У Беларусі распрацоўваюцца змены ў закон аб донарстве крыві і яе кампанентаў, што дазволіць ужо да 2020 года перайсці на бязвыплатнае донарства. Мяркуецца, што парламентарыі прымуць новы законапраект ужо ў сярэдзіне наступнага года. Што пры гэтым зменіцца для донараў, расказалі спецыялісты.
Згодна са статыстыкай, кожнаму 3-4 чалавеку ў свеце хоць раз у жыцці патрабуецца пераліванне крыві. Летась 95 тысяч беларусаў аддалі сваю кроў для выратавання жыцця іншага. Прычым 20 % донараў — маладыя людзі ва ўзросце да 30 гадоў. Штодзень каля дзвюх тысяч чалавек у нашай краіне здаюць кроў. Кожная чацвёртая данацыя — бязвыплатная. Аднак Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендуе, каб пераважная большасць данацый крыві была добраахвотнай, бязвыплатнай і рэгулярнай.
— За тры апошнія гады колькасць бязвыплатных донараў у нашай краіне вырасла ў восем разоў, — расказвае дырэктар РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій, галоўны пазаштатны трансфузіёлаг Міністэрства аховы здароўя, кандыдат медыцынскіх навук Фёдар Карпенка. — Ва ўсім свеце донарства ажыццяўляецца пераважна на бязвыплатнай аснове.
І як паказвае практыка, брак крыві сярод бязвыплатных донараў значна меншы, чым сярод платных. Гэта сведчыць аб тым, што апошнія менш сочаць за сваім здароўем.
Як адзначае Фёдар Карпенка, 99 % донараў маюць альтруістычныя матывы, аднак у многіх разам з гэтым прысутнічае і зацікаўленасць у кампенсацыях. Новы закон не цалкам ліквідуе выплаты, а сфарміруе іх у пэўны сацпакет. Донар замест грашовай выплаты атрымае набор прадуктаў, які дазволіць кампенсаваць энергазатраты ў прамежках паміж данацыямі. Гэта не адмяняе харчавання да і пасля данацыі, а таксама вызваленне ад работы. Сёння той, хто здае кроў, атрымлівае 92 рублі, а таксама два выхадных: адзін у дзень здачы, другі можна ўзяць у любы дзень. Гэтыя дні аплачваюцца з разліку сярэднядзённага заробку донара. Таксама донарам прапануюць харчаванне пасля здачы крыві.
Пры здачы кампанентаў крыві — плазмы і трамбацытаў — плануецца пакінуць выбар: або здаваць на бязвыплатнай аснове, або атрымаць грашовую кампенсацыю. Як заўважыў Фёдар Карпенка, калі донарскай крыві будзе не хапаць, неабходны аб'ём мяркуецца дабіраць на платнай аснове.
Плануецца ўвесці і дадатковыя льготы Ганаровым донарам. Каб атрымаць гэта званне, зараз неабходна здаць 20 данацый крыві або 40 данацый яе кампанентаў на бязвыплатнай аснове, або ўдвая больш — на платнай. Зараз Ганаровыя донары атрымліваюць устаноўленую заканадаўствам надбаўку да пенсіі, маюць права на адпачынак у любы зручны час, абслугоўваюцца ў арганізацыях аховы здароўя без чаргі, маюць першачарговае права на атрыманне санаторна-курортнага лячэння. Да гэтага плануецца ўвесці яшчэ 4-5 дадатковых сацыяльных гарантый. У прыватнасці, мяркуецца ўдасканаліць забеспячэнне лекавай і медыцынскай дапамогай, магчыма, для Ганаровых донараў будзе ўведзены бясплатны праезд да месца работы. Праўда, з увядзеннем новага закона стаць Ганаровым донарам можна будзе толькі здаючы кроў на бязвыплатнай аснове.
Як адзначыла старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы, доктар медыцынскіх навук Людміла Макарына-Кібак, новы законапраект, акрамя падтрымкі значнасці бязвыплатнага донарства, забароніць рэалізацыю крыві і яе кампанентаў у іншыя краіны.
Алена КРАВЕЦ
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.