Вы тут

Аляксандр Лукашэнка і Ван Цішань абмеркавалі сітуацыю ў свеце


Даверныя асабістыя кантакты паміж кіраўніцтвам Беларусі і Кітая з кожнай новай сустрэчай на высокім узроўні толькі мацнеюць. Плануецца, што ўжо ў чэрвені адбудзецца візіт Прэзідэнта Беларусі ў Кітай, горад Цындаа, дзе пройдзе саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, на палях якога плануецца сустрэча кіраўніка беларускай дзяржавы са Старшынёй Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпінам. Таму прыезд другой асобы ў іерархіі КНР — намесніка старшыні КНР Ван Цішаня ў нашу краіну з трохдзённым візітам выглядае цалкам лагічна.


Як і сустрэча высокага госця з Прэзідэнтам Беларусі ў нефармальнай абстаноўцы: так вітаюць самых блізкіх і паважаных сяброў. У загараднай рэзідэнцыі кіраўніка нашай дзяржавы Ван Цішань падзяліўся ўражаннямі ад наведвання Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» і высока ацаніў перагаворы, якія прайшлі ва ўрадзе Беларусі. Пасля Аляксандр Лукашэнка і Ван Цішань наведалі мясцовую крыніцу і ў чайным доміку за кітайскай гарбатай з беларускім варэннем абмеркавалі сітуацыю ў свеце і міжнародныя адносіны.

Размова ж аб двухбаковых адносінах прадоўжылася за вячэрай у беларускім стылі. Госцю прапанавалі дранікі, беларускія пельмені і качку. А на дэсерт Прэзідэнт пачаставаў высокага госця сваёй фірменнай стравай — тварожнымі батончыкамі з марожаным і клубніцамі. Выбар страў, якія падаваліся на вячэры, быў зроблены па кітайскай традыцыі, але з беларускім каларытам. Напрыклад, замест вядомых у Кітаі пельменяў з рысавай мукі прыгатавалі беларускія з пшанічнай.

Лагічна такая «цёплая» актывізацыя кантактаў глядзіцца і на фоне планаў, якія раней агучваліся беларускім бокам: да сярэдзіны гэтага года павінны павялічыцца пастаўкі беларускай малочнай і мясной прадукцыі. Кірыл Руды, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кітаі, адзначае, што ў канцы мінулага года былі падпісаны кантракты на пастаўку ў КНР беларускай малочнай і мясной прадукцыі на $114 млн, і цяпер іх жыццёва важна паспяхова рэалізаваць. «У 2017 годзе былі пастаўкі на $15 млн, у 2016-м — на $5 млн. Калі мы рэалізуем прадукцыі на $114 млн, гэта будзе прарыў», — лічыць ён.

У студзені — красавіку 2018 года экспарт беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання сапраўды паказаў рост: $5,6 млн, або 133,2 % да адпаведнага перыяду мінулага года. Да таго ж днямі Беларусь адправіла першую прамысловую партыю ялавічыны ў Кітай, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Аляксей Багданаў. «Акрамя таго, ужо закантрактаваная і ў найбліжэйшы час адправіцца кітайскаму спажыўцу зборная партыя малочнага грузу — сыры, глазураваныя сыркі, пакетаванае малако і тварожная паста. Таксама кітайская кампанія «Валоша» рыхтуецца заключыць кантракты з беларускімі птушкафабрыкамі», — дадаў ён.

З 2013-га амаль кожны год Кітай уваходзіць у тройку найбуйнейшых знешнегандлёвых партнёраў нашай краіны. Звычайна самымі прыбытковымі артыкуламі беларускага экспарту ў Кітай (па даных за 2016 год) з'яўляюцца калійныя ўгнаенні, поліаміды і лён. І тое, што зараз наменклатура паставак пашыраецца — безумоўна станоўчы факт. Галоўнае, калі ў  нас зараз так удала складваюцца адносіны, своечасова трапіць на гэтую «хвалю» і скарыстацца магчымасцю стаць патрэбнымі кітайскаму рынку.

Вераніка ПУСТАВІТ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: У падмурку адносін — давер і сяброўства

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».