Гэта гісторыя нагадвае сапраўдную жыццёвую і камунальную санта-барбару. Ну, уявіце сабе. У рэдакцыю з просьбай аб дапамозе звяртаецца заяўніца. Просіць яна за іншых людзей — сваіх родзічаў. Апошнім у спадчыну ў аграгарадку дастаўся дом. Уласнік жылля нядаўна пайшоў з гэтага жыцця. Яго дачка некалькі гадоў таму пераехала на іншае месца жыхарства. У доме зарэгістраваны іншыя родныя як самой нашай заяўніцы, так і ранейшага гаспадара дома. Зарэгістраваны, але фактычна пражываюць па іншым адрасе ў тым жа аграгарадку. Але тое жыллё яшчэ не ўведзена ў эксплуатацыю. У заяўніцы, якая, нагадаем, просіць за сваіх родных, а сама пражывае зусім у іншым месцы, узніклі прэтэнзіі па ўнясенні платы за абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі. Маўляў, ніякага дагавора з людзьмі, што атрымалі ў спадчыну нерухомасць, не заключалася. Адпаведна, у іх пытанне: а на якой падставе яны павінны плаціць? Хоць, паколькі іх дом, дзе яны фактычна пражываюць, не ўведзены ў эксплуатацыю, па тым адрасе жыхары аграгарадка таксама гэтую паслугу не аплачваюць. Заўважым, ва ўсіх фігурантаў розныя прозвішчы. Як вам гісторыя?
Таму, каб не памыліцца з імёнамі, ступенню сваяцтва і адрасамі рэгістрацыі і фактычнага пражывання ўсіх родзічаў і нікога не пакрыўдзіць гэтым, мы вырашылі апусціць вышэйназваныя звесткі. Пяройдзем адразу да праблемы.
На адрас размяшчэння атрыманай вяскоўцамі маёмасці на імя з'ехаўшай даўно дачкі гаспадара жылля прыйшло паведамленне аб аплаце запазычанасці за вываз цвёрдых камунальных адходаў. Было тое двойчы з невялікай розніцай у сакавіку. Фігуранты гісторыі не пагадзіліся з дакументам, матывуючы сваё рашэнне тым, што не ўступілі ў права спадчыны (ды і ўвогуле, па словах заяўніцы, хочуць ад яе адмовіцца). Па стане на канец мая сума запазычанасці склала крыху больш за 42 рублі, у тым ліку пеня — больш за 23 рублі. Усе ўдзельнікі адмаўляюцца плаціць гэтыя грошы, збіраюцца падаваць у суд і ўвогуле — хацелі б закрыцця асабовага рахунку. Па словах заяўніцы, яны звярталіся да камунальнікаў, але станоўчага рашэння для сябе не дабіліся. Жанчына пазваніла ў газету...
Гэта гісторыя аб налічэнні платы за абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі аказалася на слыху ў спецыялістаў камунальнага ўнітарнага шматгаліновага вытворчага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі «Ганцавіцкая РЖКГ» — дастаткова было толькі пачаць пераказваць яе сутнасць. У выніку мы атрымалі афіцыйны адказ наступнага зместу, які прыводзім з неабходнымі каментарыямі.
«Плата за абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі разлічваецца па субсідзіруемых тарыфах для насельніцтва зыходзячы з нарматыву ўтварэння цвёрдых камунальных адходаў, устаноўленага мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, і колькасці зарэгістраваных па месцы жыхарства грамадзян». (У гэтых сказах — адказ на пасаж заяўніцы, што адходаў у домаўладанні не магло быць. Любы паход у краму зараз не абыходзіцца без набыцця з патрэбнымі таварамі шкла, пластыку, цэлафану і г. д. Таму і існуе нарматыў утварэння адходаў. Пра колькасць зарэгістраваных па месцы жыхарства грамадзян таксама ў адказе сказана недвухсэнсоўна. — Аўт.).
«Такім чынам, па доме... (які застаўся ў спадчыну. — Аўт.) аграгарадка... адбываецца налічэнне за паслугу па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі на зарэгістраваных па месцы жыхарства грамадзян...
Асабовы рахунак па вышэйназваным адрасе быў аформлены на... (дачку, якая з'ехала некалі на іншае месца жыхарства. — Аўт.) згодна са спісамі грамадзян... сельскага Савета. З 1 чэрвеня 2018 года на падставе даведкі ад 11.06.2018 г. № 295, выдадзенай... сельскім выканаўчым камітэтам, уласнік жылога дома будзе зменены на... (памерлага гаспадара. — Аўт.), але сума налічэння па камунальных адходах не зменіцца, паколькі налічэнне праводзілася на двух зарэгістраваных па месцы жыхарства чалавек».
У канцы адказу фігурантам гісторыі прапануецца ў выпадку нязгоды з вышэйпададзеным абскардзіць яго ў абласной жыллёва-камунальнай арганізацыі.
Што датычыцца сумы, з-за якой узнікла спрэчка, дык, як удакладнілі нам камунальныя спецыялісты, пасля ўнясення заяўніцай колькі часу таму 20 рублёў яна складае: па асноўным доўгу — 21,87 рубля, пеня — 24,75 рубля.
Сяргей РАСОЛЬКА
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.