Вы тут

Як не нашкодзіць шчытападобнай залозе?


Летась у Беларусі зарэгістравана 324 тысячы хворых з паталогіямі шчытападобнай залозы. Анкалогію штогод выяўляюць у 1100 пацыентаў. Як часта трэба абследаваць залозу, якая ўплывае на работу ўсяго арганізма? Якія прадукты і прэпараты яна не любіць? Чым дапамагла нам ёдная прафілактыка і хто пасля чарнобыльскай катастрофы дагэтуль у групе рызыкі?


Колькасць захворванняў расце

Паталогіі шчытападобнай залозы ў структуры захворванняў эндакрыннай сістэмы ва ўсім свеце знаходзяцца на другім месцы пасля цукровага дыябету. У нашай краіне агульная захваральнасць шчытападобнай залозы на працягу апошняга дваццацігоддзя паступова зніжаецца. Адбываецца гэта за кошт змяншэння самага простага захворвання — нетаксічнага валляка. За 20 гадоў яго колькасць знізілася ў чатыры разы. (Дасягнуць гэтага ўдалося дзякуючы мерапрыемствам, якія праводзіліся пасля чарнобыльскай катастрофы, у прыватнасці, масавай ёднай прафілактыцы.) Колькасць жа астатніх паталогій пакуль працягвае істотна расці.

Паводле інфармацыі намесніка галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння Вольгі САЛКО, значны рост дэманструе гіпатырэоз — стойкі дэфіцыт гармонаў шчытападобнай залозы ў арганізме з-за зніжэння яе функцыі. За апошнія 20 гадоў у дарослых ён вырас у восем разоў, у дзяцей — у 16. Павышаецца і колькасць аўтаімунных хвароб, у прыватнасці гіпертырэозу, або дыфузна-таксічнага валляка. Павялічваецца колькасць пацыентаў з вузлавым валляком — у чатыры разы за два апошнія дзесяцігоддзі, а таксама розных формаў тыраідытаў — у два разы.

Пры гэтым Беларусь зусім не на першым месцы ў свеце па колькасці паталогій шчытападобнай залозы. Лідарамі з'яўляюцца ЗША, Паўднёвая Карэя і Францыя.

Дзве апошнія краіны маюць вялікую колькасць атамных станцый, а ЗША праводзілі наземныя выпрабаванні ядзернай зброі. Узровень захваральнасці ў нас прыкладна такі ж, як у Польшчы і Германіі.

Прагнозы ў лячэнні станоўчыя

Паводле даследаванняў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, пасля чарнобыльскай катастрофы адбыўся ўсплёск анкалогіі толькі адной лакалізацыі — шчытападобнай залозы. Адбылося гэта ў рэгіёнах, забруджаных радыёнуклідамі. З 1992 года ў Беларусі працуе Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр пухлін шчытападобнай залозы. І ў апошнія гады, паводле слоў загадчыка кансультатыўна-дыягнастычнага аддзялення тыроіднай паталогіі Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера Таццяны ЛЯВОНАВАЙ, захваральнасць застаецца на адным узроўні. Штогод у 1100 пацыентаў упершыню выяўляецца рак шчытападобнай залозы, сярод іх прыкладна 35 дзяцей, у якіх хвароба ўзнікае, хутчэй за ўсё, выпадкова. А 22 тысячы беларусаў стаяць на ўліку пасля хірургічнага ўмяшання па прычыне анкалогіі.

— За апошнія 20 гадоў колькасць выпадкаў захворвання на рак шчытападобнай залозы вырасла ў два разы ва ўсім свеце, — кажа Таццяна Лявонава. — У першую чаргу гэта звязана з тым, што наладжана сістэма дыягностыкі і павысілася выяўляльнасць. Любы спецыяліст — эндакрынолаг, анколаг — накіроўвае пацыента, калі ёсць прыкметы злаякаснага працэсу, на дадатковае абследаванне і аперацыю. Пухліна шчытападобнай залозы, якая сама па сабе мае форму матылька, не ўплывае на працягласць жыцця, а прагнозы ў яе лячэнні вельмі станоўчыя.

