Вы тут

У Сенненскім раёне бабулі і дзядулі вядуць актыўны лад жыцця


У Сенненскім раёне бабулі і дзядулі катаюцца на веласіпедах, ходзяць у пешыя паходы, удзельнічаюць у народных гульнях, якія вывучаюць падчас этнаграфічных экспедыцый. А ў пытаннях экалогіі супрацоўнічаюць нават з Акадэміяй навук.


Мяс­цо­выя  ве­ла­сі­пе­дыст­кі.

Вырашылі па-добраму страсянуць

Пасёлак Багушэўск, дзе я і пазнаёміўся з цікавымі людзьмі, знаходзіцца паміж Віцебскам і Оршай. Там жывуць каля 2,5 тысячы чалавек. Яшчэ на вакзале адчуў, што Багушэўск нейкім чынам нагадвае гарадок з фільма «Безыменная зорка». І тут, бадай, таксама ўсе ведаюць адно аднаго. Гэткае правінцыйнае ціхае жыццё...

А памыліўся ж! Усё самае перадавое і цікавае ў пасёлку адбываецца ў грамадскім жыцці — дзякуючы крэатыўным супрацоўнікам сістэмы сацыяльнай абароны. Яны ж сталі ініцыятарамі рэалізацыі праекта «Разам да здароўя». Выйгралі грант у рамках адпаведнай прапановы Чырвонага Крыжа.

— Усё пачалося з ідэі па прасоўванні здаровага ладу жыцця... Мы ўзвалілі на сябе велізарную адказнасць: «ажывіць» наш Багушэўск. І пачалі з сябе. У большасці хвароб вінаватыя не прырода, не грамадства, а сам чалавек. Часцей за ўсё ён хварэе ад ляноты, прагнасці і неразумнасці. Пры стварэнні ініцыятыўнай групы кожны з нас меў свой багаж нездаровых звычак, якім мы далі бой, — расказвае Галіна Секачова, загадчык аддзялення сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і суправаджальнага пражывання Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Сенненскага раёна, лідар ініцыятыўнай групы.

Цікава, што група, калі пісаць па-руску, мае назву «БАКС». А ў перакладзе на беларускую мову, абрэвіятура расшыфроўваецца так: «будзем актыўнымі, прыгожымі, стройнымі».

Паглядзеў «справаздачу» групы аб поспехах. Дарэчы, зроблена не без гумару. Галіна і аднадумцы на фота на фоне рысак для вымярэння росту з табліцамі ў руках. На іх надпісы з праблемамі здароўя, якія былі раней. Галіна не ўтойвае, што ёй пад 60. Як і тое, што кожны дзень піла таблеткі, каб нармалізаваць ціск, вяла маларухомы лад жыцця, харчавалася няправільна. Цяпер адчувае сабе, як той сказаў, на 5 балаў.

Га­лі­на Се­ка­чо­ва па­каз­вае кар­ту з вы­явай ве­ла­марш­ру­ту.

І знялі... групу інваліднасці!

Багушэўск цяпер без перабольшання можна назваць адным з лідараў сярод невялікіх населеных пунктаў Віцебшчыны ў пытанні перасоўвання на веласіпедах.

Што цікава, «колы» (усяго іх каля 20) выдаюць напракат бясплатна, нават прыезджым. Ёсць яны і для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, і дзіцячыя, асобна — для жанчын і мужчын. Маё прызнанне наконт таго, што апошні раз катаўся гадоў 30 таму, выклікала абурэнне. Адразу захацелі навучыць.

Ёсць сярод аматараў «веліка» і 80—90-гадовыя. Ды не проста праязджаюць пару вуліц, а разам кіруюць у паходы. Адпаведна, самы працяглы маршрут даўжынёй каля 8 кіламетраў. А калі не сезон, ахвотным выдаюць палкі для скандынаўскай хады. Хаця імі скарыстацца можна і ў іншыя поры года.

Катанне, здаровы лад жыцця робяць цуды. Напрыклад, у аднаго з удзельнікаў, валанцёра, групу інваліднасці знялі. Другі кінуў піць без дапамогі нарколага.

