Адзін з прыярытэтаў сацыяльна арыентаванай дзяржавы — клопат пра старэйшае пакаленне. Даглядаць сваіх нямоглых блізкіх у першую чаргу павінны дзеці і родныя. Але жыццёвыя абставіны бываюць розныя, і часам пажылыя людзі сустракаюць старасць у адзіноце. Тады абавязак дапамагчы ўскладваецца на тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Мы запыталі ў нашых чытачоў, ці запатрабавана дапамога сацыяльных устаноў і як суадносіцца яна з патрэбамі пажылых грамадзян.
Васіль ЗАХАРЭНКА, старшыня Клімавіцкага раённага Савета дэпутатаў:
— Сістэма сацыяльнага абслугоўвання пажылога насельніцтва створана і адпрацавана даўно. Я не бачу вялікіх недахопаў у яе функцыянаванні. Яна прадстаўлена тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання. У рэгіёнах, дзе дазваляюць сродкі і магчымасці, працуюць фельчарска-акушэрскія пункты. Яны аказваюць тэрміновую дапамогу пры неабходнасці.
Для абслугоўвання адзінокіх састарэлых жыхароў наймаюць сацыяльных работнікаў. Гэта асабліва актуальна для вясковай мясцовасці, таму што там цяжэй жыць старым. Як правіла, сацработнікі пражываюць па суседстве з чалавекам, якому неабходны догляд.
Калі пажылы чалавек жадае атрымаць дапамогу, ён павінен звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання. Але тут трэба падкрэсліць, што ўсе састарэлыя адзінокія людзі стаяць на ўліку ў сельвыканкаме. Часам мы самастойна прывозім заявы ў цэнтры ад хворых, нямоглых грамадзян. Многія старыя людзі не ведаюць пра магчымасці дапамогі ад сацыяльных службаў і могуць не звярнуцца ў час рэальнай неабходнасці.
Для пажылых людзей, якія і да такіх умоў не могуць прыстасавацца, створаны дамы, дзе яны пражываюць у стацыянары.
Віктар КОСТКА, першы намеснік старшыні савета Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў:
— Наша арганізацыя працуе ў сувязі з органамі сацыяльнай абароны і тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання. Ветэраны атрымліваюць ад іх не толькі неабходную дапамогу, але і займаюцца ў гуртках па інтарэсах. Кожны з раённых цэнтраў мае свае цікавыя ініцыятывы. Скаргаў на сацыяльныя цэнтры з боку ветэранаў няма. Установы вырашаюць усе пытанні, якія ўскладзены на іх згодна з заканадаўствам. Многіх нашых ветэранаў даглядаюць родныя, але, калі ўзнікае неабходнасць, мы звяртаемся да сацыяльных службаў.
Найбольш запатрабавана насельніцтвам паслуга аказання дапамогі хворым, адзінокім ветэранам дома. Тэрытарыяльны цэнтр накіроўвае свайго супрацоўніка да грамадзяніна, які не можа абслугоўваць сябе самастойна. І гэты сацыяльны работнік згодна з графікам наведвае падапечнага, гутарыць з ім, ходзіць у магазін. Падчас выбараў сацыяльныя службы з камісіямі забяспечваюць ветэранам магчымасць прагаласаваць дома.
Для адзінокіх людзей важная не толькі дапамога, але і магчымасць камунікацыі, адчуванне, што пра цябе памятаюць. Напрыклад, нядаўна жыхару Кастрычніцкага раёна Мінска, удзельніку вайны, споўнілася 100 гадоў. Наша арганізацыя сумесна з БРСМ, упраўленнем сацыяльнай абароны віншавала яго.
Святлана ЦІШКЕВІЧ, дырэктар Наваполацкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва:
— У склад нашага цэнтра ўваходзяць сацыяльны пункт і 7 аддзяленняў, якія аказваюць разнастайны спектр сацыяльных паслуг. На тэрыторыі Наваполацка пражывае фактычна 21 тысяча чалавек пажылога і састарэлага ўзросту. Штогод спецыялістамі арганізацыі праводзяцца абследаванні матэрыяльна-бытавых умоў жылля пажылых грамадзян, ветэранаў вайны — для выяўлення і ўліку патрэб у розных відах дапамогі.
Адна з прыярытэтных і запатрабаваных формаў сацыяльнага абслугоўвання — работа аддзялення сацыяльнай дапамогі дома. У складзе аддзялення працуюць 48 сацыяльных работнікаў. Цяпер на надомным абслугоўванні знаходзяцца 482 адзінокія і адзінока пражываючыя пажылыя грамадзяніны.
Найбольш запатрабаваныя з пераліку бясплатных і агульнадаступных паслуг — гэта купля і дастаўка дадому прадуктаў харчавання, прамысловых тавараў першай неабходнасці, унясенне платы за камунальныя паслугі, вільготная прыборка падлогі, вынас смецця, дастаўка лекаў.
Вялікай папулярнасцю карыстаецца група «Пенсіянер-валанцёр: я чалавек вольны, мне нескладана дапамагчы». Пажылыя валанцёры не замяняюць сацыяльных работнікаў. Яны, хутчэй, сябры-равеснікі і псіхолагі ў адной асобе. Для эфектыўнасці сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў цэнтры ўкаранёныя інавацыйныя формы работы з пажылымі грамадзянамі — «Брыгада экстраннага рэагавання» для вырашэння праблем адзінокіх пажылых людзей, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, «Школа бяспекі для пажылых людзей і інвалідаў» , «Школа рэабілітацыі і догляду» ў дапамогу сваякам пажылых грамадзян, якія страцілі здольнасць да самаабслугоўвання. З'явілася новая паслуга «Skуре-кансультаванне». Маламабільныя пажылыя грамадзяне і члены іх сем'яў могуць атрымаць кваліфікаваную дапамогу, не выходзячы з дому.
Працуе ў аддзяленнях і 11 гурткоў: замежных моў, прававых ведаў, фізкультурна-аздараўленчай, дэкаратыўна-прыкладной накіраванасці, гурток па іпатэрапіі. Некаторыя з іх вядуць валанцёры-студэнты Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Марыя ДАДАЛКА
Пераднавагоднія тыдні — гарачая пара для прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання.
Адзін з найлепшых участковых Магілёва — пра шлях да мары і прафесійныя будні.
Цяльцы будуць у цэнтры падзей з самага пачатку тыдня.
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.