Вы тут

Жыццёвае. Казка пра Чырвоны Вугольчык


Чырвоны Вугольчык жыў у печы, колькі сябе помніў. Печка была старая, даўно зробленая з чырвонай цэглы працавітымі рукамі дзеда Васіля. Звонку яна была абкладзена гладкай белай кафляй, якая ад часу патрэскалася, дзе-нідзе абвальвалася, грукаючы аб падлогу і рассыпаючы па ёй рудаватыя гліняныя пясчынкі.


Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Калі адчынялася засланка печы, Чырвоны Вугольчык мог бачыць хату. Яна была прасторная, са слядамі колішняй утульнасці, але цяпер запушчаная і недагледжаная. Падлогу рэдка мялі, яшчэ радзей мылі. Рабіў гэта звычайна за ўсё Косцік. Шпалеры на сценах месцамі адышлі, месцамі адарваліся. Дзесьці выцвілі, дзесьці забрудзіліся. Фіранкі на вокнах таксама прасіліся, каб іх змянілі і вымылі. «Дзіўна, — думаў Чырвоны Вугольчык, — не так шмат часу трэба, каб навесці тут парадак. Чаму вялікія людзі гэтага не зробяць?»

Людзей у хаце было пяцёра: двое вялікіх і трое малых. З вялікіх найчасцей Вугольчык бачыў Сямёна і Анжэлу...

Чырвоны Вугольчык памятаў той час, калі гаспадарамі ў хаце былі дзед Васіль і бабуля Наста. Раніцай адчынялася засланка і клапатлівыя спрацаваныя рукі запальвалі агонь, ставілі варыцца ежу сабе і невялікай гаспадарцы: курам і парсючку. З печы Вугольчыку было відаць, як дзед Васіль прыносіў дровы і ішоў па ваду, як дружна сям'я сядала за стол і снедала. Побач з бацькамі сядзелі падрослыя сыны. Хутка старэйшы з'ехаў у горад, вывучыўся ды там і застаўся. Малодшы Сямён пасля арміі вярнуўся ў бацькоўскі пасёлак. Дзеда Васіля да таго часу ўжо ў жывых не было.

— Сынок, — пачуў аднойчы Вугольчык ласкавы голас бабулі Насты, — не атрымалася з паступленнем — давай уладкоўвацца на працу хоць куды.

— Паспею яшчэ, — ляніва адгукнуўся Сямён.

Працаваць хлопец сапраўды не спяшаўся. Ён часта кудысьці сыходзіў, прыходзіў дзіўным, кіруючыся да ложка, ледзь трымаўся на нагах, падаў і засынаў. Спаў да абеда, ізноў кудысьці ішоў, і ўсё паўтаралася. Штосьці змяніць не дапамагалі ні ўгаворы, ні плач, ні сварка бабулі Насты. Сямён не жадаў працаваць, затое любіў ужываць напой з назвай «гарэлка». Чырвоны Вугольчык ведаў цяпер, што гэта ад яе хлопец рабіўся такі дзіўны.

Аднойчы Сямён прывёў у хату маладую жанчыну з хлопчыкам, аб'явіўшы, што гэта яго «баба» і цяпер яна са сваім сынам будзе тут жыць.

Спачатку Чырвоны Вугольчык узрадаваўся: бабулі Насце ўжо стала цяжка спраўляцца з гаспадаркай, Анжэла будзе дапамагаць, можа, і Сямён зменіцца на лепшае. А яшчэ Вугольчыку надта ж спадабаўся Анжэлін сынок Косцік. Так і было, але нядоўга. Аказалася, што радасць Вугольчыка была паспешлівай, бо дзіўны напой «гарэлка» Анжэле чамусьці таксама вельмі спадабаўся.

Хутка не стала ў хаце і бабулі Насты: не перажыла маці ўсё, што тут адбывалася... Затое з'явіліся дзве маленькія дзяўчынкі — Ленка і Люська, дочкі-блізняткі.

Цяпер усё часцей не Анжэліны рукі бачыў раніцай Чырвоны Вугольчык, а Косцікавы. Малы, як умеў, распальваў печ, чым было — карміў сястрычак і бег у школу.

Зараз у хаце ледзь не штодня бывалі чужыя людзі. Яны былі вельмі розныя. Шумныя мужчыны і жанчыны з'яўляліся пераважна ўвечары. Сядалі за стол, пачыналі гучна размаўляць, лаяцца, бывала, біцца... Ад гэтага прачыналіся маленькія Ленка з Люськай, і да Вугольчыка даносіўся іх спалоханы плач.

