Вы тут

Як не прывезці з-за мяжы небяспечную інфекцыю?


Краіны Азіяцкага рэгіёна і Карыбскага басейна, Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі ў апошнія гады сталі папулярнымі турыстычнымі маршрутамі, аднак вярнуцца адтуль можна не толькі з прыемнымі ўспамінамі, але і экзатычнымі для нас інфекцыйнымі хваробамі. Што важна памятаць падчас падарожжа за мяжу, каб захаваць здароўе, расказала намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына ГЛІНСКАЯ.


На што можна захварэць

Падчас наведвання краін з вільготным трапічным кліматам, напрыклад Індыі, Тайланда, Егіпта, В'етнама, ёсць рызыка заражэння вірусным гепатытам А і вострымі кішэчнымі інфекцыямі. А вось небяспека падхапіць малярыю існуе ў 91 замежнай краіне. Неспрыяльная эпідэміялагічная сітуацыя, звязаная з адром, захоўваецца ва Украіне і Еўропе. Найбольшая колькасць выпадкаў гэтай інфекцыі — некалькі тысяч — зарэгістравана ў Румыніі, амаль гэтак жа шмат — у Францыі. Небяспечная сітуацыя і ва Украіне — амаль 16 тысяч выпадкаў. Каля тысячы — у Грэцыі і Італіі. З нядаўняга часу хворых на адзёр выяўляюць у Сербіі, Албаніі, Грузіі. Аб небяспецы заражэння клешчавым энцэфалітам трэба памятаць падчас падарожжа на Далёкі Усход і Урал, прычым гэта актуальна найперш для тых, хто аддае перавагу «дзікаму» адпачынку з палаткамі ў лясных масівах ці сплаву па горных рэках.

Пра прышчэпкі паклапаціцеся загадзя

— Небяспечная эпідэмічная сітуацыя ў некаторых краінах свету не азначае, што нельга іх наведваць. Але важна прыняць шэраг прафілактычных мер, каб мінімізаваць рызыку заражэння, — адзначае Ірына Глінская.

Прычым такую падрыхтоўку да адпачынку лепш пачаць загадзя. Па-першае, важна ўдакладніць, якая эпідэміялагічная сітуацыя ў краіне, якую вы збіраецеся наведаць, і высветліць усе рызыкі. Актуальную інфармацыю можна атрымаць у тураператара, а таксама на сайтах Міністэрства аховы здароўя і ўстаноў санітарна-эпідэміялагічнай службы. Па-другое, неабходна зрабіць прышчэпкі, каб папярэдзіць інфекцыйныя хваробы, у выпадку калі ёсць рызыка іх атрымаць. І ўдакладніць у сваёй паліклініцы ўласны прышчэпкавы анамнез: калі ў вас не хапае пэўных прышчэпак, прадугледжаных нацыянальным календаром, звярнуцца да ўрача і затым рэалізаваць яго рэкамендацыі па імунізацыі.

— Усе вакцыны, якія рэгламентаваны ў межах нацыянальнага календара прафілактычных прышчэпак, маюцца ў дзяржаўных медыцынскіх установах у дастатковай колькасці, — адзначае Ірына Глінская. — Але ёсць важны момант: пра прышчэпкі многія ўспамінаюць за адзін-два дні да выезду. У гэты перыяд іх зрабіць можна, але, на жаль, ахова арганізма сфарміруецца праз тры-чатыры тыдні пасля ўвядзення вакцыны. А калі гаворка ідзе пра клешчавы энцэфаліт, то нават і за большы тэрмін. Таму найбольш аптымальны тэрмін для вакцынацыі — за месяц да выезду.

Для падарожжа ў асобныя краіны Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі абавязкова трэба зрабіць прышчэпку супраць жоўтай ліхаманкі — без яе вас спыняць на мяжы. Таксама ёсць пералік краін, дзе яна рэкамендавана. Жоўтая ліхаманка — цяжкае захворванне з ускладненнямі і рызыкай лятальнага канца. Прышчэпка супраць яго робіцца толькі ў сталічнай 19-й цэнтральнай раённай паліклініцы (Першамайскі раён). Пры гэтым выдаецца сертыфікат міжнароднага ўзору. Мінімальны тэрмін, за які паспее сфарміравацца імунітэт, — 10 дзён.

