Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра самыя актуальныя падзеі мінулых выхадных.


1. Беларускія атлеты заваявалі дзевяць узнагарод на чэмпіянаце Еўропы па веславанні на байдарках і каноэ, які прайшоў у Бялградзе.

Фота cherikovnews.by.

У першы дзень фінальных заездаў 9 чэрвеня залатыя медалі ў актыве Алены Наздровай (на фота) у каноэ-адзіночцы на 500 м і мужчынскай байдаркі-чацвёркі на 1000 м у складзе Кірыла Нікіціна, Віталя Бялько, Ільі Федарэнкі і Рамана Петрушэнкі. Трэці залаты медаль турніру заваявала канаістка Вольга Клімава, якая перамагла 10 чэрвеня ў заключным відзе праграмы на 5000 м. Сярэбраную ўзнагароду заваяваў беларускі квартэт байдаркі на 500 м у складзе Аліны Світы, Надзеі Ляпешкі, Марыны Літвінчук і Вольгі Худзенкі.

У заключны дзень чэмпіянату скарбонка зборнай Беларусі папоўнілася яшчэ чатырма сярэбранымі ўзнагародамі. У байдарцы-адзіночцы на 500 м чэмпіёнка свету 2017 года ў гэтай дысцыпліне Вольга Худзенка стала другой.
У каноэ-двойцы на 500 м «серабро» ў Надзеі Макарчанкі і Вольгі Клімавай. Сярэбранымі прызёрамі кантынентальнага форуму таксама сталі Глеб Саладуха і Дзяніс Махлай у каноэ на 200 м, Алена Наздрова і Каміла Бобр у каноэ на 200 м. Бронзавы медаль у актыве Арцёма Козыра ў каноэ на 200 м.

У медальным заліку беларуская каманда размясцілася на чацвёртым месцы (тры залатыя, пяць сярэбраных і адна бронзавая ўзнагарода). Адзначым, што ў Бялградзе разыграны 175 пуцёвак у 16 дысцыплінах веславання на байдарках і каноэ на ІІ Еўрапейскія гульні 2019 года.


2. Аліна Талай заняла трэцяе месца на этапе «Брыльянтавай лігі» ў Стакгольме. У забегу на 100 м з бар'ерамі яна паказала вынік 12,55 сек., трохі саступіўшы рэкорду Беларусі (12,41), які сама ж і ўстанавіла ў Аўстрыі. «Добры вынік паказаны не ў самай аптымальнай форме. Стомленасць адбіваецца як на разгоне да першага бар'ера, так і на ўсёй дыстанцыі. Аднак у такой кампаніі гэты вынік цудоўны. Чакаю з нецярпеннем наступнага старту, дзе змагу паказаць яшчэ лепшы час», — адзначыла Аліна Талай.


3. Беларускія гандбалісты ў дамашнім матчы плэй-оф чэмпіянату свету — 2019 згулялі ўнічыю з сапернікамі з Аўстрыі 28:28. 

Фота handball.by.

«Я з самага пачатку сказаў, што гульня чакаецца з шанцамі 50 на 50. Так і атрымалася. У нас ёсць яшчэ сустрэча ў адказ у Аўстрыі, дзве каманды прыкладна аднолькавыя. Плюс сёння ў гандболе ўсё вырашаецца ў долі секунды. Адсутнасць Улада Кулеша — гэта страта ў якасці. Сёння не зусім добра адпрацавалі ў абароне, але ў патрэбныя моманты правільна перабудоўваліся на схему 5-1. У асобных эпізодах добра згуляў Вячаслаў Салдаценка ў варотах, гэта прывяло да таго, што дасталі саперніка. Нам трэба ўсё разабраць, вызначыць, чаму так правялі паядынак, тады і вырашым, як дзейнічаць у адказ», — пракаментаваў галоўны трэнер зборнай Юрый Шаўцоў.

Гульня ў адказ за выхад у фінальную частку ЧС-2019 адбудзецца 13 чэрвеня ў Вене.


4. Чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка па біятлоне Дар'я Домрачава ўдастоена міждзяржаўнай прэміі «Зоркі Садружнасці». Разам з Дар'яй лаўрэатамі прэміі сталі дырыжор Юрый Башмет, скрыпачка Айман Мусахаджаева (Казахстан), паэт Нізам Касім (Таджыкістан) і кампазітар Сцяпан Шакаран (Арменія), філолаг Наргіз Пашаева (Азербайджан), літаратуразнаўца Абдылдажан Акматаліеў (Кыргызстан) і фізік Іен Бостан (Малдова). Урачыстая цырымонія ўзнагароджвання адбудзецца на ХІІІ Форуме творчай і навуковай інтэлігенцыі дзяржаў — удзельніц СНД 19—20 чэрвеня ў Астане.


5. Зборная Беларусі па футболе прайграла ў Тамперэ камандзе Фінляндыі ў таварыскім матчы з лікам 0:2. На восьмай хвіліне Уранен выйшаў сам-насам з Шчарбіцкім і дакладна прабіў — 1:0, а на 75-й хвіліне Ягубі падвоіў перавагу фінаў.

«Трэба ўлічваць, што каманда Фінляндыі досыць магутная ў антрапаметрыі, у нападзенні форварды, якія вельмі добра чапляюцца за мяч, гуляюць корпусам. Было шмат верхавой барацьбы. Гульня нам сёння не ўдалася практычна ва ўсіх кампанентах: у абароне мелі праблемы, мелі праблемы ў пераходзе ў атаку і з атакі. Стварылі не так шмат небяспечных момантаў. Практычна дзесяць чалавек у зборнай новыя ў параўнанні са складам матча з Венгрыяй. Было жаданне паглядзець усіх на гэтым зборы, каго запрасіў», — адзначыў галоўны трэнер зборнай Беларусі Ігар Крывушэнка.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Разабраць і вызначыць памылкі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.