Вы тут

Брастаўчанін адкрывае ў раёнах спартыўныя залы для цяжкіх падлеткаў


Калі б мы сустрэліся з Ігарам РАШЧАНКАМ гадоў 10 таму, напісаць пра яго можна было б хіба ў крымінальнай зводцы. Яго юнацтва прайшло не ў тых кампаніях і не за тымі заняткамі. Пра тое, як складана вырвацца з такога акружэння, Ігар ведае па сабе. Таму, стаўшы на ногі, вырашыў дапамагаць іншым цяжкім падлеткам. Мужчына адкрывае ў маленькіх гарадах залы адзінаборстваў, каб выцягваць хлапцоў з дрэнных кампаній і праз спорт выхоўваць іх.


У планах — Камянец і Маларыта

Ігар родам з маленькага горада Белаазёрска. За плячыма — дзевяць класаў базавай школы, універсітэтаў не заканчваў. «Жыццё ўсяму вучыла», — па-філасофску заўважае ён. Працы мужчына ніколі не баяўся і браўся за ўсё: шчыраваў і на будоўлі, і на пілараме. А потым пазнаёміўся са сферай продажаў. Спачатку ўладкаваўся ў краму, якая гандлявала мабільнымі тэлефонамі, потым стаў гандлёвым прадстаўніком у Брэсце буйной кампаніі па вытворчасці цукерак і жавальных гумак. Адным словам, продажы яму добра ўдаваліся.

Два гады таму Ігар захацеў займацца адзінаборствамі. Пахадзіў па залах Брэста, але не знайшоў тое, што спадабалася б. Тады і падумаў: чаму б не паспрабаваць адкрыць сваю? Тым больш характар баявы. Ноч мужчына не спаў, шукаў у інтэрнэце інфармацыю, пастаўшчыкоў абсталявання. Грошай на свой бізнес было ўсяго тры тысячы долараў. Сказаць, што гэтага недастаткова, не сказаць нічога: адны толькі душавыя кабіны абышліся ў дзве тысячы.

— Дагэтуль не разумею, як змог вырашыць усе праблемы, — прызнаецца Ігар. — Мне пашанцавала, што калега на рабоце падтрымаў маю ініцыятыву і пазычыў грошы. Першы час было вельмі цяжка. Я працягваў працаваць гандлёвым прадстаўніком і адначасова займаўся залай. Паўгода яна кожны месяц цярпела страту 300—400 долараў. Усе грошы туды ўкладаў. Было вельмі крыўдна, калі да цябе на трэніроўку прыходзіла па два чалавекі. Але веды ў рэкламе дапамаглі мне «выплысці».

Пасля Брэста Ігар адкрыў залу адзінаборстваў у Пружанах, на базе мясцовага аквапарка.

— Групу сабралі хутка. Я прыехаў у Пружаны на два дні, і за гэты час у секцыю запісаліся 30 чалавек. Цяпер там займаюцца 50—60 хлапцоў, — расказвае мужчына.

У найбліжэйшых планах — залы ў Камянцы і Маларыце. «У Маларыце раней быў трэнер, але ён з'ехаў працаваць у Маскву, і шмат падлеткаў засталіся без спорту. Таму з 1 верасня збіраемся адкрыць секцыю ў гэтым райцэнтры», — дзеліцца прадпрымальнік.

Змяніў жыццё дзеля дачкі

Ратаваць цяжкіх падлеткаў Ігар вырашыў, бо сам некалі быў адным з іх. Пра дзяцінства расказвае коратка. Бацька памёр, маці з'ехала, таму з шасці гадоў хлопчык быў сам па сабе. Часам не было чаго есці: каб хоць неяк заглушыць голад, краў бульбу і смажыў на вуголлях.

— Даводзілася ісці на рознае... Сам не заўважыў, як пачаў спажываць наркотыкі. Заўсёды збягаў ад гэтага, але яны быццам самі мяне знаходзілі. Восем гадоў не мог пазбавіцца ад залежнасці.

Першы раз за кратамі мужчына аказаўся ў 20 гадоў — за хуліганства. Другі — у 22, далі тэрмін за рабаванне. Ужо тады Ігар зразумеў: трэба мяняцца, пакуль не позна.

— Я не хацеў больш жыць тым жыццём, якое было дагэтуль. Дый ніхто такога не пажадае. Гэта суцэльная тоўстая чорная паласа. Але каб выправіцца, патрэбна дапамога. Толькі правільны калектыў можа выцягнуць з цяжкай сітуацыі. Калі будзеш кантактаваць з ранейшымі прыяцелямі, нічога не атрымаецца... У мяне нікога і не засталося з той кампаніі: хто ў турме, хто памёр. Гэта жудасна.

Мужчына прызнаецца: ніхто не мог зразумець, як у яго атрымалася пачаць новае жыццё. А ён ведае: выратавала дачка. «Гэта маё ўсё. Так, як я палюбіў дачку, нікога не любіў. Уявіць сабе баюся, што Эмілія на імгненне ўбачыць тыя моманты, якія перажыў я. Зраблю ўсё, каб такога не здарылася».

З сям'ёй Ігару наогул пашанцавала. Нядаўна ён, каб адкрыць новую залу ў Брэсце (упэўнены, што аналагаў ёй няма ва ўсёй краіне), прадаў кватэру і машыну і пераехаў да цешчы.

— Усе ўспрынялі гэта адэкватна, бо грошы мы ўклалі ў развіццё. Так: або пан, або прапаў, але я ў сабе ўпэўнены. Трэба ж неяк пашырацца і зарабляць — мы не збіраліся ўвесь час жыць з дзецьмі ў аднапакаёвай кватэры.

Іншая кампанія — іншае мысленне

Ісці з адзінаборствамі ў райцэнтры Ігар вырашыў невыпадкова. «У маім дзяцінстве казалі так: чым меншы горад, тым круцейшы нораў», — тлумачыць.

Сваю ідэю ён абмяркоўваў з інспекцыямі па справах непаўналетніх. Кажа, яны ахвотна адгукнуліся.

Няўжо спартыўныя секцыя сапраўды могуць выратаваць праблемнага падлетка? Ігар запэўнівае: змяняеш кампанію — змяняюцца і прыярытэты. Мысленне становіцца іншае. «Але гэта адбываецца не па пстрычцы пальцаў. Патрэбны час. Так, чалавек можа яшчэ пару разоў спатыкнуцца, але калі ён вяртаецца на шлях выпраўлення, гэта ўжо добра».

— А не атрымаецца так, што падлеткі, навучыўшыся біцца, стануць больш небяспечныя?

— Калі дзеці прафесійна займаюцца адзінаборствамі, у іх этыку ўваходзіць не прымяняць сваю сілу па-за залай. Мы стараемся гэта кантраляваць. І размаўляем у жорсткай манеры: калі чалавек не гатовы мяняцца, тады трэба развітвацца. Усю сваю агрэсію, стрэс хлопцы пакідаюць на трэніроўках. Энергію падлетак укладае ў дасягненне высокіх спартыўных вынікаў, а не ў супрацьзаконныя ўчынкі.

Брастаўчанін расказвае, што для сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, заняткі ў секцыях будуць бясплатныя. Падлеткам з маламаёмных сем'яў будзе давацца зніжка.

У перспектыве Ігар спадзяецца ахапіць заламі не толькі родную Брэстчыну, але і ўсю краіну. «Хачу стварыць грамадскі рух па прапагандзе здаровага ладу жыцця. Мне здаецца, толькі так можна змагацца з наркотыкамі і іншымі згубнымі звычкамі».

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: «Лепш пакідаць агрэсію на трэніроўках»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?