Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем аб завяршэнні кар'еры адной з найлепшых біятланістак краіны, адстаўцы трэнера БАТЭ і выступленнях беларускіх спартсменаў на міжнародных турнірах.


1. Надзея Скардзіна прыняла рашэнне завяршыць кар'еру біятланісткі.

«Шмат думала пра тое, працягваць ці не. Пагаварылі з галоўным трэнерам Юрыем Альберсам, кіраўніцтвам федэрацыі — яны прынялі маё рашэнне завяршыць кар'еру. Зараз буду адпачываць. Планаў, чым буду займацца, пакуль не строю, усё ж занадта шмат гадоў працавала без перапынку. Хачу проста агледзецца вакол», — сказала Надзея.

Яна падзякавала балельшчыкам за іх падтрымку ўсе 15 гадоў, што была ў нацыянальнай камандзе Беларусі.

За час кар'еры найбольш значных поспехаў Надзея Скардзіна дамаглася ў 2018 годзе ў Пхёнчхане, стаўшы алімпійскай чэмпіёнкай у эстафеце. Таксама на яе рахунку бронзавая ўзнагарода Гульняў у Сочы і трэцяе месца на чэмпіянаце свету па біятлоне ў эстафеце.

Дар'я Домрачава ў сацыяльных сетках пракаментавала рашэнне сяброўкі па камандзе.

«Гэта была бліскучая кар'ера! Дзякуй за ўсё тое, што мы прайшлі разам! Дзякуй за заўсёды вернае плячо падтрымкі! Дзякуй за азарт на трэніроўках, за вясёлыя дзянькі разам і за дзянькі ў пераадоленні таксама разам! Ёсць што ўспомніць! Дзякуй за снайперскі талент! Дзякуй за твае поспехі і працавітасць! Наперадзе столькі ўсяго цікавага! Каманда ёсць каманда! Я заўсёды побач».


2. Футбольны клуб БАТЭ абвясціў аб расставанні з галоўным трэнерам Алегам Дулубам.

«У сувязі з нездавальняючымі вынікамі БАТЭ ў апошніх матчах: паражэннем у фінале Кубка Беларусі, стратай ачкоў у гульнях з «Іслаччу» і «Гарадзеяй», а таксама з-за занепакоенасці за стан каманды напярэдадні еўракубкаў прынята рашэнне аб скасаванні кантракта з галоўным трэнерам ФК БАТЭ Алегам Дулубам», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы барысаўскага клуба.

Рашэнне аб новым галоўным трэнеры і яго памочніках будзе паведамлена пазней.

Нагадаем, БАТЭ стартаваў у цяперашнім чэмпіянаце краіны, выдаўшы серыю з 8 перамог запар, у тым ліку над галоўным канкурэнтам — мінскім «Дынама». Затым была нічыя з «Іслаччу» (1:1) і паражэнне ад «Гарадзеі» (1:2). Прычым у абодвух выпадках барысаўчане выпускалі лідарства па ходзе матчаў. Тым не менш БАТЭ па-ранейшаму лідзіруе ў чэмпіянаце краіны, на 2 ачкі апярэджваючы мінскіх дынамаўцаў.

— З разуменнем паставіўся да рашэння клубнага кіраўніцтва з нагоды спынення далейшага супрацоўніцтва. Жадаю БАТЭ поспехаў у чэмпіянаце краіны і еўракубках. Дзякуй усім за сумесную працу, — пракаментаваў Алег Дулуб. — Думаю, што цяпер мне лепш адпачыць, асэнсаваць тое, што адбылося, ну а што будзе потым — паглядзім.


3. Тры ўзнагароды заваявалі беларускія атлеты на першым этапе Кубка свету па акадэмічным веславанні ў Бялградзе.

Залатую ўзнагароду ў адзіночцы лодак лёгкай вагі заняла беларуска Алена Фурман. На трэцюю прыступку п'едэстала падняліся два беларускія экіпажы: мужчынская чацвёрка двухлопасцевая без рулявога ў складзе Вадзіма Ляліна, Дзмітрыя Выберанца, Ігара Пашэвіча і Мікалая Шарлапа і экіпаж мужчынскай двойкі двухлопасцевай у складзе Сяргея Валадзько і Дзмітрыя Фурмана.

У медальным заліку спаборніцтваў беларуская каманда з трыма ўзнагародамі заняла дзявятае месца. Перамаглі весляры з Нідэрландаў, якія ў Бялградзе заваявалі 10 медалёў.


4. Кацярына Галкіна заваявала бронзавую ўзнагароду чэмпіянату Еўропы па мастацкай гімнастыцы ў іспанскай Гвадалахары.

У індывідуальным мнагабор'і адна з лідараў беларускай каманды ўпэўнена выканала практыкаванні са стужкай і абручом, у ліку найлепшых Кацярына аказалася таксама ў выступленні з мячом і булавамі. У выніку грацыя атрымала ад суддзяў 77,625 бала. Чэмпіёнкай Еўропы ў індывідуальным мнагабор'і стала расіянка Арына Аверына — 79,250, яе сястра Дзіна Аверына заняла другое месца — 77,750.

Адзначым, што медаль у індывідуальным мнагабор'і на чэмпіянаце Еўропы ў беларускіх гімнастак першы з 2014 года, калі ў Баку таксама бронзавым прызёрам стала Меліціна Станюта.

У Гвадалахары на кантынентальным першынстве ў беларускай камандзе яшчэ адзін медаль заваявала Ганна Каменшчыкава, якая ў спаборніцтвах сярод юніёрак у практыкаванні з булавамі стала сярэбраным прызёрам.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Выхадныя перамен

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цяльцам не варта расслабляцца.

Адукацыя

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.