Вы тут

Сёння 70 год адзначае лаўрэат Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч


Лепшы падарунак для пісьменніка – калі гавораць пра яго творы. Што журналісты газеты "ЛіМ" і зрабілі, звярнуўшыся да людзей, якія маюць самае непасрэднае дачыненне да літаратуры.


Іван САВЕРЧАНКА, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар:

— Святлана Алексіевіч — выдатная пісьменніца, майстар дакументалістыкі. У яе асобе ўдала спалучаецца талент журналіста, філосафа і пісьменніка-празаіка. Яна спрабуе разгадаць прыроду чалавечай душы, матывы паводзінаў і ўчынкі людзей у экстрэмальных сітуацыях.

Найбольш значная ў яе творчасці, на маю думку, — дакументальная аповесць «У вайны не жаночы твар». Пісьменніца раскрыла жудасныя праявы вайны, паказала, што гэтая трагедыя бязлітасна знішчае жыццё і ламае чалавечыя лёсы.


Мікола МЯТЛІЦКІ, паэт, перакладчык:

— З усіх твораў Святланы Алексіевіч мне найбліжэй «Чарнобыльская малітва». Гэта і мая вёска, якая апынулася ў сумна вядомай зоне адчужэння, адзываецца праз далечы мёртвага часу галасамі людзей, спакутаваных на дарозе неабачлівага, ахвярнага тэхнічнага прагрэсу. Гэта і боль маіх вяскоўцаў, пачуты ва ўсім свеце і так спачувальна прыняты.

Не гасне спадзяванне, што жорсткасць і бесчалавечнасць у свеце — гэта ўсяго толькі напластаванне крыважэрнай і бруднай палітыкі, верхні заледзянелы слой, пад якім віруе сапраўдная гуманная стыхія жыцця. І робіцца ўсцешней ад гэтага разумення.

З мудрым юбілеем, Святлана Аляксандраўна!

Новых кніг і больш шчодрай любові да роднай беларускай зямлі і яе народа!


Віктар ШНІП, галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура»:

— «Час second-hand. Канец чырвонага чалавека» — на маю думку, найбольш значны твор Святланы Алексіевіч. У ім увасобіўся ўвесь творчы досвед пісьменніцы. Яго варта прачытаць усім. Бачыў, як за гэтай кнігай стаяла ў некалькі соцень чалавек чарга — з’ява на сёння фантастычная. Калі людзі імкнуцца прачытаць пэўную кнігу, і ты не мусіш быць убаку. Як пісьменнік, яна расла ад кнігі да кнігі, як майстар, прыслухоўвалася і прыслухоўваецца да чытацкага дыхання. Таму з нецярпеннем чакаю новую кнігу С. Алексіевіч пра каханне. Як ніхто, пісьменніца ведае свет, дзе мы жывём. Многія пісьменнікі ведаюць яго з твораў іншых пісьменнікаў, тэлесерыялаў, а яна — з жывых размоў з людзьмі, з якімі сустракаецца вочы ў вочы, душа ў душу; з паездак па свеце. Усё, пра што піша Святлана Аляксандраўна, прапускае праз сябе, праз сваю душу і сэрца. Яна піша з любоўю да чалавека, да зямлі, на якой жыве. У творах пісьменніцы паказаны наш рэальны жорсткі свет. І кожная яе кніга — гэта шчыт супраць зла і несправядлівасці.


Вячаслаў РАГОЙША, доктар філалагічных навук, прафесар:

— Вітаю Святлану Алексіевіч з юбілеем. І ганаруся тым, што яна ў нас ёсць, што яна скончыла і мой таксама родны БДУ (крыху зайздросна, праўда, што журфак, а не філфак), што яна не толькі Пісьменнік, але і Грамадзянін, Філосаф, Чалавек (усё з вялікай літары). Гэтымі днямі перачытваю «Час second-hand. Канец чырвонага чалавека» (у перакладзе на беларускую мову В. Стралко і Ц. Чарнякевіча). Сярод персанажаў бачу і сябе. І я быў, а ў многім і застаўся «чырвоным чалавекам». Дарэчы, як і аўтар кнігі (яна ў гэтым не баіцца прызнацца). Мы — людзі аднаго пакалення, адной краіны. Галоўнае, што Святлана Алексіевіч разумна, мудра, таленавіта адбельвае гэтага чалавека. І мяне таксама. Дзякуй ёй за гэта!


Мікола ТРУС, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук, дацэнт:

— «Мая» Алексіевіч неўпрыкмет і ненавязліва, але вельмі дзейсна суправаджала мяне на важных этапах уласнага жыццёвага сталення, выпрацоўкі поглядаў на зменлівы свет і грамадства, дзе вельмі хутка пачалі хістацца, здавалася б, непарушныя культы і кульцікі, а мармур і бронза міфалагізаванай гістарычнай свядомасці ішлі мноствам заўважных — не схаваць — расколін.

Сярод многіх кніг пра вайну мяне, падлетка, як і многіх хлапчукоў, вабілі батальныя сцэны, зброя, подзвігі і моцныя характары. Кніга «Апошнія сведкі» заўважна выбівалася сярод прачытанага і, відаць, з гэтай прычыны добра зафіксавалася ў маёй свядомасці. Успаміны малечы, прадстаўленыя ў выданні, перагукаліся з памяццю маіх бацькоў, чыё дзяцінства таксама прыпала на час вайны. Я натрапіў на кнігу, у якой не было аніякай літаратуршчыны і пафасу — толькі памяць і боль, расказаныя будзённа, і ад гэтага яшчэ больш запамінальная і моцная па эмацыянальным уздзеянні.

Кніга «Цынкавыя хлопчыкі» вярэдзіла і працягвае вярэдзіць душы цэлага пакалення маладых людзей, якія прайшлі праз Афганістан або маглі там апынуцца. Памятаю рамантычныя памкненні нас, старшакласнікаў, падагрэтыя штатнымі агітатарамі: там загартоўваюцца мужчынскія характары, здабываецца слава, і, нарэшце, прагматычны довад: пасля Афгана будзе магчымасць без праблем паступіць у прэстыжную маскоўскую ВНУ. Рэальнасць была іншая. А раскіданыя і схаваныя ад грамадства аскепкі праўды пра тую вайну сабраны пісьменніцай. Нядаўна, таму асабліва моцны боль успамінаў, крываточыны перажытага — сціснуты перавяззю вокладкі кнігі.

Святлана Алексіевіч — той аўтар, які рэальна рэпрэзентуе нацыянальнае пісьменства на міжнароднай арэне. Гэта істотна ўзбуйняе бачанне яе творчасці, узнятых праблем і алгарытмаў іх вырашэння. І з гэтым трэба лічыцца.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.