Удзень прыходзілі іншыя людзі. Па двое, па трое. Чырвоны Вугольчык усіх іх ужо вывучыў. Часцей за ўсіх прыходзіла Косцікава настаўніца. Яна ўшчувала Сямёна і Анжэлу, гаварыла пра сем'і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы... Чырвоны Вугольчык мала што разумеў, але ён адчуваў дабрыню і бездапаможнасць настаўніцы ў гэтай бядзе: Сямён і Анжэла слухалі, ківалі, згаджаліся, але нічога ў хаце не зрушвалася ў лепшы бок. Разам з настаўніцай нярэдка быў мужчына ў зеленаватай форме — пажарны інспектар Іван Пятровіч. Ён часта вымаўляў незразумелыя словы «пажарны апавяшчальнік», кажучы, што ён павінен быць у хаце. Часам бываў і ўчастковы міліцыянер...

Леначка і Люська ўжо навучыліся хадзіць. Чырвоны Вугольчык з задавальненнем слухаў іх вясёлы шчэбет, калі прыходзіў са школы Косцік. Ён сумаваў, чуючы спалоханы плач малых падчас вячэрніх застолляў вялікіх людзей.

Час ішоў, малыя раслі, дарослыя не мяняліся...Больш таго, яны цяпер маглі пакінуць дзяцей адных нават на ноч.

Аднойчы Чырвоны Вугольчык прыдрамаў пасля доўгай ранняй работы: Косцік паліў у печы перад школай. У хаце былі толькі малодшыя дзяўчаткі. Вялікія людзі з учарашняга дня некуды зніклі, як гэта часта цяпер бывала. Вугольчык праз дрымоту чуў, як сястрычкі гаманілі, елі пакінуты Косцікам сняданак, гулялі. Але цацак у хаце амаль не было, і дзяўчаткі засумавалі. Раптам быццам хтосьці штурхануў Вугольчыка і ён прачнуўся: засланка была адсунута і ў печ пазіраў цікаўны мурзаценькі тварык Люські. Чырвоны Вугольчык занерваваўся, бо раней малыя не падыходзілі так блізка да печы, тым больш не чапалі засланкі. Да Вугольчыка пацягнулася ручка з заціснутым у ёй ліпавым прутком. «Не руш мяне, калі ласка, — хацелася крыкнуць Вугольчыку, — гэта вельмі небяспечна!»

— Ленка, памазы мне! — данёсся да Вугольчыка Люсін галасок. — Я не магу яго дастаць!

— Сто дастаць? — адгукнулася Леначка.

— Вось гэтую ялкую стуцьку. Глянь, яна свеціцца цылвоненькім!

— Залаз! Бягу, бягу!

Вугольчык не паспеў азірнуцца, як, падштурхнуты прутком, апынуўся на бруднай драўлянай падлозе. Ён адчуваў, як на паветры пачынае налівацца моцнай разбуральнай сілай, і не хацеў гэтага. Ды малыя незнарок скінулі на падлогу яшчэ і ручнік, які вісеў каля печы. Полымя ўспыхнула адразу, і ратунку ад яго ўжо не было.

— Лена, хавайся, тут голаца, — крычала Люся і цягнула сястру за руку.

«Толькі не туды! — хацелася крыкнуць Чырвонаму Вугольчыку. — Не пад ложак! Бяжыце ад мяне на вуліцу!»

Ды дзецям, якія прывыклі быць у хаце, здавалася, што пад ложкам, дзе яны часта хаваліся ад дарослых лаянак і боек, быў самы надзейны прытулак... Здавалася да таго часу, пакуль ад дыму яны не пачалі губляць прытомнасць...

...Чырвоны Вугольчык, які ператварыўся ў шалёнае полымя, не ведаў, што толькі дзякуючы суседзям, якія, на шчасце, былі дома, ратавальнікі былі выкліканы своечасова. За імі прыехала і хуткая дапамога. Дзяўчатак з цяжкімі апёкамі даставілі ў бальніцу. У хуткім часе яны разам са старэйшым братам Косцікам апынуліся ў інтэрнаце, бо Сямёна і Анжэлу пазбавілі бацькоўскіх правоў.

У прасторнай, калісьці шчаслівай хаце ўсё нагадвала аб ранейшай трагедыі, ды за гэтым не было каму назіраць: Чырвоны Вугольчык ужо знік...

Вольга ШВЕДАВА-ЮНІЦКАЯ

Загаловак у газеце: Чырвоны Вугольчык

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.