Вы тут

Нямое кіно, жывая музыка і свежае паветра: стартуе фестываль «Кінемо»


Унікальны фестываль «Кінемо» прапануе глядзець нямыя чорна-белыя стужкі пад адкрытым небам, ды яшчэ ў суправаджэнні жывой музыкі, напісанай сучаснымі кампазітарамі спецыяльна для выбраных фільмаў. Такая эксклюзіўная практыка здольна вярнуць гледача ў былыя часы, калі прагляд фільма без агучвання і часцей за ўсё без колеру станавіўся пэўным таінствам спазнавання новага мастацтва, захопленага назірання за рухамі на экране і падсвядомага аб'яднання соцень людзей дзеля кароткага кінасвята. Паказы сёлетняй праграмы «Кінемо» будуць праходзіць у Мінску па чацвяргах з 14 чэрвеня да 12 ліпеня, як звычайна, ва ўнутраным дворыку Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура, а таксама ў Гродне 6—8 ліпеня. Перад пачаткам мы задалі свае пытанні праграмнаму каардынатару фестывалю Вользе Надольскай.


«Дзень зар­пла­ты»  Чар­лі Чап­лі­на.

— Фестываль «Кінемо» пройдзе ўжо шосты раз. Чаму такая архаічная практыка — прагляд нямога чорна-белага кіно ў суправаджэнні жывой музыкі — цікавая спешчанаму галівудскім экшэнам гледачу?

— Тры складнікі «Кінемо» — нямое кіно, жывая музыка і свежае паветра — гэта ў нейкім сэнсе ідэальная формула поспеху. Яе вынікам з'яўляецца прыгажосць — універсальная эстэтычная катэгорыя, зразумелая і прадаўцу з суседняй крамы, і прафесару кансерваторыі, і выпадковаму мінаку. У прыгажосці не можа быць тэрміну даўнасці, таму калектыўны прагляд кіно ў прыцемках пад акампанемент фартэпіяна ці камернага ансамбля дагэтуль карыстаецца попытам.

— Ці хапае, як вам падаецца, у «нямым перыядзе» фільмаў, якія маглі б захапіць сучаснага гледача? Ці вызначылі вы, якія карціны лепш за ўсё падыходзяць для вашага фестывалю і вашай публікі?

— Нямое кіно — гэта велізарны невычэрпны пласт культурнай спадчыны. За пяць гадоў мы паказалі ў рамках нашага фестывалю каля трыццаці фільмаў, і гэта вельмі малая частка таго масіву дагукавога кіно, які з'яўляецца на цяперашні момант даступным. Акрамя таго, сінематэкі і кінаархівы па ўсім свеце штогод знаходзяць вялікую колькасць новых, часам невядомых нямых фільмаў і вядуць работу па іх рэстаўрацыі. Мяне вельмі цешыць той факт, што мы ўсё больш адыходзім ад відавочных цікавостак і глядацкіх хітоў у бок эксклюзіўных рэчаў. Напрыклад, летась мы паказалі адзін з самых ранніх польскіх фільмаў «Людзі без заўтра», які доўгі час лічыўся згубленым і толькі нядаўна быў рэстаўраваны варшаўскай «Нацыянальнай фільматэкай». Сёлета выдатны беларускі кампазітар Алена Гуціна прадставіць на «Кінемо» сваю інтэрпрэтацыю вусцішнага трылера амерыканскага рэжысёра Ірвіна Уілата «За двярыма», работы па аднаўленні якога былі скончаны толькі ў 2016 годзе.

— Ці апраўдаліся вашы чаканні ад публікі, калі вы паказалі толькі што рэстаўраваны польскі фільм?

— Калі мы толькі пачыналі рабіць «Кінемо», нам здавалася, што публіку прывабліваюць перш за ўсё зорныя імёны накшталт Чапліна альбо Хічкока. На нейкім этапе гэта сапраўды было так. Зараз я з гонарам магу сказаць, што на «Кінемо» людзі прыходзяць на пэўнага кампазітара ці выканаўцу. Ёсць, вядома, і такія, каму даспадобы ў першую чаргу разняволеная атмасфера ва ўнутраным дворыку музея-майстэрні Азгура. Я ні ў якім выпадку не хачу сказаць, што кіно на фестывалі адыгрывае другасную ролю, але галоўным вынікам нашай шасцігадовай працы ўсё ж лічу тое, што нам удалося сфарміраваць лаяльную слухацкую суполку, даць сучасным беларускім кампазітарам пляцоўку для выступленняў і магчымасць быць пачутымі.

«За дзвя­ры­ма»  Ір­ві­на Уі­ла­та.

