Вы тут

«Калі можаш дапамагчы людзям, непрыстойна хавацца ў кусты»


Кіраўнік адной з гандлёвых сетак сталіцы — ААТ «Постгандаль» — Сяргей Смольскі — чалавек, можна сказаць, унікальны. На апошніх выбарах ужо сёмы раз стаў дэпутатам Мінскага гарадскога Савета. Такім чынам, ён амаль чвэрць стагоддзя сумяшчае асноўную прафесійную дзейнасць з абавязкамі народнага выбранніка. Як пры такім рэжыме не захварэць на раздваенне асобы? З гэтага жартаўлівага пытання пачалася наша размова з аксакалам сталічнага «парламента».


— Я і сам часта не ведаю, дзе ўва мне заканчваецца работнік гандлю і пачынаецца дэпутат, — смеючыся, гаворыць Сяргей Аляксандравіч. — Але калі казаць сур'езна, то адна іпастась другой вельмі дапамагае. І там, і там справу маеш з людзьмі. Дзе, як не ў крамах, лепш за ўсё адчуваюцца запатрабаванні і праблемы грамадзян? Дзякуючы жывому кантакту больш глыбока пранікаеш у сутнасць тых ці іншых сацыяльных і эканамічных з'яў, дакладней, выбіраеш арыенціры ў дэпутацкай рабоце. І, наадварот, сустракаючыся з выбаршчыкамі ў якасці прадстаўніка гарадскога Савета, нярэдка чуеш слушныя прапановы для паляпшэння гандлёвага абслугоўвання.

— Нікога не хачу пакрыўдзіць, Сяргей Аляксандравіч, але ж дэпутат мясцовага Савета не такая ўжо вялікая шышка, каб вырашаць складаныя пытанні. Няўжо да вас і сапраўды ідуць людзі з верай у тое, што зможаце ім дапамагчы?

— Ішлі, ідуць і, упэўнены, будуць ісці. Бо не толькі вераць, а ведаюць з досведу мінулых гадоў, што іх выбраннік хоць і не вялікая, як вы выказаліся, шышка, але мае пэўны ўплыў на дзейнасць гарадскіх улад. Вядома, калі да мяне звяртаюцца с просьбай дапамагчы, напрыклад, атрымаць ільготны крэдыт на будаўніцтва кватэры без законных падстаў, то тут прасіцеля чакае расчараванне. Падобных выпадкаў, калі выбаршчыкі падштурхоўваюць свайго дэпутата, па сутнасці, заплюшчыць вочы на юрыдычныя нюансы, даволі шмат: ад патрабаванняў адрэзаць у суседа кавалак зямельнага ўчастка да ўцягвання ў судовыя цяжбы па раздзеле маёмасці. Гэта адбываецца таму, што па асабістых пытаннях да дэпутата прыходзяць у асноўным тады, калі сітуацыя бязвыхадная. У іншых жа выпадках праблемы людзей, хоць і не без цяжкасцяў, удаецца вырашаць. Асабліва калі паступаюць калектыўныя звароты. У адрозненне ад асабістых, яны часцей за ўсё справядлівыя і сапраўды патрабуюць сур'ёзнай увагі.

— А калі канкрэтна? Вось вас у лютым абралі на чарговы дэпутацкі тэрмін. Ці далі сабе час на разварушванне або паспелі ўжо цалкам акунуцца ў надзённыя праблемы сваіх выбаршчыкаў?

