Вы тут

У Наваполацку ўпершыню прайшоў канцэрт «Песня года»


Музычны тэлепраект «Песня года» тэлеканал АНТ ладзіць ужо 13 гадоў, пераняўшы традыцыю ў расійскага Першага канала. Але выязджаць з канцэртамі за межы сталіцы, бліжэй да слухачоў, пачалі адносна нядаўна: так, летась праект адбыўся ў Маладзечне, а гэтым летам завітаў на Віцебшчыну — у Наваполацк. Як кажуць самі тэлевізійнікі, проста ўсё супала: і Год малой радзімы, і 60-гадовы юбілей аднаго з самых маладых беларускіх гарадоў, і тое, што менавіта Наваполацк сёлета з'яўляецца культурнай сталіцай краіны. Як горад-юбіляр сустрэў папулярных і малавядомых беларускіх артыстаў і якія ўражанні засталіся ў тых ад мясцовай публікі — у рэпартажы «Звязды» з месца падзей.


Па­пу­ляр­ны ві­дэа­бло­гер Ле­ра Яс­ке­віч не ад­мо­ві­ла пры­хіль­ні­кам  у аб­дым­ках і су­мес­ных фо­та, а ўве­ча­ры ад­кры­ла кан­цэрт  з чул­лі­вай пес­няй на верш Ні­ла Гі­ле­ві­ча.

Сё­ле­та гэ­та са­мае па­пу­ляр­нае мес­ца для сэл­фі ў На­ва­по­лац­ку.

...Адкрытая канцэртная пляцоўка на плошчы Будаўнікоў перад Наваполацкім гарвыканкамам да прыёму ўдзельнікаў ужо практычна гатовая: сцэна зманціравана, месцы для тэлекамер вызначаны і 20 радоў рознакаляровых крэслаў чакаюць публіку, якая падцягваецца з першымі музычнымі акордамі рэпетыцыі, хоць да самога канцэрта яшчэ... дзевяць гадзін!

— Вау! Крута! — рэагуюць мясцовыя хлопцы, назіраючы правакацыйныя танцы спявачкі Каці Волкавай — той самай, якая некалькі гадоў таму гучна заявіла аб сабе на тэлепраекце "Хачу ў ВІА Гру" і працягвае эпаціраваць публіку.

— Праўда? — адразу жыва рэагуе дзяўчына. — Падабаецца? Тады давайце дамовімся. Мяне завуць Каця Волкава, і калі ўбачыце мяне на канцэрце, крычыце на ўсю моц і суседзям падказвайце: "Волкава, ты супер!"

Хто на новенькага?

Пакуль рэжысёр і здымачная група ўзгадняюць нюансы кожнага нумара з артыстамі, я разжываюся спісам удзельнікаў канцэрта.
У «Песні года», акрамя загадзя заяўленых хэдлайнераў ды вопытных байцоў музычнага фронту — Ядвігі Паплаўскай, Анатоля Ярмоленкі, Іны Афанасьевай, Аляксея Хлястова, Вікторыі Алешкі ды іншых, — даволі многа і новых імёнаў. Тлумачыцца гэта проста: упершыню арганізатары ўлічвалі не толькі паўгадавыя ратацыі на вядучых радыёстанцыях, але і папулярнасць музычных кампазіцый і відэакліпаў на YоuTubе і ў сацыяльных сетках. Такім чынам у канцэрт трапілі, напрыклад, Лера Яскевіч і Юлія Гадунова, якія ўваходзяць у лік самых папулярных беларускіх блогераў. Аўдыторыя падпісчыкаў у кожнай з дзяўчат перавышае 400 тысяч чалавек, а прагляды відэаблогаў вымяраюцца мільёнамі. Аднак людзям, далёкім ад інтэрнэту, ідэнтыфікаваць новых герояў маладога пакалення складана, таму падчас рэпетыцыі не раз і не два давялося пачуць сакраментальнае «А хто гэта?!» і заўважыць крыху паблажлівыя позіркі ў бок дзяўчат. Праўда, позіркі хутка змяніліся на зацікаўленыя, калі некалькі дзясяткаў падлеткаў пабеглі да куміраў, каб пазнаёміцца жыўцом, сфатаграфавацца і папрасіць аўтограф.

