Вы тут

Апошнім часам толькі і гаворкі, што пра Сярэбранікава


«Васьмікласніца», «Дрэва», «Алюмініевыя агуркі» — песні Віктара Цоя, а таксама Макса Навуменкі з гуртом «Заапарк», Лу Рыда, Дэвіда Боўі, Ігі Попа загучалі ў нашумелым фільме Кірыла Сярэбранікава «Лета» і надалі высакароднасці чорна-беламу Савецкаму Саюзу праз велічыню, прыгажосць і меланхолію. На фоне 1980-х, Ленінграда і стылай камуналкі тут разыгралася пяшчотная гісторыя пра любоўны трыкутнік Цой — Макс Навуменка — яго жонка Наталля, а сама карціна прыбыла ў мінскія кінатэатры амаль адразу пасля гучнага паказу на Канскім кінафестывалі.


Гісторыя фільма, як гэта часта бывае, ідзе наперадзе самога фільма. Кірыла Сярэбранікава, які працаваў над карцінай пра Цоя, Навуменку і свабоду, арыштавалі літаральна на здымачнай пляцоўцы. Рэжысёра абвінавацілі ў крадзяжы дзяржаўных сродкаў, што выклікае сумнеў у грамадскасці. Пакуль шматлікія культурныя дзеячы выступалі
(і выступаюць) у падтрымку свайго калегі, апошнія сцэны «Лета» здымаліся ўжо без рэжысёра, а мантажом Кірыл Сярэбранікаў займаўся, знаходзячыся пад хатнім арыштам.

Але нягледзячы на арышт і доўгі следчы працэс, карціна з'явілася ў конкурсе Канскага кінафестывалю, выйшла ў сусветны пракат і расказала не пра закрытую прастору нязручнага Савецкага Саюза, хоць гэты фон тут вельмі кінематаграфічна, але прысутнічае, а пра каханне і смутак, веліч і талент і нават больш за тое — пра роўнавялікасць заходнім ідалам.

Усё пачынаецца са знаёмства Цоя, студэнта ПТВ са спецыяльнасці «разьбяр па дрэве», з Максам Навуменкам на пляжнай рок-тусоўцы. Віктар прыходзіць з гітарай, выконвае песню «Лайдак», атрымлівае пахвалу Макса і заводзіць сяброўства з сям'ёй Навуменкаў.

Вельмі далікатна «Лета» расказвае пра платанічнае каханне паміж Цоем і Наталляй, высакародную дапамогу Макса пачаткоўцу ў рок-свеце Віктару і прастату будучай культавай персоны. Нарэшце, пра палаючыя сэрцы, бунты, прагу свабоды, учынкі насуперак і мецяжы, якіх «ніколі не было». Увесь фільм дзеліцца на рэальнасць, дзе на фоне бытавой неўладкаванасці, абмежаванняў і чорна-белых колераў чалавек застаецца вялікім, і на эпізоды, што перадаюць латэнтны дух часу, але якіх ніколі не было. Разыграныя кліпы, анімацыйныя каляровыя ўстаўкі з перакладамі песень, персанаж Скептык, які глядзіць у камеру і паведамляе, якую кампазіцыю глядач толькі што праслухаў, дзіўна суседнічаюць з асноўным наратывам, але таксама перадаюць некаторае бунтарства і нежаданне падпарадкоўвацца правілам.

У выніку ўсё, што аказваецца за межамі нібыта цэнтральнай лініі — любоўнага трыкутніка, кажа пра музыку, час і яго смутак і стварае пераклічку з сюжэтам — праз ныючае шкадаванне аб няздзейсненым. Не, вонкава «Лета» сапраўды дынамічнае, гуллівае і «альтэрнатыўнае». Але тусоўкі ў камунальнай кватэры, скачкі цераз вогнішча на пляжы, смелыя прычоскі, танец Ліі Ахеджакавай, абвешаная пласцінкамі сцяна здаюцца нейкім антонімам рэальнасці, адыходам ад яе.

А ў рэальнасці — каханне, якое так і не здарылася, але абярнулася маўклівай прыхільнасцю; перарванае жыццё куміраў, што ў фільме не паказваецца, але маецца на ўвазе; знаходжанне ў чорна-белым Савецкім Саюзе, які так і не прапанаваў рок-музыкам нешта апроч тугі аб невядомым.

Трэба сказаць, Кірыл Сярэбранікаў, нягледзячы на тое, што праўдападобнасць сцэнарыя моцным словам раскрытыкаваў Барыс Грабеншчыкоў і не толькі ён, стварыў галоўнае, што трэба гэтаму фільму, — настрой, прычым усёпаглынальны. Дарэчы ён выкарыстаў знакі і адсылкі. На ролю саліста «Заапарка» запрасіў саліста сучаснага гурта «Звяры» Рамана Білыка. Віктара Цоя з яго карэйскімі каранямі іграе карэйскі акцёр Тэа Ю. А як хвацка ў адной сцэне Цой б'ецца з нападаючымі, бо вядома, што ў жыцці ён пераймаў Бруса Лі. Невялікая, але шматзначная роля Аляксандра Башырава з яго словамі «вы спяваеце варожыя песні» адсылае да яго ж роляў у «Ігле» і «Асе».

Бязмерна добрыя ў гэтым фільме Дэвід Боўі, Ігі Поп і іншыя — нарэшце, заходняя музыка ў Савецкім Саюзе паказваецца не як нешта чужароднае і ледзь даступнае, а як натуральная частка жыцця і культурнага кантэксту. Паглядзець хоць бы на вывешаныя на сцяне пласцінкі — у рэчаіснасці яны былі занадта дарагімі, каб бязбоязна выстаўляць іх, але Сярэбранікаву не трэба ствараць культы і акцэнтаваць увагу на складанасцях закрытай савецкай сістэмы. Яму патрэбен фон, на якім глядач убачыць рускі рок роўнавялікім. Веліч Навуменкі, акрамя іншага, у тым, што ён падтрымлівае пачаткоўца Цоя, нягледзячы на яго прагулкі з Наталляй. Веліч Цоя сумневаў не выклікае.

Фільм і сам па сабе аказаўся сімвалічным. Сюжэт, дзе пра свае правы заяўляе андэграўнднае мастацтва, а песню «Дрэнь» Макс Навуменка спявае з дазволу і пад наглядам партыйных функцыянераў, непасрэдна адсылае да сённяшняга дня, дзе знакі кантролю выяўляюцца ўжо ў адрас аднаго з самых вядомых расійскіх тэатральных і кінарэжысёраў Кірыла Сярэбранікава.

Цой завяршыў фільм песняй «Дрэва», чорна-белае савецкае «лета» скончылася, а туга аб тым, што не збылося, — засталася.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Скончыцца лета

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».