Вы тут

Першы сямейны 3D-спектакль сабраў поўную залу


Мне пашчасціла трапіць на чарговую прэм'еру сямейнага інклюзіў-тэатра «і» — спектакль «Аднойчы ў вялізным горадзе». У глядзельнай зале быў сапраўдны аншлаг — ніводнага вольнага месца. Паглядзець п'есу прыйшло больш за 600 чалавек. На свае вушы чула, што за пяць хвілін да таго, як акцёры выйшлі на сцэну, некалькі сем'яў упрошвалі жанчын, якія правяралі білеты, пусціць іх у залу. Гатовыя былі глядзець спектакль стоячы.


Падчас спектакля маленькі Эрык так салодка спаў, што некаторыя гледачы былі ўпэўненыя, што на руках Вера Жыбуль трымае ляльку.

І я іх цалкам разумею. Пастаноўка, аналагаў якой яшчэ не было ў Беларусі, сапраўды ўразіла. Па-першае, сваімі неймавернымі, казачнымі 3D-дэкарацыямі. Па-другое, вялікай колькасцю акцёраў — на сцэну выйшла больш за 100 чалавек, у тым ліку і з аўтызмам. «Фішкай» спектакля стала і тое, што некаторыя дзеці выступалі разам са сваімі бацькамі. У прыватнасці, амаль у поўным складзе была прадстаўлена творчая сям'я Жыбуляў. «Асабіста для нашай сям'і спектакль незвычайны яшчэ і тым, што на сцэне разам з мамай Верай і братам Кастусём упершыню з'яўляецца і наш малодшы сын Эрык, ён дэбютаваў у ролі маленькага Ісуса!» — адзначыў паэт і літаратуразнаўца Віктар Жыбуль.

П'еса пастаўлена па матывах фантастычнага апавядання Фёдара Дастаеўскага «Хлопчык у Хрыста на ёлцы». Дарэчы, яна не толькі пра ёлку, у ёй шырэйшая праблематыка — таму вельмі добра глядзіцца і цяпер, у канцы вясны.

У аснове сюжэта — гісторыя маленькага хлопчыка, які перад Калядамі страціў бацькоў і застаўся адзін у вялікім горадзе без шанцаў на дапамогу. Нечакана адбываецца цуд — сірата трапляе на свята да Хрыста і анёлаў, дзе атрымлівае надзею на лепшую будучыню для сваёй душы. Спектакль вельмі глыбокі, філасофскі. Пра дабро і зло, абыякавасць і дабрыню, пра адзіноту ў вялізным горадзе ды тое, як гэта — быць не такім, як усе...

Дарэчы, паэтка, перакладчыца і музыкант Вера Жыбуль не толькі сыграла ў спектаклі ролю Маці Ісуса. Менавіта яна і адаптавала твор Дастаеўскага на беларускую мову. У прыватнасці, у п'есе гучалі верш Наталлі Арсенневай і песня на словы Казіміра Сваяка. На мой погляд, своеасаблівым упрыгажэннем пастаноўкі сталі душэўныя карціны мастачкі Ганны Сілівончык. Акрамя таго, парадавала вялікая колькасць аўтэнтычных касцюмаў і іншых элементаў.

— Гэта ўжо пяты спектакль нашага тэатра і, напэўна, самы складаны і ў мастацкім, і ў тэхналагічным плане, — адзначыла мастацкі кіраўнік інклюзіў-тэатра Ірына ПУШКАРОВА. — Мы не проста напісалі п'есу па матывах вядомага апавядання Дастаеўскага, а пастараліся прыўнесці ў яе часцінку беларускай культуры: і беларускую мову, і беларускія абрады ды традыцыі. Я вельмі ўдзячная кампаніі velcom, якая вось ужо больш за два гады падтрымлівае пастаноўкі нашага тэатра. Без іх нічога не атрымалася б.

— Мы плануем і далей прасоўваць у Беларусі ідэю фарміравання інклюзіўнага грамадства, якое прымае людзей незалежна ад дыягназаў, — дадаў начальнік аддзела карпарацыйных камунікацый velcom Мікалай БРЭДЗЕЛЕЎ.

Спецыяльна на прэм'ерны паказ прыехаў рэжысёр галандскага тэатра Kazou для дарослых акцёраў з расстройствамі аўтычнага спектра (далей — РАС) Ханс САЛЕМІНК.

— Я ўжо больш за 28 гадоў займаюся з дарослымі акцёрамі з РАС, але аналагаў таго, што робіць сямейны інклюзіў-тэатр «і», нідзе больш не сустракаў. Два гады таму, калі ўпершыню прыехаў у Мінск і трапіў на іх спектакль, нават не змог распазнаць на сцэне ўсіх акцёраў з асаблівасцямі, — адзначыў Ханс Салемінк. — Тое, як працуюць над сацыялізацыяй асаблівых дзяцей у вашай краіне, сапраўды ўнікальна. Спадзяюся, што ў будучыні мы зможам стварыць сумесны праект з удзелам двух тэатраў. Зараз вядзём перагаворы.

Калі вы хацелі, але па нейкай прычыне не трапілі на 3D-спектакль, не засмучайцеся. Арганізатары абяцаюць, што сёлета «Аднойчы ў вялізным горадзе» яшчэ пакажуць як у сталіцы, так і ў абласных гарадах.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Загаловак у газеце: Аднойчы ў вялізным горадзе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».