Ураджэнка Віцебшчыны Лера Яскевіч (дзяўчына нарадзілася ў г. п. Багушэўск, але апошнія некалькі гадоў жыве ў Мінску) праславілася тым, што надзвычай пранікнёна выконвае пад гітару кавер-версіі вядомых хітоў — рускіх і англамоўных. А яшчэ на пачатку гэтага года Лера стала голасам прыгожага і кранальнага роліка — відэакліп «Калі рана ўстанеш» на верш Ніла Гілевіча зняў тэлеканал АНТ да Года малой радзімы. «Добра памятаю, як гэта было, — дзеліцца Лера, — на канале шукалі новага артыста для запісу відэароліка, і праз майго менеджара выйшлі на мяне. Прапанова падалася цікавай — і канцэпцыя кліпа, і верш Ніла Гілевіча. Да майго сораму, раней я гэты твор не ведала, але так яго ўпадабала, што тут жа запісала песню, і яе пусцілі ў эфір...» А яшчэ дзяўчына прызналася, што вельмі хвалюецца перад канцэртам: адна справа — зняць і выкласці ролік у інтэрнэт, і зусім іншая — выступаць перад вялікай колькасцю гледачоў вочы ў вочы: "Мне здаецца, трэба проста пачаць іграць і калі зловіш музыку, настроішся на яе, то ўсё атрымаецца", — усміхнулася Лера і рушыла падзараджацца энергіяй да сваёй немаленькай групы падтрымкі.

Трохгадзіннае музычнае шоу "Песня года — 2018" — гэта праца амаль 50 тэлевізійных спецыялістаў і здымкі з 10 камер, у тым ліку дрона.

19-гадовая Юля Гадунова — ураджэнка Ельска, якая таксама цяпер жыве і вучыцца ў Мінску, а паралельна запісвае відэа «пра жыццё тыповага студэнта» і займаецца вакалам. Наколькі ўдала? На хвіліначку, кліп на песню «Давай застанёмся» за тры месяцы ў сеціве назбіраў звыш 374 тысяч праглядаў. Ну, а на «Песні года» прыхільнікі масава здымалі Юлю, а сама яна пасля выступлення заявіла, што не можа не скарыстацца момантам, і запісала на камеру тэлефона сэлфі проста са сцэны. «Я дагэтуль не веру, што стаю на сцэне, эмоцыі проста неверагодныя. Глядзіце мяне па тэлевізары!» — заклікала дзяўчына, і гэты яе відэазварот у Інстаграме, дарэчы, паглядзела ўжо больш за 100 тысяч чалавек. Многія, зрэшты, засталіся пакрыўджаныя на тое, што кумір так і не падышла да іх перакінуцца хоць парай слоў.

Кірылу Гуду няпоўныя 22 гады, але навічком на сцэне яго назаве толькі той, каго ўвядзе ў зман сцэнічны псеўданім. Насамрэч Кіріл Ермакоў — заўсёднік беларускіх адбораў на дзіцячае "Еўрабачанне", фіналіст сёлетняга адбору на дарослае, удзельнік шоу "Голас", аранжыроўшчык, гукарэжысёр і модны аўтар песень, якія з задавальненнем бяруць у рэпертуар не толькі суайчыннікі, але і расійскія артысты. А яго ўласная новая песня "Там" мае ўсе шанцы стаць гэтым летам своеасаблівым "гімнам адпускнікоў". "Мне цікава працаваць на расійскім музычным рынку, але ўсё адно часта бываю дома і стараюся падтрымліваць сувязі з нашымі аўтарамі. Дый для сябе хачу зрабіць яшчэ некалькі беларускамоўных трэкаў — модных, стыльных, як падабаецца моладзі".

У акулярах і звычайных джынсах мала хто пазнаваў Алёну Ланскую і Глеба Мацвейчука.