— Доўга запрагаць — не ў маёй натуры. Тым больш што многія праблемы мне добра вядомыя. Гэта, дарэчы, выгадна адрознівае дэпутата са стажам ад навічка, якому патрэбна нямала часу, каб азнаёміцца са становішчам у сваёй выбарчай акрузе. У маёй — а гэта мікрараёны Сцяпянка і Сляпянка з колькасцю насельніцтва каля 30 тысяч — людзі традыцыйна далі мне дэпутацкі наказ. Пералічу толькі асноўныя яго пункты, над выкананнем якіх цяпер працую. У Сцяпянцы намечана маштабнае будаўніцтва. Але грамадзян усхвалявала, што, паводле першапачатковага плана, увядзенне ў строй паліклінікі, школы і дзіцячых садкоў павінна было адбывацца пазней, чым увод жылых аб'ектаў. Дапусціць такое — значыць стварыць ачаг сацыяльнай напружанасці. Дзякуючы прынцыповай пазіцыі прадстаўнічай улады і маім асабістым намаганням паслядоўнасць будаўнічых работ удалося скарэкціраваць. Цяпер яны будуць весціся з улікам патрабаванняў жыхароў. Рэалізацыя праекта разлічана гадоў на дзесяць. Што датычыцца больш сціплых задач, то яны будуць вырашаны ўжо сёлета. Напрыклад, па наказе выбаршчыкаў знясуць былы Дом афіцэраў, які струхлеў, і ўзвядуць на яго месцы што-небудзь патрэбнае. Таксама будзе праведзены рамонт дарожнага пакрыцця па Калектыўным праездзе, чаго даўно чакаюць тутэйшыя жыхары. Як і добраўпарадкавання зоны адпачынку насупраць вуліцы Лесапаркавай. Калі не ў гэтым, то ў наступным годзе яно будзе абавязкова зроблена.

Адна з самых сур'ёзных праблем — адсутнасць у Партызанскім раёне дзіцячай паліклінікі. Маленькіх пацыентаў бацькі возяць на прыём да ўрача ў іншы канец горада. Аказалася, што такая ж бяда ў жыхароў суседняй выбарчай акругі — Трактаразаводскай. Вырашана да 2021 года пабудаваць неабходную медыцынскую ўстанову па вуліцы Даўгабродскай. Падарунак, так бы мовіць, і для тых, і для іншых.

— Сяргей Аляксандравіч, а вам было калі-небудзь сорамна перад чалавекам за тое, што не змаглі яму дапамагчы? Ці з-за таго, што проста адмахнуліся ад надакучлівага скаржніка?

— Такога, каб я не знаходзіў сабе месца ад перажыванняў за нейкую непавагу да прасіцеля, некампетэнтнасць ці бяздзейнасць у дачыненні да яго справы, не памятаю. Бо адмаўляць у садзейнічанні даводзілася менавіта тады, калі праблема, пра што ўжо казаў, выходзіла за рамкі закона. Або патрабаванне выглядала абсурдным. Ну вось неяк прыйшоў да мяне адзін выбаршчык і пачаў настойваць, каб я прыняў меры для забароны ўзвядзення высотнага дома. «Гэты архітэктурны монстр, — абураўся ён, — засланяе мне сонца!» Ну што тут зробіш?

— А якая справа выклікае ў вас як у народнага выбранніка пачуццё гордасці за сваю працу?

— Гордасць — гэта, можа, занадта гучна будзе сказана, а вось адчуванне глыбокага задавальнення атрымліваў не раз. Асабліва памятаецца эпапея з адкрыццём філіяла паліклінікі па вуліцы Карвата. Доўгі час жыхары з таго раёна былі вымушаны са сваімі хваробамі ездзіць на край свету. Два гады я выступаў з гэтым пытаннем у Савеце, хадзіў на прыём да тагачаснага мэра Міхаіла Якаўлевіча Паўлава. Нарэшце філіял адкрылі, людзі былі вельмі ўдзячныя. Чытачы падумаюць: знайшоў чым ганарыцца! А я ўпэўнены, што з такіх вось «дробязяў» і складаецца аблічча ўлады. Калі яна ў стане стварыць чалавеку зручныя ўмовы жыцця з даступнымі школамі, дзіцячымі садкамі, магазінамі, добрымі дарогамі, прыгожымі паркамі, то гэта сведчыць пра многае. Ніколі не забуду, як пачыналася мая дэпутацкая дзейнасць. 1990 год, адкрываецца пасяджэнне гарсавета. А за акном на плошчы Леніна — велізарны натоўп народа. Людзі патрабуюць працы, хлеба, цыгарэт... У магазінах пуста. Цяжкасці з транспартам. У тую ж Сцяпянку дабрацца было немагчыма, бо там дарогі нагадвалі танкадром і ніхто іх не рамантаваў. Пра рамонт жылых дамоў не варта было і заікацца. Бясконцыя праблемы з каналізацыяй і ацяпленнем будынкаў. Скаргаў было столькі, што апускаліся рукі. Калі параўноўваць з цяперашнім часам, то прагрэс каласальны. Мы любім бурчаць, праяўляць незадаволенасць, але калі ёсць працоўныя месцы, больш-менш дастойны заробак, а вакол — мір і парадак, то што яшчэ трэба? Дарэчы, скаргаў з боку насельніцтва становіцца з кожным годам усё менш. Гэта сведчыць пра тое, што ўлады горада, у тым ліку і дэпутацкі корпус, дзейнічаюць даволі эфектыўна.

