Радыёканал «Культура» абвясціў конкурс на выбар сучаснай п’есы «Беларускі радыётэатр у XXI стагоддзі», асноўная мэта якога — адабраць лепшую радыёп’есу для пастаноўкі ў эфіры.
Удзельнікам прапануюць прадставіць п’есы на тэмы: «Моладзь і вечныя каштоўнасці: сучасны погляд», «Моладзь і сямейныя каштоўнасці», «Дыялог культур у сучасным свеце». Работы прымаюцца на беларускай і рускай мовах. Нават калі твор будзе адабраны на рускай мове, яго перакладуць на беларускую.
— Радыёп’еса патрабуе вялікіх намаганняў ад драматурга, — падкрэслівае намеснік дырэктара канала «Культура» Уладзімір Трапянок. — Гэта не п’еса для тэатра, гэта п’еса, якая ўспрымаецца на слых. У сувязі з гэтым асноўнае дзеянне і асноўны канфлікт павінны быць пабудаваныя на дыялогах. У крытэрыях конкурсу ёсць абмежаванне: у п’есе павінна быць не больш за восем дзеючых асоб, а аб’ём твора — не менш чым сорак старонак. Вельмі абмежаваныя мы і ў эстэстычным плане. П’есы, якія цяпер пішуцца для тэатраў, не могуць прайсці на такім радыёканале, як наш. Для звычайнага тэатра характэрна такая з’ява, як эксперымент, дзе можа выкарыстоўвацца нецэнзурная лексіка. На радыё такога быць не павінна.
Арганізатары падкрэсліваюць, што галоўныя задачы конкурсу — працяг традыцый і адначасова матывацыя творчай моладзі да развіцця сучаснага літаратурна-мастацкага радыёвяшчання. — Калісьці ў Беларусі радыёспектаклі былі запатрабаванай з’явай, — падкрэслівае Уладзімір Трапянок. — Пачынаючы з 1920 гадоў радыёспектакль заняў пачэснае месца ў эфіры. Спачатку гэта былі трансляцыі з тэатраў, затым у 30-я гады былі створаны першыя радыёп’есы, якія ўвасабляліся ў радыёстудыях. У 1990-я гады адбылася рэформа на беларускім радыё, і справа мастацка-літаратурнага вяшчання крыху адышла ўбок. У 2000-я гады на радыё адбывалася рэканструкцыя, абсталяванне камп’ютарнай тэхнікай, і справа па стварэнні радыёспектакляў прыпынілася. Толькі ў 2006 годзе на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё выйшаў спектакль «Ігнатаў рубеж» да 20-годдзя трагедыі на Чарнобыльскай станцыі. Гэта падзея паклала пачатак развіццю сучаснага этапу беларускага радыётэатра. З той пары прыкладна адзін-два спектаклі на год выпускаліся на Першым нацыянальным канале. Сёлета ў сакавіку да Міжнароднага дня лясоў 21 сакавіка і мы стварылі спектакль «Падарожжа ў краіну мурашоў». Такім чынам абнавілі дзіцячы радыётэатр.
Заяўкі на ўдзел прымаюцца да 15 ліпеня. Падводзіць вынікі конкурсу журы будзе адкрытым галасаваннем на падставе агульнай сумы балаў. Згодна з умовамі конкурсу, пераможца перадае свае правы на выкарыстанне п’есы арганізатарам на платнай аснове.
Вікторыя АСКЕРА
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.