Валанцёры аказваюць бясплатна і шэраг іншых паслуг. Напрыклад, займаюцца распілоўкай дроў, калі трэба — пакосяць. Ёсць мотаблок, з дапамогай якога можна араць. Печку адрамантаваць таксама могуць.

Не раз дзейнасць валанцёраў і ў цэлым сацыяльных работнікаў адзначалі нават не на рэспубліканскім, а на міжнародным узроўні. У прыватнасці, шмат цёплых слоў выказалі кіраўнікі Чырвонага Крыжа з Швейцарыі, якія прыязджалі ў Багушэўск.

Кла­ра Аляк­санд­раў­на Пе­ра­пе­чы­на (зле­ва) і ды­рэк­тар Тэ­ры­та­ры­яль­на­га цэнт­ра са­цы­яль­на­га аб­слу­гоў­ван­ня на­сель­ніц­тва Сен­нен­ска­га ра­ё­на Та­ма­ра Смір­но­ва.

Санаторый... дамашні

Актыўна пенсіянеркі з глыбінкі карыстаюцца паслугай «Санаторый дома».

— Паслуга аказваецца ветэранам Вялікай Айчыннай, грамадзянам, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў, адзінокім пажылога ўзросту, — удакладняе дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Сенненскага раёна Тамара Смірнова.

Выяўленне кліентаў, якія маюць патрэбу ў паслузе, робіцца спецыялістамі цэнтра пры цесным узаемадзеянні з медыкамі. Участковым тэрапеўтам па выніках агляду складаецца індывідуальны план аздараўлення. Паралельна прызначаецца медыкаментознае лячэнне і даюцца медыцынскія рэкамендацыі.

А комплексная паслуга «Санаторый дома» аказваецца рознымі аддзяленнямі цэнтра. У прыватнасці, аддзяленнямі сацыяльнай дапамогі дома, дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі, суправаджальнага пражывання.

Сацыяльныя работнікі прынясуць прадукты харчавання, лекі. Пры неабходнасці прыгатуюць простыя дыетычныя стравы. Па прызначэнні ўрача прыгатуюць фіта-чаі і пракантралююць прыём лекаў.

А з удзелам валанцёраў аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту можа быць арганізаваны вольны час. Прапануюць наступныя паслугі: «Суразмоўнік на гадзіну», міні-канцэрт, бібліятэрапія (чытанне кніг), музычная тэрапія (спяванне песень). Псіхолаг аддзялення сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і суправаджальнага пражывання таксама аказвае падтрымку. Плюс праводзяцца мерапрыемствы па паляпшэнні ўвагі і памяці. Сярод іншага практыкуюцца галатэрапія (лячэнне штучным сонцам), магнітатэрапія, самамасаж і іншае.

«Вам 90?!!»

Сёння такімі паслугамі пажадалі скарыстацца чацвёра грамадзян. Адна з іх — Клара Аляксандраўна Перапечына. Калі б мае спадарожніцы не сказалі, што пенсіянерцы за 90, ніколі не падумаў бы.

На ўсякі выпадак паўтарыў пытанне, звяртаючыся да бабулі. А яна развесяліла, расказаўшы, як у Віцебскім абласным дыягнастычным цэнтры ўрач вырашыў, што ў накіраванні памылка наконт узросту пацыенткі.

— А я яму: не, чалавек дарагі, усё правільна напісалі! Дык ён калег паклікаў, каб на мяне таксама паглядзелі... У мяне з чатырох дзяцей трое пенсіянераў. А яшчэ восем унукаў і столькі ж праўнукаў. Імёны ўсіх памятаю! — папярэджвае маё пытанне бабуля.

Пад уражаннем запытаў маіх «гідаў»: няўжо іх кліенты ўсе такія. Пачуў, што дзядуля ў такім жа ўзросце, як Перапечына, і за руль нярэдка садзіцца. Сваім прыкладам натхняе моладзь пазбавіцца ад дрэнных звычак...

На развітанне мне расказалі, што днямі адбудзецца прэзентацыя зборніка народных гульняў, аўтарамі якога з'яўляюцца члены «БАКС». Увогуле, у іх яшчэ шмат нестандартных ідэй, рэалізоўваць якія дапаможа імкненне быць здаровымі — целам і духам!

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: У 90 гадоў... на веласіпед

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?