Вы тут

Колькі вёсак за дзень можа абслужыць мотадастаўка?


Звычайна паштальёны абходзяць маршрут пешшу ці аб'язджаюць на веласіпедзе. Але ў сельскай мясцовасці куды зручней перасоўвацца на машыне: па-першае, адзін работнік можа ахапіць больш населеных пунктаў, па-другое, прасцей дастаўляць тавары (усё ж такі багажнік аўто змяшчае больш, чым сумка). Менавіта таму пошта развівае мотадастаўку. Напрыклад, у Лагойскім раёне такі від абслугоўвання працуе на трох маршрутах. Мы праехаліся разам з работнікам аддзялення Пятром САЕВІЧАМ і паглядзелі, колькі можна паспець за дзень.


У не­ка­то­рыя вёс­кі за­яз­джа­ем дзе­ля ад­ной га­зе­ты.

Пётр Міхайлавіч — адзін са «старажылаў» Лагойскай пошты. Працуе тут з 1992 года. Спачатку быў проста кіроўцам, а апошнія сем гадоў — кіроўцам-паштальёнам. Прызнаецца, што адразу было крыху складана навучыцца распісваць газеты, а астатнія абавязкі лёгка асвоіў.

Прафесію мужчына выбраў па прыкладзе бацькі.

— Ён у саўгасе працаваў кіроўцам, — расказвае суразмоўнік. — Я з трох гадоў з ім ездзіў. Садка ж у вёсцы не было, бацька і браў мяне з сабой у машыну. Там і паспіш, і паабедаеш. У дарозе ўсё было смачна: сухарыкі, хлеб з салам. Так і прывучыўся. Брат мой таксама кіроўцам стаў — можна сказаць, дынастыя.

Сам Пётр Саевіч пасля арміі шэсць гадоў працаваў у Мінску ў аўтобусным парку. Потым уладкаваўся ў будаўнічую арганізацыю. Але калі зрабілі аперацыю на руцэ і забаранілі падымаць цяжкасці, перавёўся на пошту. Чаму прамяняў сталіцу на райцэнтр? У Мінску тады не было перспектывы пабудаваць кватэру, давалі толькі месца ў інтэрнаце. Пятра Міхайлавіча, які якраз ажаніўся, такі варыянт не задавальняў — з дзецьмі будзе цесна. Вось і купіў дом у Лагойску. Тым больш што гэтыя мясціны для яго родныя: мужчына родам з вёскі Прудзішча Лагойскага раёна.

Службовае «пежо» ўжо загружана — час адпраўляцца на маршрут. Сёння гэта 26 вёсак, дзе трэба раскідаць газеты, перадаць некалькі лістоў і пасылку. Плюс яшчэ сабраць у Лагойску лісты са скрыняў і ў двух банках прыняць дакументацыю. Усяго — 133 кіламетры. У некаторыя дні, калі трэба заехаць у аддаленыя населеныя пункты, кіламетраж можа дасягаць і 160—170.

Раней, каб ахапіць гэты ўчастак, патрэбна было пяць-шэсць «пешых» паштальёнаў, а цяпер спраўляецца адзін на аўто. За тым, каб кіроўца не адхіляўся ад маршруту і не прапусціў ніводнага адрасата, сочыць сістэма навігацыі.

Ла­ры­са Паў­ла­ва з вёс­кі Зя­лё­ны Сад аплач­вае праз пош­ту «ка­му­нал­ку» і за­каз­вае праль­ны па­ра­шок.

У дарозе любуемся прыродай навокал. І крыху зайздросцім паштальёну: такое хараство бачыць штодзень!

— Лагойшчына — прыгожыя мясціны, — пагаджаецца з намі загарэлы Пётр Міхайлавіч. — А на маім папярэднім маршруце, дзе вёскі Алешнікі, Моладзі, яшчэ лепш: адны ўзгоркі. Там, дарэчы, самыя грыбныя мясціны. Калі сезон пачынаецца, не праехаць. Машын мора, усе з'езды на абодвух баках дарогі занятыя.

Мужчына заўважае: кожная пара года цікавая па-свойму. «Узімку едзеш, глянеш на ўзбочыну — след на снезе: нехта са звяроў прайшоў уночы».