— Радыяцыйна індуцыраваныя формы раку малаагрэсіўныя, — дадае загадчык кафедры эндакрыналогіі БелМАПА Ларыса ДАНІЛАВА. — Усе баяцца раку, але мала хто ведае, што пасля 40 гадоў 75 % людзей маюць вузлавыя ўтварэнні шчытападобнай залозы, а ў некаторых папуляцыях гэта лічба дасягае 80 %. І толькі 5 % з іх — злаякасныя. Вузлавыя ўтварэнні ў дзіцяці павінны насцярожваць, а ў жанчыны пасля 50 гадоў — гэта нармальная з'ява.

Каму, дзе і як абследавацца

Спецыялісты не вітаюць масавых абследаванняў шчытападобнай залозы. Ультрагукавую дыягностыку не трэба рабіць усім запар. На абследаванне павінен накіраваць урач, калі бачыць нейкія змяненні. Маніторынг рэкамендуецца праводзіць толькі пэўным групам рызыкі. У прыватнасці, дзецям, калі ў іх раней выяўлялася паталогія залозы ці калі яны адстаюць у росце. А таксама тым, хто на момант чарнобыльскай аварыі быў дзіцем да 18 гадоў. Не лішне праверыцца і тым, у каго блізкія сваякі аперыраваліся па прычыне раку шчытападобнай залозы. Раз на два гады ў такім выпадку трэба праходзіць ультрагукавую дыягностыку. Тое самае датычыцца і праверкі гармонаў або тыроіднага статусу. У прыватнасці, яна неабходная жанчынам, якія мелі сур'ёзныя гінекалагічныя аперацыі.

— Канешне, калі гаворка ідзе пра дзіця ці жанчыну рэпрадуктыўнага ўзросту, тут паказчыкі тыроіднага статусу павінны быць ідэальнымі, калі гаворка ідзе пра немаладога пацыента, то мэты тыроіднага статусу зусім іншыя, — тлумачыць Ларыса Данілава.

У Беларусі пабудаваная дакладная сістэма выяўлення хвароб шчытападобнай залозы. На пярвічным узроўні, а гэта гарадскія і раённыя паліклінікі, ёсць усе ўмовы для маніторынгу: УГД-дыягностыка і гарманальныя абследаванні.

Часцей за ўсё хворыя спыняюцца на гэтым узроўні і назіраюцца ў эндакрынолага. Калі неабходная пункцыйная біяпсія шчытападобнай залозы, хворага накіроўваюць на наступны — міжраённы, гарадскі, абласны ці рэспубліканскі ўзровень, дзе мэтанакіравана дыягнастуюць вузлавыя паталогіі і вырашаецца пытанне аб хірургічным умяшанні.

Чаго яна не любіць

Для гэтай эндакрыннай залозы важнае здаровае харчаванне. Аднак захапляцца салатай з марскіх водарасцяў не варта, бо лішак ёду таксама неспрыяльны для шчытападобнай залозы. Тое, што на яе дрэнна ўплываюць капуста і жамчужнае проса, — вялікі міф. Грэцкія арэхі ў цэлым карысныя для нашага арганізма, але ёд з іх у шчытападобную залозу не паступае, таксама як ён не паступае і з марскога паветра. А вось што сапраўды шкодзіць нашай шчытападобнай залозе, дык гэта курэнне, дэфіцыт бялку, антыбіётыкі і сульфаніламідныя прэпараты. А таксама так званыя эндакрынныя дызраптары — пестыцыды, гербіцыды, фталаты і іншыя рэчывы, якія, трапляючы з асяроддзя ў арганізм, звязваюцца з рэцэптарамі гармонаў і парушаюць работу шчытападобнай залозы. Часта парушэнні функцыі шчытападобнай залозы маюць людзі, хворыя на цукровы дыябет ці ў стане, які яму папярэднічае. Таму важна сачыць за сваёй вагой і прадуктамі, якія ўжываеце.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Эфект «матылька»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?