Небяспечная інфекцыя, супраць якой няма прышчэпак, — малярыя. Калі існуе рызыка заражэння, прэпараты супраць гэтай хваробы трэба прымаць працяглы тэрмін — да, падчас і пасля выезду.

Прышчэпкі, якія робяцца ў адпаведнасці з нацыянальным календаром, бясплатныя для дзяцей і дарослых. У прыватнасці, ад адру каляндар прадугледжвае дзве прышчэпкі, якія даюць амаль пажыццёвы імунітэт. Калі нават адной з іх у вас няма, звярніцеся да ўрача ў сваю паліклініку і вам зробяць яе бясплатна. Прышчэпкі, напрыклад, ад клешчавога энцэфаліту, віруснага гепатыту А ці такіх экзатычных хвароб, як жоўтая ліхаманка, робяцца на платнай аснове.

Што важна памятаць

Знаходзячыся ў іншай краіне, важна выконваць меры бяспекі. Пазбягаць кантакту з жывёламі: яны з'яўляюцца крыніцай шэрагу інфекцыйных і паразітарных хвароб. Калі ж кантакт адбыўся, месца ўкусу ці абдзірання, аслінення абавязкова трэба прамыць вадой з мылам і неадкладна звярнуцца да ўрача па антырабічную дапамогу.

У шэрагу цёплых краін можна сутыкнуцца з крывасоснымі насякомымі: кляшчамі, камарамі, маскітамі, а таксама грызунамі, якія могуць быць пераносчыкамі паразітарных хвароб. Тут дарэчы будуць рэпеленты і фумігатары для іх адпужвання.

Каб пазбегнуць вострых кішэчных хвароб і віруснага гепатыту А, прыём ежы ажыццяўляйце ў пунктах харчавання, якія рэкамендаваны тураператарам. Тое самае датычыцца і вады. Ужываць трэба або бутэляваную пітную, або напоі прамысловай вытворчасці. Садавіну і агародніну неабходна апалоскваць таксама вадой гарантаванай якасці. Памятайце, што ўжываць мяса, рыбу, морапрадукты можна толькі пасля тэрмічнай апрацоўкі. Калі вы каштуеце экзатычныя ці незнаёмыя прадукты на рынках і ў месцах неарганізаванага гандлю, вы ідзяце на рызыку: атрымаць інфекцыйную хваробу такім чынам вельмі лёгка. Калі набываеце прадукты, важна звяртаць увагу на тэрмін іх прыдатнасці. Не трэба браць з сабой ежу, якая хутка псуецца (вараная каўбаса, малочныя прадукты, кандытарскія вырабы з кароткім тэрмінам захоўвання).

На экскурсіі, рыбалкі, паляванне выязджаць варта ў тыя месцы, якія абазначаны ў турыстычных маршрутах. Памятайце, што купацца лепш у тых вадаёмах, якія рэкамендаваны тураператарам. Падчас плавання пазбягайце заглынання вады.

Калі праз нейкі час пасля вяртання з адпачынку (пры некаторых захворваннях інкубацыйны перыяд цягнецца да месяца) у вас павысілася тэмпература, з'явіліся пачырваненне і боль у горле, сып, вадкі стул, болі ў жываце, млоснасць, трэба звяртацца да ўрача і паведаміць, у якой краіне знаходзіліся. Гэта дапаможа правільна паставіць дыягназ з улікам тых хвароб, якія сустракаюцца ў іншых краінах.

У апошнія гады неспрыяльная эпідэмічная сітуацыя неаднойчы станавілася праблемай № 1 у свеце. Гэта маштабная эпідэмія ліхаманкі Эбола ў краінах Афрыкі, ускладненне эпідэмічнай сітуацыі, звязанай з ліхаманкай Зіка ў краінах Паўднёваамерыканскага рэгіёна і Паўднёва-Усходняй Азіі, успышка жоўтай ліхаманкі ў Бразіліі, дрэннае эпідэміялагічнае становішча па захворваннях, якія выкліканы каранавірусам блізкаўсходняга рэспіраторнага сіндрому ў Саудаўскай Аравіі, Катары, Аб'яднаных Арабскіх Эміратах. Высокай у свеце застаецца і захваральнасць на халеру: яна рэгістравалася ў краінах Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі, у прыватнасці, Індыі, Емене, а таксама ў Афрыцы — Замбіі, Зімбабвэ, Кеніі, на востраве Гаіці і ў Дамініканскай рэспубліцы.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Асцярожна, адпачынак!

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.