А 9-й ве­ча­ра на пля­цоў­цы яб­лы­ку не бы­ло дзе ўпа­сці, а тыя,  ка­му не ха­пі­ла за­пра­шаль­ні­каў, зла­дзі­лі тан­цы за ага­ро­джай.

Самы малады народны артыст Беларусі Мікалай Скорыкаў і яго падапечная, спявачка Ніна Жукоўская.

Для сваіх. На сваёй

Яшчэ адно маладое, але ўжо вядомае імя — Руслан Асланаў. Звязаць у свядомасці гэтага высокага юнака ў дызайнерскай вышыванцы, які выконвае модную апрацоўку беларускай народнай песні, з прадстаўніком Беларусі на дзіцячым «Еўрабачанні» 2015 года ўдаецца не адразу.

— Пасля «Еўрабачання», дзіцячай «Новай хвалі», украінскага «Голас. Дзеці» так прыемна, што вы зноў на беларускай сцэне і з беларускай песняй.

— Ну, а як інакш, — паціскае плячыма Руслан, — калі ты жывеш у Беларусі, то, на мой погляд, мусіш ведаць і шанаваць і мову, і музыку, тое, што пераходзіць да нас ад мінулых пакаленняў. — Мне вельмі спадабалася хіп-хоп-апрацоўка, якую зрабіў для народнай песні «З таго боку возера» Кірыл Ермакоў, на мой погляд, атрымалася класна — і, спадзяюся, не апошні раз.

«Вы, часам, не ведаеце, хто гэта? Такія драйвовыя, так добра спяваюць!» — сарамліва пытаюцца дзяўчаты, якія здымаюць на тэлефоны выступленне магілёўскага рок-гурта Nіzkіz. Хлопцы са сваім хітом «Небяспечна» сапраўды вылучаюцца на агульным эстрадным фоне. «Шкада, што вы, як і іншыя беларускамоўныя выканаўцы, тут у меншасці», — заўважаю я. «Галоўнае, што не ў сексуальнай! — рагочуць музыканты. Але адразу робяцца сур'ёзныя. — Калі мы трапілі ў «Песню года», значыць, людзі беларускую музыку слухаюць і ім падабаецца, а далей справа за намі, каб не расчараваць».

У невялікі беларускамоўны блок (6 песень з 32 удзельнікаў канцэрта) таксама ўвайшлі маладая, але ўжо загартаваная сцэнай спявачка Ніна Жукоўская, якая апошнія некалькі гадоў актыўна набіраецца конкурснага вопыту, электронны праект з Гродна Mіkіtа і гурт «Аўра». Салістка апошняга Юлія Быкава ў творчым тандэме з мужам, кампазітарам Яўгенам Алейнікам, стала лідарам «Песні года» па колькасці песень-удзельніц. «Праўда, чатыры нашы песні будуць? — крыху недаверліва ўдакладняе Юлія. — Ну ўсё, аўтарскае шчасце маё сёння бязмежнае! 2018-ы для нас наогул праходзіць няблага: зладзілі да свайго 15-годдзя вялікі сольны канцэрт у Купалаўскім тэатры, прэзентавалі некалькі песень да Года малой радзімы. Проста рукі да ўсяго не даходзяць, шчыра кажучы, інакш рабілі б нашмат больш».

...Бліжэй да вечара публіка падцягвалася на плошчу ўсё больш актыўна і здалёк пазнавала любімых артыстаў: «Глядзі, Афанасьева якая стыльная!». Выканаўцы, у сваю чаргу, раздавалі звыклыя кампліменты гораду і мясцовым слухачам. Зрэшты, частка прызнанняў мае пад сабой пэўныя падставы. Так, саліст гурта Mіkіtа успомніў, што першы кліп здымаўся летась «тут недалёка», на фоне маляўнічых краявідаў пад Браславам, таму і навапалачане яму ўжо не чужыя. "Наогул прыемна звязваць у творчасці розныя рэгіёны, — дадае Мікіта Ігнаценка. — Прыкладам, адна з нашых песень напісана на верш "Ты пакліч мяне, пазаві" знакамітай беларускай паэткі, ураджэнкі Піншчышы Яўгеніі Янішчыц, і мы з гонарам выконваем гэты твор на канцэртах".

