Вы тут

Кіраўнікі сілавых органаў распавялі пра гучныя справы


Учора адбылося пасяджэнне чацвёртай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі шостага склікання, на якім дэпутаты разгледзелі дзесяць пытанняў.


Аптымізацыя не пагаршае якасць

Законапраект «Аб унясенні змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь» прадставіў міністр унутраных спраў Ігар ШУНЕВІЧ. Адказваючы на пытанне дэпутата Андрэя Рыбака з нагоды аптымізацыі колькасці супрацоўнікаў МУС, ён адзначыў, што працэс рэфармавання завершаны. «І вынікам гэтага працэсу з'явілася скарачэнне на 10 % супрацоўнікаў усіх органаў і падраздзяленняў Міністэрства ўнутраных спраў», — сказаў міністр.

Па словах Ігара Шуневіча, скасаваны некаторыя падраздзяленні: у прыватнасці, палкі патрульна-паставой службы з усёй вертыкаллю іх кіраўніцтва, скарочана галоўнае ўпраўленне камандуючага ва ўнутраных войсках — гэта міністр казаў пра палкоўніцкія і падпалкоўніцкія пасады. Такім чынам, фактычна была прыбрана досыць вялікая колькасць кіруючага складу, аднак без страт у якасці, аб чым кажа статыстыка злачынстваў і грамадскай бяспекі, дадаў Ігар Шуневіч.

Сотні тысяч еўра заахвочванняў

Пазней у размове з журналістамі Ігар Шуневіч пракаментаваў крымінальную справу па абвінавачанні былога дырэктара вытворчасці РУВП «Папраўчая ўстанова № 5». Нагадаем, паводле афіцыйнай інфармацыі, яго абвінавачваюць у атрыманні хабару ў памеры 207 365 еўра ад прадстаўніка французскай кампаніі. Мэта — рашэнне пытанняў, звязаных з заключэннем і выкананнем дагавораў аб пастаўках за межы краіны мэблі, вырабленай на беларускім прадпрыемстве.

«У некаторых краінах, некаторых камерцыйных карпарацыях сакрэтная сістэма заахвочвання пры заключэнні здзелак існуе. Натуральна, што ў нашым заканадаўстве гэтая сістэма называецца хабарніцтвам, таму мы працуем і па выяўленні такіх выпадкаў у сваёй сістэме пры ажыццяўленні фінансава-гаспадарчай дзейнасці», — падкрэсліў ён.

Таксама гучную справу пракаментаваў і старшыня Следчага камітэта Іван НАСКЕВІЧ. Паводле яго слоў, адзін з кіраўнікоў папраўчай установы на сістэмнай аснове (на працягу некалькіх гадоў) атрымліваў адкаты за тое, каб частка прадукцыі пастаўлялася за межы краіны. Ён растлумачыў, што расследаванне зацягнулася, паколькі былы дырэктар адмаўляўся ад дачы паказанняў, не прызнаваў віну, праходзіў доўгае лячэнне.

Дыскрымінацыі ў нас няма

Яшчэ Ігар Шуневіч пракаментаваў заяву МУС у адказ на ЛГБТ-сцяг, які быў вывешаны ў пасольстве Вялікабрытаніі 17 мая. Аднак ён падкрэсліў: меркаванне прыватнае, не міністра ўнутраных спраў, а беларускага грамадзяніна. «Гэта была пэўная праверка нашай грамадзянскай супольнасці на сталасць, яна не зусім прайшла гэтую праверку. Ні адна з грамадскіх арганізацый, аб'яднанняў груп асоб не абурылася гэтым фактам і не запатрабавала зняць гэты прадмет, які, дарэчы кажучы, быў вывешаны ў парушэнне Венскай канвенцыі аб дыпламатычных адносінах. На жаль, ні рэлігійныя арганізацыі, ні грамадскія не адрэагавалі на гэта. Можа быць, мы сапраўды вельмі сур'ёзна талерантны народ у гэтым сэнсе», — падкрэсліў міністр.

Ігар Шуневіч адзначыў, што ніякай дыскрымінацыі ў нас няма, ёсць правілы суіснавання акрамя законаў, якія павінны паважаць усе, у тым ліку і прадстаўнікі замежных дзяржаў. У гэтым таксама ёсць дыпламатыя, плюралізм: ёсць адно меркаванне, павінна існаваць і іншае меркаванне, дадаў ён.

Ёсць парушэнне — ёсць рэакцыя

Міністр унутраных спраў таксама расказаў пра сітуацыю з затрыманнямі на сталічнай вуліцы Зыбіцкай. У мінулыя выхадныя супрацоўнікамі міліцыі за распіццё спіртных напояў на набярэжнай ракі Свіслач паблізу названай вуліцы, а таксама за знаходжанне ў стане алкагольнага ап'янення былі затрыманы некалькі дзясяткаў чалавек.

Ігар Шуневіч падкрэсліў: ёсць рэакцыя на аператыўную абстаноўку. Шэраг грамадзян заяўлялі, што ў гэтай частцы горада адбываліся дробныя правапарушэнні, пасля чаго рушылі ўслед пэўныя мерапрыемствы.

«Ёсць закон, які кажа пра тое, што існуе адказнасць за знаходжанне ў стане алкагольнага ап'янення ў грамадскім месцы, распіццё алкаголю ў грамадскім месцы і гэтак далей. Мы рэагуем толькі на парушэнне закона», — падкрэсліў ён.

Выкрыцці працягваюцца

У кулуарах парламента старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Валерый ВАКУЛЬЧЫК расказаў журналістам, што былі затрыманы некалькі высокіх службовых асоб, устаноўлены шматлікія факты хабараў на дзясяткі тысяч долараў. З таго, што даказана, — гэта 140 тысяч долараў за год, аднак сумы будуць расці. На працягу 10 дзён, а максімум — двух тыдняў будуць апублікаваныя падрабязнасці, паабяцаў Вакульчык.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Загаловак у газеце: Ёсць закон!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».