Хоць беларуска-польскі кампазітар Станіслаў Манюшка і вядомы сваімі вялікімі формамі — операмі «Галька», «Вербум нобіле», «Графіня», балетамі «Хітрыкі сатаны», «Монтэ-Крыста» і іншымі, ёсць у яго творчасці і больш «простая», але вельмі асабістая частка. Яе можна будзе пачуць на адмысловым канцэрце ў Вялікім тэатры опера і балета, якім распачнецца серыя мерапрыемстваў да юбілею кампазітара.
Гэтай асабістай часткай з'яўляецца збор «Хатні спеўнік», што ўключае ў сябе некалькі соцень песен для хатняга ўжытку, якія Манюшка пісаў на вершы вядомых паэтаў, сярод якіх Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Ян Каханоўскі і іншыя. Найбольш характэрныя кампазіцыі выбраныя для канцэрта «Жыццё ў песні. Старонкі «Хатняга спеўніка» Станіслава Манюшкі», які адбудзецца ўжо 12 чэрвеня, на наступным тыдні, у Камернай зале Вялікага тэатра. Ён стане першым канцэртам, прысвечаным 200-годдзю з дня нараджэння Станіслава Манюшкі, што будзе адзначацца 5 мая 2019 года.
Выканаўцамі на «Жыцці ў песні» стануць салісты тэатра — лаўрэаты міжнародных конкурсаў Ірына Кучынская і Ілья Сільчукоў, а таксама ансамбль салістаў «Вытокі» пад кіраўніцтвам дырыжора Аляксея Фралова.
Мелодыі з «Хатняга спеўніка» адпавядаюць розным настроям і жыццёвым сітуацыям — гэтую разнастайнасць, як і знакі асабістага жыцця кампазітара, можна будзе спазнаць у Камернай зале Вялікага.
Канцэрт арганізаваны пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.
Сафія ПАЛЯНСКАЯ
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».