У слядах Пётр Міхайлавіч разбіраецца — ён паляўнічы са стажам. З лістапада і да канца студзеня прападае ў лясах. Жартуе, што палюе на ўсё, што бегае. У асноўным на зайца, а калі адкрываецца загоннае паляванне, то і на лася, кабана, казулю.

Паштальён глушыць машыну. У некаторыя вёскі, напрыклад Малінаўку, ён заязджае толькі дзеля адной газеты. Апускаем яе ў скрыню і рушым далей. Самыя напружаныя дні, па назіраннях мужчыны, — серада і субота. У гэты час выходзяць многія штотыднёвікі, таму развезці прэсы трэба ўдвая больш, чым звычайна.

На панэлі аўто ляжаць маленькія паперкі, змацаваныя сашчэпкай. «Гэта шпаргалачкі з прадуктамі, — тлумачыць кіроўца. — Я папярэдне запісваю, каму якія тавары патрэбны, каб наступны раз прывезці. Звычайна просяць муку, цукар, алей, макарону, камбікорм для курэй. У многіх мой тэлефон запісаны — звоняць, заказваюць».

Пётр Са­евіч уру­чае ліст мяс­цо­вай жы­хар­цы.

Людзі ўвогуле прывязваюцца да паштальёна. Пётр Міхайлавіч успамінае, што, калі тры гады таму яго перавялі на новы маршрут, пенсіянеры з папярэдняга ўчастка тэлефанавалі ў аддзяленне, прасілі вярнуць іх кіроўцу.

У вёсцы Зялёны Сад, калі падыходзім да аднаго з дамоў, першым нас заўважае сабака. Ускоквае на будку і сустракае гучным брэхам.

— Малайчына, хлеб адпрацоўвае, — усміхаецца Пётр Міхайлавіч.

Пачуўшы нас, з агарода паказваецца гаспадыня. Сёння для яе толькі газета. Але Ларыса Паўлава расказвае, што ў дзень, калі атрымлівае пенсію, адразу ж аплачвае праз пошту камунальныя паслугі, часта заказвае тавары.

— Пральны парашок, цукар, — пералічае жанчына. — У нас тут магазіна няма, толькі аўтакрама прыязджае.

— А на пошце некаторыя прадукты нават таннейшыя, — дадае мужчына. І ўспамінае, як на мінулым маршруце за жнівень дзве тоны цукру прадаў: — Яго шмат бралі на падкормку пчолам. У той мясцовасці іх многія трымаюць, па 30—40 вулляў на пасеках стаіць.

Цу­кар — адзін з са­мых за­па­тра­ба­ва­ных та­ва­раў на вёс­цы.

Далей едзем перадаць пару лістоў. Аднаму мужчыну — паведамленне з работы, іншаму — ад натарыуса. І зноў за руль.

— Цяпер дарога нармальная, а ўзімку і ўвосень па вёсках складана бывае праехаць, — прызнаецца кіроўца. — Калі «Хаўер» быў, да аднаго сяла два тыдні дабрацца не мог. Памятаю, калі дарогу нарэшце пачысцілі, гурбы на ўзбочынах былі вышэйшыя за машыну. Добра, бабка ў той вёсцы яшчэ раней накупіла мукі і алею. Хлеба ўжо не засталося ў яе, адны бліны ела. Радавалася майму прыезду, на ўсялякі выпадак набрала прадуктаў паболей.

На рабоце Пётр Міхайлавіч з сямі раніцы да чатырох дня. А па вечарах і на выхадныя звычайна працуе на прысядзібным участку: як-ніяк 12 сотак зямлі. У мінулую нядзелю вось дзьмухаўцовы сенакос на цэлы дзень быў. Жонка паштальёна — былы дыспетчар МНС — ужо на пенсіі.

«Як нарадзіўся ўнучак, дык яна адразу пайшла на заслужаны адпачынак», — смяецца Пётр Міхайлавіч.

Ён увогуле шмат усміхаецца. Быццам і не стамляецца за дзень за рулём.

— За столькі гадоў прывык. Ужо хутка мемуары можна пісаць: 40 гадоў дарога перад вачыма. Будзе што на пенсіі ўспомніць.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Лагойскі раён

Загаловак у газеце: Адзін за пяцярых

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.