Вы тут

Шлях у тысячы літар


Я шмат думаў, ці варта наогул пісаць з гэтай нагоды. Чарговы юбілей «Маладосці» — 65. Віншаванні, цёплыя словы, падзякі. Да ўласных знакавых дат я стаўлюся абыякава, але прайсці міма чужых не магу. Канешне ж, варта пісаць! Не хваласпевы, а проста адзначыць належнае, заслужанае часам і руплівай працай.


Пісаць і стаць пісьменнікам мне хацелася заўсёды. Адзначу, што юнаком, прыходзячы ў школьную бібліятэку, гартаючы там «Бярозку» і «Маладосць», я ніколі не думаў стаць аўтарам гэтых выданняў. Не ведаў яшчэ, што спачатку буду зрэдку дасылаць свае творы, а потым нават займею рэгулярную аўтарскую калонку. Мне, тады школьніку, слаба верылася ў тое, што мяне могуць недзе надрукаваць. Не тое, каб я быў ужо зусім бяздарны. Але ж мне рэальна не хапала смеласці, каб зрабіць першы крок.

Вагаўся аж да сканчэння ўніверсітэта, а рашыўся толькі, калі ўжо пайшоў на працу. Здавалася б — стаў дарослым, незалежным ва ўсіх сэнсах чалавекам, але ад дзіцячых мрояў — пісаць і публікавацца — не адступіў, не пакінуў іх у мінулым, як часцяком робяць. Купляючы чарговы свежы нумар «Маладосці», я браў яго ў рукі, адкрываў раздзел «Проза» і ўяўляў, як глядзелася б у ім мая «нятленка». Але ж у рэальнасці мае тэксты працягвалі ляжаць ці ў шуфлядах, ці ў папках камп'ютара. Смеласці па-ранейшаму не хапала, ніяк не мог адважыцца на тое, каб адаслаць што-небудзь з напісанага на рэдакцыйную пошту. Хоць, зноў жа, шмат разоў уяўляў, як раблю гэта, неаднаразова пісаў чарнавік, які потым выдаляў. Калі вы дачыталі да гэтага месца, пэўна, разумееце, куды я хілю.

Чым больш чытаў біяграфій розных празаікаў і паэтаў, тым больш разумеў, што друкавацца ў часопісах — абсалютна нармальная практыка. Пры гэтым некаторыя сусветна вядомыя літаратары, як, напрыклад, Юкіа Місіма, імкнуліся пісаць не толькі для салідных літаратурных выданняў, дзе пераважна друкуюць прызнаных аўтараў, але і для дзіцячых. Місіма друкаваўся паўсюдна, дзе толькі яму хацелася. Нават у часопісах для дзяўчынак можна адшукаць яго прозвішча. Хемінгуэй пісаў тэксты ў «Еsquіrе» з самага першага нумара, і яму заўсёды было што сказаць. Натуральна, што яго нарыс 1936 года, які потым лёг у аснову аповесці «Стары і мора», трапіў у адмысловы нумар, дзе сабрана найлепшае за гісторыю часопіса.

У 2013 годзе, пяць гадоў таму, я, нарэшце, сабраўся з духам і цвёрда вырашыў публікавацца. Адаслаў свой першы твор, не асабліва верачы ў станоўчы адказ. Было гэта вясной, але ўжо ў ліпеньскім нумары часопіса, як падарунак да дня нараджэння, выйшла маё апавяданне «Блог». Цяпер я, канешне ж, так не пісаў бы, тым больш не друкаваў бы гэты твор. Таму залічым тую публікацыю ў якасці авансу, з прыцэлам на перспектыву і будучыню. Маўляў, можа яшчэ напіша што лепшае.

На гэтым гісторыя магла б скончыцца, калі б увосень таго ж года я не набыў кнігу «Скрозь «Маладосць»...», якая была адмыслова падрыхтавана да 60-годдзя выдання. У ёй сабраны гутаркі, разважанні, успаміны вядомых беларускіх літаратараў, якія друкаваліся і працавалі ў часопісе, а таксама дакументы — пратаколы пасяджэнняў рэдкалегіі за розныя гады. Дзякуючы ім мы можам цяпер уявіць, якім чынам на старонкі «Маладосці» траплялі творы тых, хто цяпер ужо прызнаны як класік, а тады быў яшчэ пачаткоўцам.

Кніга насамрэч унікальная для Беларусі, бо ў нашай краіне рэдка выходзяць падобныя выданні. А ў свеце такі жанр, як нон-фікшн, з'яўляецца не проста адным з самых папулярных, але і прыбытковых. На гісторыі добра зарабляюць усе, хто толькі можа. (Прыгадайце, колькі было шуміхі вакол прамінулага юбілею «Рlауbоу», колькі было напісана пра гэты ўжо легендарны амерыканскі часопіс, які па ўсім свеце мае нацыянальныя версіі. Ды што напісалі — нават знялі серыял на аснове рэальных падзей.)

Не буду спойлерыць кнігу, адзначу толькі, што яе абавязкова варта знайсці і прачытаць, лепей нават набыць для ўласнай бібліятэкі. Такога ў Вікіпедыі дакладна не прачытаць — гэта ўжо для сапраўдных аматараў літаратуры і ўсяго, што вакол яе. І, зразумела ж, кніга матывуе, бо, не будзем крывіць душой, кожны літаратар хоча пакінуць нешта пасля сябе, хоць бы нейкую памяць. Іначай і не пісаў бы, не імкнуўся б данесці свае думкі да чытача, падзяліцца з грамадой трывогамі ды прагнозамі. Літаратар тады сапраўдны, калі ён не толькі спрабуе адказаць на выклікі рэчаіснасці, але і здольны гэтую рэчаіснасць фарміраваць, задаваць яе тон. Ну і, канешне ж, многім з нас, яшчэ маладым, хацелася б далучыцца да плеяды славутых майстроў пяра. Стаць у адзін шэраг з класікамі. Хіба не?

Гэта неверагоднае адчуванне — пісаць для часопіса, дзе некалі друкаваліся твае героі. А іх, як вядома, многа не бывае. І гэта таксама матывуе — на тваіх вачах нараджаецца і працягваецца традыцыя і пераемнасць, якой так часам не хапае беларускай справе.

Хочацца пажадаць рэдакцыі часопіса «Маладосць», каб яна яшчэ 100 гадоў цешыла нас сваёй працай. А супрацоўнікі і надалей вось так ахвотна давалі слова маладым, адкрывалі новыя імёны, вярталі з забыцця класікаў, ніколі не спыняліся на дасягнутым і заўсёды трымалі планку. Патэнцыйным жа аўтарам часопіса хочацца пажадаць смеласці, зусім крыху, роўненька каб хапіла на самы пачатак. Бо, як сцвярджаў старажытнакітайскі філосаф Лаа Цзы, «шлях у тысячу лі пачынаецца з першага кроку». І яго, безумоўна, варта зрабіць!

Канстанцін КАСЯК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».