Вы тут

Даходы аднаўляюцца, але пытанні застаюцца


Учора дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі на сумесным пасяджэнні задалі пытанні прадстаўнікам урада. У асноўным дэпутаты і сенатары цікавіліся пытаннямі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.


Спачатку з дакладам перад парламентарыямі выступіў Васіль Мацюшэўскі, першы намеснік прэм'ер-міністра. Ён расказаў пра тое, як складваецца эканамічная сітуацыя ў краіне ў апошнія месяцы. І на які кірунак ні зірні — паўсюль рост і станоўчая дынаміка. «За першы квартал у краіну паступіла $1,3 млрд прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове (92 % гадавога прагнозу). Гэта больш, чым за ўвесь мінулы год», — заявіў першы віцэ-прэм'ер. Інвестыцыі ў асноўны капітал у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года выраслі на 16,6 %.

Васіль Мацюшэўскі падкрэсліў, што ў выніку рэалізаваных урадам і Нацыянальным банкам мер Беларусь выйшла на траекторыю росту эканомікі, захавала макраэканамічную стабільнасць і збалансаванасць. «Гэтыя тэндэнцыі падтрымліваюцца і ў 2018 годзе», — сказаў ён. Па выніках першых чатырох месяцаў ВУП прырос на 4,8 %. Гэта вышэй, чым закладзена ў прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця на бягучы год. «І больш, чым рост сусветнай эканомікі. Тэмпамі, якія апераджаюць эканамічны рост, павышаецца прадукцыйнасць працы па ВУП — 5,4 %», — паведаміў ён.

Васіль Мацюшэўскі запэўніў, што ў Беларусі забяспечана своечасовая выплата заробкаў, пенсій, дапамог насельніцтву, выкананы ўсе сацыяльныя абавязацельствы. «Адноўлены рост даходаў насельніцтва. Па выніках першага квартала даходы выраслі на 7,6 %, а заработная плата амаль на 14 %. На фоне дастаткова дынамічнага паскарэння эканомікі цанавая сітуацыя ў краіне захоўвае стабільнасць», — падкрэсліў Васіль Мацюшэўскі.

Пасля таго як першы віцэ-прэм'ер скончыў выступленне, па зале пайшлі размовы. Адчувалася, што парламентарыі гатовыя выказаць накопленыя за час працы праблемы. Дыяпазон іх быў шырокі — ад асабістых складанасцяў выбаршчыкаў і асобных прадпрыемстваў да тых, што датычацца маштабу краіны. Напрыклад, Андрэй РЫБАК, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі, сярод іншага запытаў пра тое, ці магчыма, што да восені гэтага года Беларусь уступіць у СГА.

«Нават працэдура гэта малаімаверна», — адказаў першы намеснік прэм'ер-міністра і дадаў, што пакуль, напрыклад, у ЗША да нас шмат пытанняў, на якія яшчэ давядзецца даць адказы. На яго думку, пры гэтым мадэль дзяржаўнай падтрымкі галін эканомікі выбудавана цывілізавана і значных змяненняў не пацерпіць.

Ганна КАНАПАЦКАЯ, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы, задала пытанне пра тое, якія меры зараз прымаюцца, каб знізіць узровень беспрацоўя. У прыватнасці, асабліва гэта актуальна для моладзі. Ірына КАСЦЕВІЧ, міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі, адзначыла, што на люты 2018-га ўзровень агульнага беспрацоўя склаў 5,1 %, ці 260 тысяч чалавек. Эксперты міжнародных арганізацый лічаць, што паказчык 3-5 % — нармальны і паказвае на здаровы рынак працы, які стымулюе людзей павышаць свой прафесійны ўзровень. Міністр пагадзілася з тым, што маладым людзям складана адшукаць працу (сярод іх — 7 % беспрацоўных). Тэндэнцыя тут — на выпраўленне сітуацыі, але кардынальнага паляпшэння можна будзе чакаць толькі падчас больш значнага эканамічнага росту ў краіне.

Міхаіл МЯСНІКОВІЧ, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, прапанаваў змяніць фармат сумеснай працы ўрада і парламента, паступова адыходзіць ад сістэмы, у якой кіраўнік урада ці яго намеснік інфармуе парламентарыяў. Спікер верхняй палаты лічыць, што варта спалучыць у больш цесныя «звязкі» кіраўнікоў профільных пастаянных камісій і міністраў.

Вераніка ПУСТАВІТ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».