Вы тут

Горад колеру сонца


Вы ніколі не задумваліся, якога колеру месца, у якім пашчасціла нарадзіцца і жыць? Ці тыя гарады, у якіх бываеш часта, або толькі аднойчы, або зусім праездам? Нават калі ў іх падобная забудова, калі яны знаходзяцца ў адной краіне, часам зусім побач адзін ад аднаго, — усё роўна колер, нават адценне ў кожнага з іх сваё. Варта толькі прыгледзецца, засяродзіцца — і назаўжды ва ўяўленні гэта месца будзе асацыявацца з пэўным колерам.


Не спрабавалі? Найцікавейшы, я вам скажу, занятак. Я, напрыклад, упершыню папрактыкавалася ў гэтым на Мсціславе. Мы тады паехалі ў гэты старажытны і адзін з самых загадкавых нашых гарадоў па шляхах Караткевіча. (Сталыя чытачы «Звязды», думаю, помняць гэта завочнае падарожжа, якое мы ладзілі па творчых і жыццёвых пуцявінах пісьменніка да яго юбілею.) У Мсціслаў мы ехалі, канешне ж, пад уражаннем ад яго эсэ «Дыяментавы горад», па-добраму зайздросцячы аўтару, якому сярод зімы пашанцавала ўбачыць такое дзіва — калі лёд і снег на мсціслаўскіх пагорках ды вуліцах ззялі пад промнямі сцюдзёнага сонца, бы каштоўныя камяні. Разумеючы, што падобнае ўбачыць наўрад ці давядзецца (хоць бы таму, што на дварэ быў не студзень, а жнівень), усё ж ехалі ў Мсціслаў з цвёрдай упэўненасцю, што ён і нам абавязкова пакажацца ў якім-небудзь адметным колеры.

І — атрымалася. Акурат перад нашым прыездам наваколле накрыла цёплая летняя залева, і яго шчодрая зеляніна дыхала такой чыстай свежасцю, і было яе так шмат, што інакш, чым ізумрудным, горад назваць было нельга. Усе адценні гэтага яркага колеру былі на дрэвах, на траве, на агароджах, абвітых дзікім вінаградам, шчодра вымытыя, ззялі ў промнях сонца, якое ўжо хілілася да заходу... Так у маім жыцці з'явіўся свой асабісты Ізумрудны горад, нашмат лепшы, чым казачны, бо быў і застаецца па сёння сапраўдным.

А далей усё пайшло вельмі проста. Магілёў — глыбока-блакітны, як неба над Дняпром. Гародня — прыглушана-жоўтая, часам нават бліжэй да колеру слановай косці, як старыя муры. Рагачоў — аранжава-рудаваты, як лісце, што падае ў кастрычніку з векавых клёнаў. Полацк — урачыста-белы, як ягоныя светлыя храмы. Брэст — барвова-чырвоны, як водбліскі ліхтароў у байніцах начной крэпасці. Ружовы Салігорск, серабрысты Віцебск, прыглушана-зялёны Слонім, шэра-сіняе Глыбокае, празрыста-шэры Мазыр, духмяна-бэзавы Браслаў...

У далёкіх і блізкіх падарожжах па іншых краінах гэта ўжо таксама не пакідае. І ты ўжо ведаеш, што Вільня — тэракотава-ружовая, Масква — залаціста-жоўтая, Варшава — малахітавая, Рым — сметанкова-белы, Брусель — халодна-сіні. Бірузовая Астана, сталёвы Берлін, Страсбург колеру мальваў... Не пытайцеся, чаму менавіта так, а не інакш, бо няма дакладнага адказу. Гэта тое самае няўлоўнае, што ёсць у карцінах імпрэсіяністаў, — адно ўражанне, адно імгненне, што дзіўным чынам малюе нейкі вобраз. Які наступны раз можа ўявіцца зусім іншым, і з'явіцца новая фантазія, новая варыяцыя на тэму...

Ёсць у гэтай рознакаляровай стракатай мітусні толькі адно пастаяннае паняцце, якое не зменіцца ні пры якім раскладзе. Мінск — сонечна-залацісты пры любым надвор'і, у любую пару года. Горад, дзе сонца ранкам заглядае ў вокны кабінета на любімай працы. А пасля абеду асвятляе кожны куточак у доме, які чакае менавіта цябе. Горад, які сонца цалуе ў кожную шыбу, і гэта добра відаць і з ілюмінатара самалёта, і з акна цягніка ці аўтобуса...

Калі параўноўваць з іншымі, яго, сонца, у маім горадзе вельмі мала. Але ты дакладна, пэўна ведаеш, што яно ёсць і што абавязкова з'явіцца з-за хмар. Ведаеш гэтаксама дакладна і пэўна, як і тое, што ты з усіх, нават з самай далёкіх і пакручастых дарог, абавязкова сюды вернешся.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Каментары

Дзякую за артыкулы, спадарыня Алена. Шчыра дзякую. "Изумруд" и "смарагд" аднолькава прыгожыя, але апошни цяплейшы для душы. Гэта суб'ектыунае. (Выбачаюся за иншамоуныя литары.)

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».