікай, каб або да нас прыходзілі ўрачы, або выдзелілі пэўныя часы для прыёму нашых работнікаў.

Жанчыны ў чаканні медыкаў прыгадваюць, што калісьці цяперашняя 11-я паліклініка належала камбінату, а ўрачы рэгулярна наведваліся ў вытворчыя цэхі. Прадстаўніц прыгожай паловы на прадпрыемстве, дарэчы, пераважная большасць — тры чвэрці, што, уласна, відаць і па тых, хто прыйшоў на агляд, — у чарзе няма ніводнага мужчыны. Многія работніцы аддалі «Камволю» не адно дзесяцігоддзе.

— Частка нашых работнікаў працуе ў шкодных умовах — гэта пастаянныя шум і пыл. Таму і на пенсію ідуць раней, жанчыны — у 50 гадоў. Але многія выказваюць жаданне застацца працаваць, і мы ідзём насустрач. Праўда, паступова калектыў амалоджваецца, сёлета да нас прыйшло больш за 60 маладых спецыялістаў, — тлумачыць Алена Пляскова.

Дыспансерызацыя ўключае прафілактычныя медыцынскія агляды і даследаванні. Яе мэта — як мага раней выявіць захворванні і фактары рызыкі, каб скарэктаваць лад жыцця ці хутчэй пачаць лячэнне і аблегчыць ход хваробы і стан пацыента.

— Рэгулярнае праходжанне дыспансерызацыі неабходна ўсім людзям, незалежна ад стану здароўя, — тлумачыць галоўны ўрач 11-й гарадской паліклінікі Наталія АМЕЛЬЯНОВІЧ. — Нават калі людзі лічаць сябе здаровымі, падчас дыспансерызацыі ў іх нярэдка выяўляюцца небяспечныя неінфекцыйныя хваробы, лячэнне якіх найбольш эфектыўна на ранняй стадыі. Даводзілася чуць меркаванне, што гэта мерапрыемства праводзіцца фармальна і мала што дае. Тым не менш ахвотных прайсці бясплатна прафілактычныя агляды і атрымаць кансультацыі ўрача становіцца ўсё больш. Але пацыенты выказваюць заўвагі, што ў паліклініцы або немагчыма прайсці агляд за адзін дзень, або вялікія чэргі да пэўнага спецыяліста. Таму мы арганізоўваем выхады ўрачоў на прамысловыя прадпрыемствы і ў інтэрнаты, размешчаныя на тэрыторыі абслугоўвання нашай паліклінікі. Калі ласка, прыходзьце, здавайце аналізы, атрымлівайце кансультацыю і пры неабходнасці — накіраванне да вузкага спецыяліста.

Вынікі першага дня працы медыкаў на ААТ «Камволь» пацвярджаюць словы Наталіі Амельяновіч: некаторым работнікам рэкамендавана звярнуцца да спецыялістаў, каб прайсці больш паглыбленае абследаванне ці атрымаць лячэнне. У 11 работнікаў з 35 выявілі павышаны ціск, прычым у двух — упершыню, тром жанчынам па выніках агляду малочных залоз рэкамендавана прайсці мамаграфію, трох па выніках ЭКГ накіравалі на кансультацыю да ўрача-кардыёлага, у аднаго з агледжаных выяўлены высокі ўзровень цукру ў крыві.

— Нездарма дыспансерызацыя праводзіцца пад дэвізам «Дапамажыце нам дапамагчы вам», — кажа Наталія Амельяновіч. — Звяртаць увагу і прыслухоўвацца да свайго арганізма трэба пастаянна. І нават з нязначнымі на ваш погляд праблемамі важна звяртацца да ўрача, каб не запускаць хваробу, а своечасова пачаць лячэнне.

Алена КРАВЕЦ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Усе — на дыспансерызацыю!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».