Вы тут

Як сям'я заснавала станцыю кальцавання на Палессі


Дзе гэты будынак, у Тураве ведаюць усе. Менавіта сюды, у дом з сімвалам вялікага зуйка, з'язджаюцца арнітолагі, бёрдвотчары ды і проста аматары птушак, якія хочуць паназіраць за рознымі відамі і дапамагчы прыродзе. Працуе станцыя ў доме, які набыла сям'я Паўла Пінчука, Наталлі Карліёнавай і іх сына Лёні. Месца гасціннае, асабліва тут многа людзей увесну, калі на Тураўскі луг вяртаюцца ўсе пералётныя кулікі. Мы завіталі на станцыю і нават патрымалі ў руках баталёна!


Сё­ле­та споў­ні­ла­ся 18 га­доў, як На­тал­ля ўпер­шы­ню тра­пі­ла ў Ту­раў.

Вады тут не баяцца

Пакуль усе астатнія раёны церпяць паводку, на Палессі ад яе атрымліваюць асалоду. Разліў Прыпяці — той яшчэ цуд. Наталля расказвае, што ўпершыню сюды трапіла студэнткай і — закахалася ў гэтыя мясціны. Ва ўніверсітэце ў Гомелі яна вывучала птушак прыгарадных лясоў. І вось яе выкладчык прапанаваў з'ездзіць на Тураўскі луг, паглядзець, як кальцуюць кулікоў. Тут Наталля і пазнаёмілася з Паўлам. 7 мая з той сустрэчы споўнілася 18 гадоў.

Павел тады працаваў у Інстытуце заалогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Яны з калегамі назіралі за міграцыяй, а калі ў 1999-м стартаваў нямецкі праект, прысвечаны кулікам на ўнутраных пералётных шляхах, далі пасткі для адлову — і такім чынам у Тураве пачалося кальцаванне. Тады надзявалі кольцы птушкам на дачы бацькоў сябра. Дом знаходзіцца на той жа вуліцы, што і цяперашняя станцыя. І, такім чынам, прыязджалі працаваць на працягу 4-5 гадоў. Самі жылі на кватэры ў горадзе, хадзіць даводзілася далёка, асабліва гэта адчувалася пасля начных адловаў, таму марылі пра свой дом, вядома ж, бліжэй да Тураўскага лугу.

А ў 2005-м сям'я пачала арандаваць адзін з дамоў з надзеяй потым яго купіць. І сёлета Павел з Наталляй адзначаюць дзесяць гадоў з таго моманту, як у іх з'явіўся ўласны куток у Тураве, а ў беларускай арніталогіі — станцыя кальцавання на Палессі. За гэты час з домам пазнаёміліся многія арнітолагі і валанцёры. Як гаворыць гаспадыня, усе знаёмыя і тыя, хто прыязджае ў Тураў са сваімі экспедыцыямі, могуць спыніцца і пераначаваць у іх.

Птушак вымяраюць літаральна ад дзюбы да лап.

Калі Наталля скончыла ўніверсітэт, адразу паступіла ў аспірантуру Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Праз чатыры гады абараніла дысертацыю па баталёне. Гэта, як яна прызнаецца, яе любімы кулік, пра што ўжо ўсе і ведаюць. Калі мы завіталі на станцыю, Наталля кальцавала менавіта баталёнаў. Сам працэс выглядае цікава. Птушку вымяраюць літаральна ад дзюбы да лап. Глядзяць нават, наколькі яна тлустая па шкале ад 1 да 4. А яшчэ бяруць кроў для аналізаў. Насамрэч спярша здавалася, што для птушкі гэта дзікі стрэс і дыскамфорт. Але, калі мне даручылі выпусціць баталёна на волю, ён з маіх рук не зляцеў, не збег, а проста саскочыў і пайшоў пехам у бок Прыпяці, быццам кожны дзень сюды ў госці завітвае. Таму, мне падаецца, яны даволі стойка і спакойна перажываюць усе аперацыі, аднак усё ж такі арнітолагі імкнуцца лішні раз іх не чапаць і кальцаваць адразу пасля адловаў, каб птушкі не нудзіліся ў мяшках. Потым аспірантка Наталлі Яўгенія — яна ў Тураве збірае матэрыял для сваёй дысертацыі па мясцовых відах, якія гняздуюцца, — расказала, што ў яе ёсць фішка: апладзіраваць птушцы ва ўслед, калі яна злятае з рук. Выглядае як невялічкі абрад, але робіцца менавіта для таго, каб птушка ляцела, а не садзілася непадалёку, бо тыя ж мясцовыя каты могуць успомніць, што яны драпежнікі, і напасці.

Цяпер Наталля працуе вядучым навуковым супрацоўнікам лабараторыі арніталогіі Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах. Тут жа старшым навуковым супрацоўнікам працаваў і Павел да гэтай вясны. Цяпер ён застаўся на пасадзе дырэктара Беларускага цэнтра кальцавання птушак. Атрымліваецца, увесь час разам: і на рабоце, і дома. Побач заўжды і птушкі. Дарэчы, дома сям'я ніякіх дэкаратыўных птушак не трымае, але адзін час завялі невялічкую гаспадарку — дзвюх перапёлак — і збіралі яйкі.

Лё­ня з пер­шых га­доў да­па­ма­гае баць­кам на стан­цыі.

