Вы тут

Зняты дакументальны фільм пра мастацкае вучылішча, заснаванае Шагалам


Нядаўна стала сенсацыяй, што на аўкцыёне Сhrіstіе's за рэкордную суму — 85,8 мільёна долараў прадалі «Супрэматычную кампазіцыю» (1916 год) Казіміра Малевіча. А ў Віцебску, дзе працаваў і выкладаў мастак, беларускія кінематаграфісты днямі здымалі дакументальны фільм пра мастацкае вучылішча, заснаванае Маркам Шагалам. У нашы дні гэта — новы музей. І ў ім, дарэчы, цікава нават дзецям, якія, як цяпер кажуць, «з калыскі са смартфонам», бо экспазіцыя — інтэрактыўная.


Турысты ехалі з-за акіяна

Работнікі ўстановы культуры ўжо прызвычаіліся чуць шчырыя кампліменты. У прыватнасці, пры мне мастак, турыст з Санкт-Пецярбурга словамі: «Рускі музей адпачывае!» так адзначыў сваё наведванне.

Дарэчы, сярод экскурсантаў музея гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча становіцца ўсё больш іншаземцаў. Апошнія не раз казалі, што былі шмат дзе, напрыклад, у Луўры, але не меркавалі ўбачыць такі цуд у Віцебску. Ніхто не пазбег здзіўлення.

Пра тое, што ў Віцебску ствараецца адзіны ў свеце такі музей, мы ўжо паведамлялі. І вось на вуліцы Марка Шагала цікавы аб'ект культуры адчыніўся для турыстаў.

Галоўная каштоўнасць — будынак, дзе працавалі Марк Шагал, Казімір Малевіч, Эль Лісіцкі, Юдаль Пэн, Вера Ермалаева, Мікалай Суэцін, Ілья Чашнік і іншыя, упрыгожваў вуліцу і раней. Калісьці яна мела назву «Газеты «Праўда», у часы Шагала — Бухарынскай.

Па ініцыятыве Шагала першая (на тэрыторыі сучаснай Беларусі) мастацкая ўстанова адукацыі адкрылася ў 1918-м. А будынак з'явіўся ў 1912—1913 гадах і належаў банкіру Ізраілю Вішняку. Да рэвалюцыі, ён, можна так лічыць, быў мясцовым алігархам, у ліку іншага валодаў акцыямі трамвайнага акцыянернага таварыства, страхавымі кампаніямі.

Дарэчы, дзякуючы спадару Вішняку, у правінцыйным Віцебску трамваі з'явіліся ў 1898 годзе — на год раней, чым у Маскве, і на 9 гадоў раней за Санкт-Пецярбург.

Дом Вішняка быў, як той казаў «мадэрновым»: з водаправодам, ваннай, спецыяльнай сістэмай каналізацыі. Цудам будынак захаваўся падчас вайны.

Андрэй Духоўнікаў, дырэктар установы культуры «Музей «Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва» ўпэўнены — гэта знак, што Віцебск і Шагал звязаны, можна і так сказаць, на сакральным узроўні.

— Нават, калі ў будынку знаходзіліся розныя арганізацыі, а пра музей толькі марылі супрацоўнікі культуры, убачыць будынак сюды спецыяльна прыязджалі здалёк. Нават былі турысты з-за акіяна! — успамінае кіраўнік.

Дадаў, што вялікую дапамогу ў стварэнні і адкрыцці музея аказалі былы міністр культуры Беларусі Павел Латушка і экс-губернатар Аляксандр Косінец.

У музеі.

«Клін» пад нагамі

У музеі здзіўляешся з самага пачатку экскурсіі. Напрыклад, уражвае афішная тумба — тыповая для дарэвалюцыйнай расійскай дзяржавы. Яна з сучаснымі інтэрактыўнымі экранамі. На апошніх можна ўбачыць Віцебск пачатку мінулага і пазамінулага стагоддзяў. Віртуальная экскурсія — падарожжа «на машыне часу» вельмі падабаецца гледачам.

Многіх уражвае і знакаміты плакат «Клінам чырвоным бі белых». Так званую «рэпліку» гэтага плаката Эль Лісіцкага, выкананую ў выглядзе мазаікі: з паліраванага, каляровага граніту, можна ўбачыць на падлозе ў холе музея.

У пакоі, дзе працаваў Малевіч, пры ўключэнні ультрафіялетавага асвятлення на белых сценах з'яўляюцца яго рукапісы і малюнкі, створаныя ў Віцебску. Аўтар гэтага цуду — віцебскі мастак Аляксандр Вышка.

Але ж, бадай, «па-за канкурэнцыяй» знаходзіцца люстэрка. Але незвычайнае. Набліжаючыся да яго, вы ўбачыце партрэты Шагала, яго першай жонкі Бэлы і яшчэ шмат цікавага. У прыватнасці, прачытаеце вершы Шагала...

— Дарэчы, люстэрка выкарыстоўвалася для здымак у Віцебску фільма рэжысёра Аляксандра Міты «Шагал — Малевіч», — удакладніў дырэктар.

Вялікія і маленькія сэнсарныя маніторы дазваляюць падчас экскурсіі даведацца пра вядомых на ўвесь свет мастакоў, якія тут працавалі.

— Пазней іх будуць лічыць заснавальнікамі новых кірункаў у мастацтве. Менавіта тут утварыўся легендарны УНОВІС (сцвярджальнікі новага мастацтва) — авангарднае мастацкае аб'яднанне, створанае Казімірам Малевічам і яго паслядоўнікамі, — працягвае суразмоўнік.

Ён адзначыў, што наведвальнікі прыемна здзіўляюцца і таму, што ў будынку ёсць wі-fі. Гэта дазваляе адразу выкладваць фота і каментарыі на асабістых старонках у сацыяльных сетках. Напрыклад, многія «выкідваюць» у сусветнае павуцінне фота, калі спрабуюць сабраць фігурку чалавека з брускоў. Гэтая ідэя сучасная, але з'явілася яна на падставе работ Давіда Якерсона.

Паказаць арыгіналы? Можам часткова

— Сістэма рэгулявання тэмпературна-вільготнаснага рэжыму дазволіць выстаўляць тут творы, якія захоўваюцца ў найлепшых музеях свету! — кажа Андрэй Духоўнікаў.

Адпаведныя перамовы ўжо вядуцца. На жаль, у Віцебску няма арыгіналаў работ Шагала і Малевіча, іншых іх калег. У шагалаўскім музеі ёсць толькі графіка Майстра.

Цікава, што ў адным з залаў захавалася частка аўтэнтычнага паркету, а шпалеры аднавілі па фрагменце, знойдзеным падчас рамонту.

Сёння музей становіцца папулярным месцам правядзення розных семінараў, прэзентацый. Усё больш маладажонаў пасля заключэння шлюбу адразу адпраўляюцца сюды.

— Менавіта ў нас можна больш зразумець, хто былі першапраходцы ў вобласці дызайну, скульптуры, архітэктуры. Іх напрацоўкі выкарыстоўваюцца і ў наш час. Нездарма, паняцце «Віцебская мастацкая школа» ведаюць ва ўсім свеце, — завяршае экскурсію Андрэй Духоўнікаў.

У наступным годзе, дарэчы, 140-гадавіна з дня нараджэння Казіміра Малевіча. Безумоўна, гэтую падзею адсвяткуюць і ў Віцебску. Плануецца, што эпіцэнтрам мерапрыемстваў стане музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Крокі да Шагала

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».