На парозе лета. Настрой цудоўны — адпускны. Чамаданы спакаваныя, і квіткі набытыя. Усё быццам бы зроблена, але... Мы ж забыліся сэканоміць на камунальных плацяжах. Да адпачынку яшчэ дзень, тыдзень, месяц. Тады ўладкоўвайцеся ямчэй і чытайце. Калі вы едзеце ў адпачынак больш чым на 10 дзён запар, то маеце права на пераразлік па пэўных відах паслуг. За што будуць рабіць пераразлік? Калі і што для гэтага трэба падрыхтаваць?
Час для разварушвання — сем дзён
Для жыхароў сучаснай гарадской кватэры пераразлік будзе не істотны. Але такую паслугу, як абыходжанне з адходамі, можна смела на час адпачынку выкрэсліваць. Не трэба плаціць за халоднае і гарачае водазабеспячэнне, водаадвядзенне, праўда, гэта актуальна толькі пры адсутнасці лічыльніка. З газазабеспячэннем — тая ж карціна, яна «працуе», калі лічыльніка няма. За цеплазабеспячэнне, тэхабслугоўванне ліфта і іншыя паслугі ўсё роўна давядзецца плаціць па поўнай.
Якія дакументы ад вас запатрабуе ЖЭС? Трэба абавязкова напісаць заяву па адпаведным узоры. Спатрэбіцца даведка для пераразліку платы за некаторыя віды камунальных паслуг або іншыя дакументы, якія пацвярджаюць вашу адсутнасць па асноўным месцы жыхарства.
Дакументы трэба падаць не пазней за 7 каляндарных дзён з дня вяртання ў пустую кватэру. Арганізацыя вырабіць пераразлік на падставе вашых дакументаў з улікам тэрмінаў часовай адсутнасці.
Дастаткова даведкі з садаводчага таварыства
Дарэчы, пераразлік можна зрабіць не толькі па прычыне ад'езду ў далёкія краі. Партал камунальнай адукаванасці (gkх.bу) падрыхтаваў поўны пералік падстаў для пераразліку, а таксама неабходныя дакументы. Пра гэта — падрабязней.
...І па месцы фактычнага пражывання
Калі вы знаходзіцеся па дагаворы найму жылога памяшкання прыватнага жыллёвага фонду грамадзян, паднайму жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду, тады прадстаўляецца даведка для пераразліку платы за некаторыя віды камунальных паслуг, якая выдаецца на падставе зарэгістраванага ва ўстаноўленым парадку дагавора найму жылога памяшкання прыватнага жыллёвага фонду грамадзян, паднайму жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду арганізацыяй, якая ажыццяўляе налічэнне платы за камунальныя паслугі па месцы фактычнага пражывання.
Вы выехалі ў сельскія населеныя пункты для працы ў сельскай гаспадарцы і сацыяльнай сферы сяла па папярэдняй дамоўленасці з сельскагаспадарчымі арганізацыямі і сельскімі Саветамі дэпутатаў. У гэтым выпадку патрэбна даведка з новага месца працы. Такая ж даведка — пры выездзе для працы ў якасці бацькоў-выхавальнікаў у дзіцячых дамах сямейнага тыпу.
Часовае ўтрыманне ў месцах папярэдняга зняволення і пазбаўлення волі. Трэба даведка з месца папярэдняга зняволення або пазбаўлення волі. Праўда, гэта ўжо зусім не адпачынак, але таксама падстава для пераразліку...
Сяргей КУРКАЧ
Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.
Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.