Паход па марадунку

Лёня сёлета заканчвае другі клас. Расказаў, што хоча быць рыбаловам, таму з вудаю шпацыруе разам з намі па горадзе бліжэй да ракі. Дарэчы, кожны свой дзень нараджэння ў жніўні хлопчык святкуе менавіта ў Тураве. Сам ён з цікавасцю шукае гнёзды з яйкамі, выпускае птушак, ездзіць правяраць пасткі з дарослымі. Паколькі ходзіць у сталічную школу, прыязджаць на Палессе разам з бацькамі, на жаль, атрымліваецца не так часта, як раней.

А мы ідзём шукаць разам з Лёнем, Наталляй, Аняй (магістранткай лабараторыі арніталогіі) і Сержыа (іх знаёмым з Францыі) куліка-марадунку. Гэта птушка — своеасаблівы сімвал Тураўшчыны. На галоўнай плошчы ёй нават ёсць помнік. За дзве гадзіны мы ўбачылі некалькі розных кулікоў Тураўскага лугу, і, вось, перамога: марадунка вылецела на бераг насупраць нас. Добра разгледзелі яе выгнутую дзюбку, рабую шэрую спінку... Высветлілася, што Сержыа ведае сям'ю Паўла і Наталлі ўжо дзесяць гадоў. Ён другі раз прыязджае з Францыі ў Тураў. Першы быў у 2008-м, і вось праз столькі часу вырашыў абнавіць свае ўражанні ад беларускага Палесся. Сержыа гаворыць, што ў яго на радзіме назіранне за птушкамі вельмі папулярнае. Там гэтым займаюцца дзясяткі тысяч людзей, таму і вялікая ўвага ўдзяляецца навакольнаму асяроддзю. Разам з намі марадунку ўбачыла і група бёрдвотчараў з Германіі. Яны мэтанакіравана прыехалі ў Тураў папоўніць свае спісы птушак. Некаторыя з іх, дарэчы, аказаліся знаёмыя з Наталляй. Яна, як і Павел, ладзіць прагулкі-экскурсіі і расказвае пра птушак Тураўшчыны аматарам з розных краін.

Цікавяцца працай у заказніку і калегі з універсітэта ў Гданьску. З імі ў гаспадароў станцыі кальцавання вельмі цесныя кантакты. Нават дзве дысертацыі польскія вучоныя рыхтавалі на Тураўскім лузе: пра куліка-марадунку і пра птушанят кнігаўкі. У маі на іх станцыю завітвалі і калегі з Эстоніі, і фатограф з Германіі, які хацеў паказаць разліў Прыпяці. Плюс усе сябры і беларускія бёрдвотчары таксама прыязджаюць на гэтыя дні, каб дапамагчы на станцыі і заадно дадаць новыя віды ў свой спіс. Так што сям'я амаль заўсёды з гасцямі.

Паст­кі ўдзень пра­вя­ра­юц­ца кож­ныя 2—3 га­дзі­ны.

Кулік да Якуціі давядзе

Дарэчы, былі выпадкі, калі мясцовыя дзеці пасля таго, як завітвалі да Наталлі і Паўла на станцыю, забаранялі сваім бацькам паляваць. І дарослыя прыходзілі скардзіцца. Дзеці ўжо падраслі і, будзем спадзявацца, захавалі трапяткое стаўленне да прыроды.

Сёння дзень на станцыі праходзіць так: з раніцы правяраюць пасткі. Для птушкі гэта невялічкі лабірынт. Яна туды заходзіць і, нягледзячы на тое, што дзверы не зачыняюцца, застаецца ўнутры. Днём арнітолагі плаваюць кожныя 2—3 гадзіны на праверку. Калі няма ветру, яшчэ ездзяць правяраць гнёзды. Іх пазначаюць палачкамі. Мы таксама ўбачылі адно такое, калі ездзілі з Паўлам правяраць пасткі. На ўсё гэта ёсць байдаркі і лодка. Увечары, калі хапае людзей, ставяць сеткі. Падчас начных адловаў робяць дзве праверкі. У сезон хвіліны няма вольнай. Бываюць дні, калі можна за суткі каля 100 птушак акальцаваць. Часам і за ноч столькі трапляюць у сеткі. Па выніках красавіка і паловы мая на станцыі акальцавалі 660 птушак. Больш за ўсё баталёнаў і кулікоў-цякуноў. Найбольш рэдкія — малы кіркун, стучок, бакас, дубальт, кулік-паручайнік.

Кальцуюць Павел і Наталля не толькі ў Тураве. Упершыню, калі я з імі пазнаёмілася мінулым летам, яны вярталіся з Дняпроўска-Брагінскага вадасховішча. Ездзілі туды зноў жа па кулікоў, бо пры нізкай вадзе ў Прыпяці птушкі пераляцелі заходней. Падчас зімоўкі ў Мінску Павел праводзіў навукова-папулярную лекцыю па тых жа куліках. Напрыклад, сярод цікавостак — той факт, што наш баталён залятае за 9000 кіламетраў у Якуцію. Многія баталёны, дубальты і кулікі-перавозчыкі зімуюць у Афрыцы. З Еўропы ў Беларусі спыняюцца ўвесну кнігаўкі, бакасы і зноў жа баталёны. Далей яны рухаюцца ў Скандынавію і Расію.

Шчыра кажучы, не ведаю, што рабіць у Тураве пасля дзвюх гадзін на агляд мясцовых славутасцяў. Адзінае, што вабіць сюды яшчэ і яшчэ аматараў дзікай прыроды — птушкі і Прыпяць, якія кожны год увесну раскрываюцца па-асабліваму. Мабыць, у Наталлі і Паўла адно з найбольш прыгожых працоўных месцаў у нашай краіне.

Надзея АНІСОВІЧ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА і Арцёма ХАЛАНДАЧА

Загаловак у газеце: Крылатая гісторыя

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.