Вы тут

Алегорыі за межамі рэальнасці


Падчас першай хвалі рэпрэсій, у 1930 годзе, выйшла кніга Янкі Маўра «Слёзы Тубі». У гэтым выданні не было «жудасных» белапалякаў і кулакоў, шпіёнаў, якіх ловяць мужныя супрацоўнікі АДПУ і «подлых нацдэмаў». Словам, тут адсутнічалі ўсе тыя персанажы, якімі запаланілі ў той час свае творы многія пакуль яшчэ не зняволеныя беларускія пісьменнікі.


 Янка Маўр не заклікаў «да пільнасці», «не падпісваў суровы прыгавор першым», не заяўляў, што будзе разбірацца з нязгоднымі «на судзе». Ён пераносіў чытача за межы тагачаснай пякельнай Беларусі (а тое, што наша краіна нагадвала апраметную, было згадана Маўрам яшчэ ў 1929-м у байцы «Пекла») у не меней пякельную экзатычную прастору Індыі, акіянічных астравоў, Італіі...

Героі яго апавяданняў — дзеці. Яны ўсе, як адзін, бяздольныя, бяспраўныя. Дарослыя з імі робяць што заўгодна, чыняць любыя рэпрэсіі, здзекуюцца, пасылаюць на пакуты.

У зборніку пяць апавяданняў. Некаторыя з іх паводле сваёй жорсткасці блізкія класічным амерыканскім фільмам жахаў сярэдзіны 1970-х, такім кінашэдэўрам, як «Сківіцы» Стывена Спілберга (пра акулу-людажэра), альбо «З’едзеныя жыўцом» Тоўба Хупера (дзе галоўным героем выступае аграмадны кракадзіл). У Янкі Маўра вобразам абсалютнага зла, своеасаблівай машынай для забойстваў з’яўляецца жывёла.

Калі чытаеш апавяданне «Слёзы Тубі», узнікае адчуванне, быццам перад намі кадры са згаданага фільма Спілберга: «Зірнуў [Тубі] — кіруецца да яго ўжо сапраўднае страшыдла, рыбіна мэтраў чатыры даўжыні з страшэнным ротам, пастаўленым неяк упоперак пад галавой, з вялікімі мігаючымі вачыма. У расчыненым роце відаць вялізарныя зубы. Гэта і быў той самы страшны вораг акула, супроць якой і бралі людзі кінжалы. Кінуўся Тубі ў адзін бок, кінуўся ў другі, паказаўся ўжо над вадой, але... Жудасны крык, хруснулі косьці... Тубі загінуў. ...Не прайшло ёй дарма гэта злачынства, загінула і яна. Пацягнулі яе да берагу, разрэзалі ёй горла і бруха і там знайшлі беднага Тубі... Стаіць галосіць матка, над кавалкамі свайго сына».

У апавяданні «Незвычайная прынада» садыстыдарослыя прывязваюць хлопчыка да пальмы, каб выбавіць кракадзіла. Тое, як апісвае гэта Янка Маўр, можа ўпрыгожыць любую класічную х о р а р с т у ж к у : «Кракадзіл, відаць, ужо заўважыў яго і асьцярожна пачаў набліжацца да берагу. ...Хлопчык убачыў страшыдла, закрычаў і кінуўся бегчы, але вяроўка затрымала яго, і ён паваліўся на зямлю. ...Настаў самы жудасны момант. Няшчасны хлопчык ірваўся, дрыгаў нагой і крычаў... А кракадзіл падпаўзаў. ...Вось ужо дзьве стрэльбы добра нацэліліся... Але раптам побач раздаўся нейкі рык. Паляўнічыя мімаволі азірнуліся, а тымчасам кракадзіл ухапіў хлопчыка за нагу і пацягнуў у ваду... Тады толькі раздаліся два стрэлы, зноў два. Кракадзіл задрыгаў целам і зрабіўся нярухомы... з нагою хлопчыка ў роце...»

 Прывязаны хлопчык, які не можа ўцячы ад кракадзіла, — яскравая метафара безабароннай, запалоханай інтэлігенцыі 1930-х гадоў. Сучаснікі Маўра атаясамлівалі сябе з бедным Тубі, іх дзяцей захапляў дынамічнабрутальны сюжэт, а нястомныя работнікі АДПУ бачылі ў гэтых апавяданнях (дзякуючы хітрасці Маўра) усяго толькі драматычныя гісторыі пра жахлівых капіталістаў, якія прыгнятаюць народы трэцяга свету.

У заключным апавяданні «Звяры на караблі» тэме жывёлін-забойцаў аўтар надае іншае, але не меней алегарычнае гучанне. Магутны пасажырскі карабель, які перавозіць на палубе і цэлы звярынец, трапляе ў шторм. Хвалі разбіваюць клеткі, звяры апынаюцца на свабодзе і пачынаюць паляванне на людзей: «...у расчыненыя дзьверы ўскочыў ягуар... загінула адна жанчына... ...на матроса аднекуль з шчыліны напала ...зьмяя і абкруцілася вакол усяго цела.

 — Ратуйце! — закрычаў ён і пакаціўся на зямлю...».

Гэтым апавяданнем (як і знакавай аповесцю «Амок» альбо ўжо згаданым «Пеклам») Янка Маўр прыхавана выказваў вядомую думку: рана ці позна прадстаўнікі любой антычалавечай сілы атрымаюць адпаведны супраціў. І толькі пытанне часу, калі памяняюцца месцамі тыя, хто займае пазіцыі моцных і слабых.

Гэтая кніга была адной з самых папулярных на Беларусі падчас сталінскага тэрору. Яна вытрымала ў 1930-х тры перавыданні.

Ёю зачытваліся ахвяры і каты.

І кожны адкрываў для сябе свайго Янку Маўра.

Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.