Вы тут

«Планета» маладзёжных ініцыятыў


Сёння «Чырвонка. Чырвоная змена» друкуе апошнія «пробы пяра» нашых юных і маладых няштатных аўтараў, якія паступілі на чарговы конкурс «Я — малады. І мне не ўсё роўна!» і былі адабраны для публікацыі як найлепшыя. У найбліжэйшым выпуску дадатку плануецца падвесці вынікі творчага спаборніцтва і назваць імя (ці імёны) яго пераможцы (пераможцаў). Тады ж мы традыцыйна правядзём і невялікі «разбор палётаў».

А пакуль у якасці агульнага каментарыя (апроч, вядома, шчырых віншаванняў удзельнікам, чыя «пробы пяра» з'явіліся на старонках «Чырвонкі. Чырвонай змены») хацелася б сказаць наступнае. Конкурс чарговы раз засведчыў, што інтарэс да журналісцкай прафесіі з боку творчай беларускамоўнай моладзі не знікае. Гэта, канешне ж, не можа не радаваць, будучыя калегі! Менавіта так, паколькі мы спадзяёмся, што ўсе вы, хто марыць аб прафесіі, паступіце на журфак, адвучыцеся і прыйдзеце да нас працаваць. Уласна, конкурс для гэтага і задумваўся: дапамагчы таленавітым і настойлівым знайсці свой шлях у жыцці. Да нашых абавязковых наступных сустрэч!


Мець актыўную жыццёвую пазіцыю, быць творчымі, ініцыятыўнымі, самастойнымі... Развіваць гэтыя важныя якасці дапамагаюць заняткі ў клубе ЮНЕСКА «Планета» Маладзечанскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік».

Удзель­ні­кі і аў­та­ры пра­ек­та «Па­ляр­ная зор­ка».

Гісторыя аб'яднання бярэ пачатак у далёкіх 1970-х з клуба інтэрнацыянальнай дружбы.

— Гэта быў той час, калі сродкам камунікацыі з'яўлялася пісьмо, і невялікі сціплы канверцік мог абляцець увесь свет, робячы сябрамі незнаёмых людзей. Пра жыццё сваіх аднагодкаў дзеці даведваліся тады менавіта з папяровых вестачак, — успамінае кіраўнік клуба «Планета» Валянціна Саенка. — З таго часу застаўся наш дэвіз: «Няхай будуць сяброўствам сагрэтыя ўсе пяць частак вялікай планеты!»

Цесная сувязь з аднагодкамі далёкага і блізкага замежжа падтрымліваецца і цяпер. Вось ужо некалькі гадоў члены маладзечанскага клуба прымаюць удзел у міжнародным валанцёрскім лагеры «Зямля — наш агульны дом».

Клуб займаецца прапагандай ідэалаў ААН і ЮНЕСКА, здаровага ладу жыцця. Падлеткі вывучаюць правы дзіцяці і чалавека, знаёмяцца з гісторыка-культурнай спадчынай Беларусі. Усе мерапрыемствы праходзяць інтэрактыўна: гутаркі, дыскусіі, абмеркаванне сітуацый, ролевыя, дзелавыя і камунікатыўныя гульні. І ў аснове ўсёй работы ляжыць валанцёрская дзейнасць. Напрыклад, юнакі і дзяўчаты праводзяць практыкаванні «Лячэбная магія» для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Гульні з паперкамі, ніткамі, гумкамі не толькі развіваюць маторыку рук, кемлівасць, але і прыводзяць дзяцей у захапленне, зараджаюць станоўчымі эмоцыямі.

Клуб ЮНЕСКА — своеасаблівая школа лідара. Кожны з яе членаў праводзіць семінары, трэнінгавыя заняткі па прынцыпе «Роўны навучае роўнага». Такі падыход дае станоўчы вынік, бо інфармацыя з вуснаў аднагодка падаецца больш даступна і цікава, на звыклай і зразумелай мове.

У клубе ёсць магчымасць ствараць і ўвасабляць свае праекты. Напрыклад, у рамках Дзяржаўнай праграмы «Адукацыя і маладзёжная палітыка» распрацаваны праект «Выбіраем здароўе». У 2015 годзе праект клуба «Прававы эрудыт» атрымаў рэспубліканскі грант для яго рэалізацыі.

На веснавых канікулах прайшоў асноўны этап прафарыентацыйнага праекта «Палярная зорка», яго аўтары — Марыя Прыткова і Уладзіслаў Бажко. Ён разлічаны на школьнікаў, якія маюць цяжкасці з выбарам прафесіі, баяцца зрабіць памылку, паступіўшы не ў тую навучальную ўстанову.

— Як зорка дапамагае арыентавацца ноччу, так і гэтая ініцыятыва дае магчымасць адчуць усе складанасці абранай спецыяльнасці, акунае з галавой у тую сферу дзейнасці, з якой падлеткі збіраюцца звязаць сваю будучыню, — тлумачыць Марыя.

На першым этапе праекта яго арганізатары правялі трэнінгі, якія вучаць ставіць мэты, матываваць да дзеяння, планаваць працоўны дзень. Другі этап уяўляе сабой кірмаш прафесій і праграму Jоb shаdоw. Што гэта такое? У адпаведнасці з абранымі кірункамі спецыяльнасцяў быў складзены спіс арганізацый і прадпрыемстваў. Наведаўшы іх, удзельнікі праекта змаглі паназіраць за прафесіяналамі, задаць ім усе хвалюючыя пытанні, убачыць, з чым прыйдзецца сутыкнуцца ў будучыні. Напрыклад, юныя журналісты наведалі рэдакцыі мясцовага тэлебачання і «Маладзечанскай газеты». Хтосьці сустрэўся з псіхолагам, іншыя прымерылі форму пажарных-ратавальнікаў. Па завяршэнні праекта быў арганізаваны круглы стол. Хлопцы і дзяўчаты падзяліліся сваімі ўражаннямі і нарэшце вырашылі, ці варта звязваць сваё жыццё з абранай прафесіяй.

Усё больш і больш падлеткаў цікавіцца клубам ЮНЕСКА «Планета». Энергічныя, жыццярадасныя, таварыскія — яны робяць дзейнасць арганізацыі больш яркай і цікавай, дадаюць у яе штосьці ад сябе.


Пра аўтара

На працягу 10 гадоў Арына займаецца харэаграфіяй. З'яўляецца членам клуба ЮНЕСКА «Планета».

— Менавіта тут я навучылася праводзіць трэнінгавыя заняткі, змагла паўдзельнічаць у розных акцыях, пабывала на фестывалях клубаў ЮНЕСКА, — кажа пра сябе 15-гадовая аўтарка.

Дзяўчына цікавіцца гісторыяй. «Упэўнена, што адукаваным чалавек можа лічыцца толькі тады, калі ён ведае і паважае гісторыю сваёй дзяржавы». Арына любіць падарожнічаць па розных краінах і знаёміцца з культурай і традыцыямі іншых народаў. Таксама цікавіцца журналістыкай і ў далейшым хоча звязаць сваё жыццё менавіта з ёй. Займаецца ў гуртку «Школа журналістыкі» і ў дзіцячай тэлевізійнай студыі.

Арына ВЯРХОЎСКАЯ, вучаніца 10 класа гімназіі — каледжа мастацтваў г. Маладзечна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».