— Але ж вы і вашы калегі займаецеся не только разглядам скаргаў, патрабаванняў і прапаноў сваіх выбаршчыкаў...

— Калі б гэта было так, то нас усіх можна было б накіраваць дыспетчарамі ў ЖЭУ. На самай справе непасрэдныя кантакты з насельніцтвам — толькі частка дзейнасці дэпутата. Асноўнае — гэта ўдзел у рабоце сесій гарадскога Савета і яго пастаянных камісій. Дарэчы, я ўзначальваю адну з іх — па кіраванні і распараджэнні камунальнай маёмасцю. Важныя рашэнні выканаўчай улады, якія датычацца бюджэту горада, мясцовых падаткаў, інвестыцыйных праграм, прыватызацыі аб'ектаў, не могуць быць прыняты без зацвярджэння гарсавета. Акрамя таго, мы займаемся тым, што сумесна з Мінгарвыканкамам усе законы парламента, прэзідэнцкія ўказы, пастановы ўрада павінны адаптаваць пад умовы сталіцы. Гэта бясконцы паток дакументаў. Прытым не забывайце, што ў кожнага з дэпутатаў мясцовага ўзроўню ёсць асноўныя месцы працы на прадпрыемствах, у медыцынскіх установах, сферах адукацыі, культуры, абслугоўвання і г. д. У Савеце яны, па сутнасці, выконваюць грамадскую нагрузку.

— Няўжо вы не атрымліваеце за яе ніякіх матэрыяльных выгод?

— Не. І не маем ніякіх прывілей. Калі пра гэта даведваюцца мае выбаршчыкі, то вельмі дзівяцца.

— Які ж інтарэс узвальваць на сябе ўсе гэтыя турботы замест таго, каб спакойна адпачываць у свой свабодны час?

— Колькі разоў задаваўся гэтым пытаннем! І заўсёды прыходзіў да такой думкі. Канешне, можна ляжаць перад тэлевізарам, глядзець навіны, абурацца, усё крытыкаваць. Але ж ад гэтага лягчэй не стане. Асабліва калі ведаеш, што нехта за цябе ўсталёўвае правілы жыцця. Дык ці не лепш самому прымаць актыўны ўдзел у іх выпрацоўцы? А калі яшчэ можаш дапамагчы канкрэтным людзям, то тут і зусім непрыстойна хавацца ў кусты.

— Але ўсё ж такі крыўдна нічога не атрымліваць за сваю працу?

— Грошы тут не галоўнае. Што на самай справе крыўдна, дык гэта вечна быць у ролі прасіцеля. У дэпутата, асабліва мясцовага Савета, няма рэальных рычагоў для вырашэння нават самых дробных пытанняў. Каб дапамагчы людзям, ён вымушаны хадзіць па розных інстанцыях і прасіць. Мне здаецца, даўно наспела неабходнасць змяніць такую сістэму.

Павінен быць механізм, дзякуючы якому выканкам пасля афіцыйнага звароту народнага выбранніка неадкладна прымаў бы меры па вырашэнні тых ці іншых праблем насельніцтва.

Распрацаваць мадэль такіх узаемаадносін паміж выканаўчай і прадстаўнічай уладамі можна было б даручыць спецыяльнай групе, у склад якой увайшлі б усе зацікаўленыя бакі. У тым ліку члены і дэпутаты Нацыянальнага сходу. Аднак пакуль далей разважанняў справа не ідзе. Шкада. Бо падобныя новаўвядзенні значна актывізавалі б дзейнасць мясцовых органаў, садзейнічалі б развіццю дэмакратыі, павышэнню ініцыятыўнасці людзей на карысць усяго грамадства.

Гутарыў Міхаіл Кавалёў

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.