Вы тут

Чэмпіянат свету па футболе стартуе сёння ў Расіі


Краіна ўпершыню ў сваёй гісторыі стане гаспадыняй сусветнага чэмпіянату па гэтым відзе спорту, акрамя таго, ён упершыню будзе праведзены ў краіне Усходняй Еўропы і на тэрыторыі адразу дзвюх частак свету — Еўропы і Азіі. Гульні на працягу месяца прымуць 12 стадыёнаў у 11 гарадах краіны.


У чэмпіянаце прымуць удзел сем з васьмі камандаў, якія раней ужо станавіліся чэмпіёнамі свету. Адзіная каманда з ранейшых уладальнікаў «золата» мундзіялю не ўдзельнічае ў фінальным турніры 2018 года — гэта зборная Італіі. Затое ўпершыню на чэмпіянаце выступяць зборныя Ісландыі і Панамы.

Гульні чэмпіянату свету прымуць: Масква, Калінінград, Санкт-Пецярбург, Ніжні Ноўгарад, Валгаград, Казань, Самара, Саранск, Растоў-на-Доне, Сочы і Екацярынбург. Дзяржаўныя кантракты на будаўніцтва ўсіх стадыёнаў чэмпіянату свету ў Расіі былі падпісаны 26 снежня 2014 года, пасля гэтага былі пабудаваны і рэканструяваны 12 стадыёнаў. З іх мінімальная ўмяшчальнасць у «Екацярынбург Арэны» — 35 000 гледачоў, максімальная ў «Лужніках» — 80 000 чалавек. Матч адкрыцця і фінал пройдуць у Маскве менавіта на гэтай арэне.

Афіцыйны лагатып чэмпіянату свету быў прадстаўлены 28 кастрычніка 2014 года ў эфіры Першага канала ў праграме «Вячэрні Ургант». У эмблеме ўгадваецца сілуэт Кубка свету ФІФА. Заваяванне космасу, іканапіс і любоў да футбола — тры складнікі лагатыпа. Афіцыйным талісманам стаў воўк Забівака, які быў абраны па выніках галасавання ў эфіры Першага канала. Афіцыйным гімнам чэмпіянату свету стане кампазіцыя Соlоrs у выкананні амерыканскага спевака Джэйсана Дэрула.

Цырымонія адкрыцця адбудзецца сёння, вядома, што яе наведае Уладзімір Пуцін, а таксама іншыя кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў. Афіцыйную песню чэмпіянату выканаюць вядомы амерыканскі акцёр Уіл Сміт, хіп-хоп-выканаўца Нікі Джэм, а таксама албанская спявачка Эра Істрэфі і амерыканскі музыкант Дыпла.

За месяц да старту чэмпіянату было рэалізавана 2 мільёны 374 тысячы квіткоў, што складае 89 % ад агульнай колькасці білетаў на матчы фінальнай часткі. Пры гэтым 46 % ад агульнай колькасці рэалізаваных квіткоў набылі расійскія балельшчыкі, а 54 % — замежныя. Лідарамі сярод замежных гледачоў сталі балельшчыкі з ЗША, Германіі, Бразіліі, Калумбіі, Мексікі і Аргенціны.

32 каманды падзелены на восем груп, па два найлепшыя калектывы квартэта выйдуць у плэй-оф.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Мундзіяль будзе гучны

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.