Вы тут

Якая футбольная зборная самая дарагая?


Большасць мужчын ва ўсіх кутках планеты, дзе ёсць тэлевізары і інтэрнэт, з сённяшняга дня на месяц практычна выпадуць з жыцця, працы, сям'і і іншых ячэек грамадства. Іх жонкі і сяброўкі (не ўсе, зрэшты) дружна ўзвыюць, уздымуць рукі да неба і праклянуць вынаходнікаў усяго таго, што круглае і скача. Бо настае ён — вялікі і жудасны чэмпіянат свету па футболе.

Самымі папулярнымі ў гэты месяц стануць словы і фразы «Го-о-ол!», «Пас, зараза, пас!», «Мазіла!», «У футбол гуляюць усё, а перамагаюць немцы!», «Бразілія адпомсціць!», «Рускія не здаюцца!», «І я так магу!» і да таго падобныя. Акрамя таго, мужчынскае насельніцтва на час чэмпіянату можна турбаваць толькі з нагоды як мінімум землетрасення, сусветнага патопу, прылёту іншапланецян ці нараджэння сына/дачкі. Інакш магчымы сямейны канфлікт глабальнага маштабу. Ну а калі без жартаў, то вось трохі цікавых фактаў аб чэмпіянаце.


Бразілія, Германія і Месі

Самае галоўнае пытанне, бадай, любога сусветнага першынства адначасова даволі простае і вельмі складанае — хто стане чэмпіёнам? Яшчэ задоўга да пачатку мундзіялю складаюцца і збіраюцца розныя прагнозы, рэйтынгі, меркаванні спецыялістаў і зорак — часам і да астролагаў даходзіць, — у выніку якіх атрымліваецца невялікі спіс патэнцыйных кандыдатаў на трон. Кола прэтэндэнтаў амаль не змянілася за некалькі апошніх дзесяцігоддзяў. Нямецкая машына заўсёды настроена на перамогу, яе балельшчыкі і не разглядаюць іншых варыянтаў, як зберагчы званне дзейнага чэмпіёна, набытае, між іншым, у Бразіліі, і дагнаць апошніх па колькасці тытулаў — пяць.

Пентакампіёны (пяціразовыя чэмпіёны свету) вельмі хочуць «адмыцца» ад хатняй абразы ў 1:7 ад немцаў, і іх рашучасць памнажаецца на наяўнасць у страі пасля траўмы суперзоркі Неймара.

Уладальнік ну вельмі вялізнай колькасці ўзнагарод і стваральнік шматлікіх рэкордаў — аргенцінец Ліянель Месі не мае ў сваёй глыбокай скарбонцы толькі адной — звання чэмпіёну свету. Мяркуюць, што гэта апошні шанц зорнага нападаючага на галоўны тытул і нават усіх яго суперздольнасцяў не хопіць, калі яму не дапаможа каманда.

Вельмі хоча вярнуць нядаўна страчаныя лідзіруючыя пазіцыі ў сусветным футболе зборная Іспаніі. Шэраг маладых футбалістаў, новых зорак імкнуцца ўспомніць славутыя часы сваіх старэйшых калег па камандзе і зноў узняць іспанскі сцяг на п'едэстал.

Тыя ж памкненні, тая ж сітуацыя і тыя ж магчымасці ў вельмі маладой, але вельмі зорнай французскай дружыны — яны таксама хочуць славы Зінедзіна Зідана. І таксама настроены вельмі рашуча.

Што датычыцца астатніх камандаў, якім бы банальным гэта ні здавалася, але ім давядзецца на чэмпіянаце свету толькі папрысутнічаць, максімум абыграць адзін раз кагосьці з фаварытаў. Але гэта агульную карціну наўрад ці зменіць. Хіба што нейкая малавядомая каманда возьме і нечакана ўсіх абыграе, як Данія на чэмпіянаце Еўропы 1992 года. Але вы ў гэта верыце?

Хто пачым

Нямецкі сайт Trаnsfеrmаrkt, які змяшчае інфармацыю пра кошт матчаў, вынікі, трансферныя навіны, кошт гульцоў, напярэдадні чэмпіянату палічыў кошт зборных па суме кошту іх гульцоў, і вось якая атрымалася пяцёрка самых «дарагіх». 1. Францыя — 1,08 млрд еўра, 2. Іспанія — 1,04 млрд, 3. Бразілія — 952 млн, 4. Германія — 885 млн, 5. Англія — 874 млн. Як відаць, самыя дарагія кантракты, зразумела, у гульцоў самых моцных і тытулаваных зборных. Паглядзім, хто з іх пацвердзіць свой цэнавы ўзровень, а то і значна павялічыць свой заробак. А хто і наадварот.

Як уладкаваліся

Зборная Англіі па футболе аказалася адной з самых капрызных камандаў мундзіялю. Для пражывання брытанцы выбралі адзін з самых дарагіх гатэляў Курортнага раёна, дзе мінімальны кошт за ноч складае 100 тыс. еўра. Апартаменты ўключаюць у сябе паслугі спа, басейнаў, вялікай трэнажорнай залы, шыкоўных рэстаранаў і нават паравых лазняў. Аднак боязнасць брытанскіх балельшчыкаў перадалася і нацыянальнай зборнай, так што Футбольная асацыяцыя Англіі запатрабавала абгарадзіць базу велізарным шасціметровым плотам. Раён пражывання каманды закрыты для наведванняў і патрулюецца паліцэйскімі.

Фіналісты мінулага чэмпіянату свету аргенцінцы палічылі за лепшае не з'язджаць далёка ад сталіцы, дзе яны правядуць стартавы матч супраць Харватыі, і арандавалі базу ў падмаскоўных Бронніцах. Напярэдадні свайго прыбыцця ў Расію Аргенціна завезла на базу тры тоны прадуктаў уласнай вытворчасці: ялавічыну, свініну, вараную згушчонку, матэ і іншае.

Дзейныя чэмпіёны Еўропы партугальцы, як і аргенцінцы, спыніліся недалёка ад Масквы. Нягледзячы на наяўнасць некалькіх палёў, партугальцы папрасілі змяніць некаторыя дэталі. Камандзе не спадабаўся колер сцен у нумарах, якія яны папрасілі перафарбаваць, а таксама яны звярнуліся з просьбай паставіць ва ўсе апартаменты коркавую мэблю і гульнявыя прыстаўкі з магчымасцю гульні па сетцы.

Іван КУПАРВАС

Загаловак у газеце: Якая зборная самая дарагая

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.