Ган­на Шар­ку­но­ва і са­ліст гур­та «Без бі­ле­та» Ві­таль Ар­тыст  за не­каль­кі хві­лін раз­ва­ру­шы­лі за­лу.

Гэта толькі на камеру Вольга Рыжыкава і Тэа дзеляць дыплом, а насамрэч у жыцці, на сцэне і ў тэлестудыі яны неразлучная парачка.

Сцэна на дваіх

У «Песні года» заяўлены 32 удзельнікі, але насамрэч артыстаў больш — у праграме нямала дуэтаў. Сумесныя работы прадставілі хэдлайнеры канцэрта — расійскі спявак і кампазітар Глеб Мацвяйчук і заслужаная артыстка Беларусі Алёна Ланская, беларусы з армянскімі каранямі Іскуі Абалян і Егіазар Фарашан, Галіна Шышкова і Алеся Баярскіх, Алена Грышанава і праект Jасkроt, Вольга Рыжыкава і Тэа... Але, бадай, самым нечаканым стаў дуэт Ані Шаркуновай і гурта «Без білета». Ганна, якую мы прызвычаіліся бачыць у канцэртных сукенках і на абцасах, цяпер выйшла на сцэну ў красоўках і джынсавай спадніцы і разам з Віталем Артыстам кіравала залай: «Дапамажыце нам, калі ласка, — падчас прыпеву машыце рукамі вось так».
Як прызналася ў закуліссі спявачка, для яе гэта работа стала самай імклівай у жыцці:

— 4 чэрвеня ў нас была нарада па песні, а праз дзень гурт даваў сольны канцэрт, і я перажывала, што мы нічога не паспеем. Але ўсё атрымалася літаральна за тры дні, і вынік асабіста мне вельмі падабаецца.

— Аня, вы ж маладая мама, — як усё паспяваеце?

— Нічога не паспяваю, — смяецца артыстка. — 14 чэрвеня дзіцяці ўжо годзік, яно пачало хадзіць, а я дагэтуль не магу звыкнуцца, якім імклівым стала жыццё і як па-іншаму ацэньваеш час, які хочацца выкраіць і на блізкіх, і на творчасць, і на стасункі з сябрамі.

Анатоль Ярмоленка-малодшы выступіў у Наваполацку тройчы: на "Песні года", юбілейным канцэрце "Сяброў" і ў маладзёжнай музычнай праграме.

Аляксандра Гайдук падабрала цёплы летні вобраз.

Пра хуткаплыннасць часу разважаў таксама кіраўнік і саліст «Сяброў» Анатоль Ярмоленка, які гэтым вечарам выканаў песню «Добрыя людзі» разам... з Анатолем Ярмоленкам. Малодшым. «Я памятаю, як праходзіла першая беларуская «Песня года», і вельмі прыемна, што цяпер традыцыю падхапілі і адзін з самых маладых гарадоў нашай краіны, і новыя маладыя выканаўцы, — адзначыў Ярмоленка-старэйшы. — Рады, што Анатоль выпусціў свой альбом і прадстаўляе песні з яго на канцэртах «Сяброў». Яму не трэба падказваць штосьці ў музычным сэнсе, хутчэй, трэба не перашкаджаць і назіраць, які атрымліваецца ф'южн з сучасных рытмаў і традыцый нашага пакалення».

Уласна, такім змяшэннем стыляў і пакаленняў атрымалася і летняя «Песня года — 2018». Ацаніць яе на ўласныя вочы і вушы можна будзе  24 чэрвеня на тэлеканале АНТ.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Мінск — Наваполацк — Мінск

Загаловак у газеце: «Не ведаю, хто гэта, але ж добра спявае!»

Выбар рэдакцыі

Культура

«Меню» для вандроўніка

«Меню» для вандроўніка

У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.

Сям'я і дэмаграфія

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.