— А як на падбор праграмы ўплываюць самі кампазітары? Ці ёсць у іх нейкія перавагі альбо фільмы, да якіх пісаць музыку з нейкіх прычын складана?

— Пры складанні праграмы мы звычайна даём кампазітарам некалькі фільмаў на выбар. Традыцыйна нашы аўтары вельмі неахвотна бяруцца за напісанне музыкі да камедый — відаць, пачуццё гумару не самая моцная рыса нацыянальнага характару. Складана таксама працаваць з савецкім прапагандысцкім кіно, якое патрабуе рэфлексіі і выбару правільнай інтанацыі, чыста ілюстрацыйны падыход тут не дапаможа. У гэтым кірунку зараз найбольш паспяхова працуюць украінцы: вельмі цікавыя саўндтрэкі, пабудаваныя на эфекце кантрапункту, стварыў Антон Байбакоў да фільмаў «Небывалы паход» Міхаіла Каўфмана і «Адзінаццаты» Дзігі Вертава. Спадзяюся, што ў наступным годзе нам удасца паказаць хоць бы адзін з іх на «Кінемо».

— Ці працягваюць сваё жыццё кампазіцыі, напісаныя спецыяльна для фестывалю?

— Паколькі ўся музыка пішацца адмыслова для фільмаў, якія паказваюцца на фестывалі, яе проста немагчыма падаць у іншым кантэксце. Яна можа існаваць толькі ў пэўным часава-прасторавым вымярэнні, «тут і цяпер», пакуль глядач бачыць выяву на экране. З аднаго боку даволі прыкра, што жыццё кампазіцый, на стварэнне якіх траціцца не адзін месяц, абмяжоўваецца некалькімі паказамі ў рамках фестывалю, з другога, гэта ўсё ж вельмі штучны прадукт, які мы самі не хочам тыражаваць і ставіць на паток, бо ў такім выпадку магія знікне.

— Раней «Кінемо» праходзіў з больш шырокай геаграфіяй: апроч Мінска, паказы арганізоўваліся ў некалькіх абласных цэнтрах. Чаму колькасць гарадоў, якія прымаюць фестываль, змяншаецца?

— Сёлета мы робім «Кінемо» ў Мінску і Гродне. Нам вельмі хацелася б пашырыць геаграфію фестывалю, але для таго каб арганізаваць паказы ў іншым горадзе, трэба выдаткаваць пэўны час, сілы і грошы, рэсурс якіх, на жаль, абмежаваны. Часам нам проста не хапае запалу, але мы адкрытыя да прапаноў, і калі ў іншых абласных цэнтрах знойдуцца энтузіясты, гатовыя ўзяць на сябе каардынацыйную частку, мы з радасцю пасадзейнічаем арганізацыі фестывалю ў іх горадзе.

— Чаму «Кінемо» прынцыпова праходзіць пад адкрытым небам, і ці не замінае дрэнны прагноз надвор'я арганізоўваць фестываль?

— Навакольнае асяроддзе стварае пэўную атмасферу, якая з'яўляецца неад'емным складнікам «Кінемо» і якой мы вельмі даражым. Цені на экране, жывая музыка, цвыркуны ў кустах і лятучыя мышы над галовамі — усё гэта нагадвае нейкі містычны першабытны рытуал, стварае ў аўдыторыі пачуццё супольнасці і датычнасці да прыроды, якое немагчыма ўвасобіць у закрытым памяшканні кіназалы. Так, мы кожны раз аказваемся заложнікамі надвор'я, але ахвяраваць атмасферай на карысць камфорту — значыць загубіць саму ідэю «Кінемо».

Шосты фестываль «Кінемо» пакажа карціны ў жанрах камедыі, трылера, драмы — чатыры поўнаметражныя і падборку кароткаметражак. Па традыцыі праграма не абыходзіцца без знакамітай тройкі комікаў Чаплін—Кітан—Лойд: два першыя будуць прадстаўлены ў апошні вечар у кампаніі Клайда Брукмана, а Гаральд Лойд у фільме «Гоншчык» рэжысёра Тэда Уайлда адкрые фестываль. Апроч гэтага, на экране з'явіцца фільм аднаго з найярчэйшых прадстаўнікоў нямецкага экспрэсіянізму Фрыдрыха Вільгельма Мурнау, праўда, зняты ў ЗША, — «Узыход сонца. Песня двух чалавек». І наадварот немец Эрнст Любіч, больш вядомы «галівудскім» перыядам, у «Кінемо» будзе ўдзельнічаць са сваім нямецкім фільмам «Жонка фараона». Нарэшце, жанр трылера ў нямым кіно можна спазнаць праз карціну «За дзвярыма» Ірвіна Уілата.

Гутарыла Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.