Вы тут

Пінкавічы: і Якуба Коласа, і Луізу Бойд не сорамна было б запрасіць


Пінкавіцкі сельсавет па выніках мінулага года стаў найлепшым у вобласці па пытаннях добраўпарадкавання.

Пінкавічы знакамітыя найперш як коласаўская мясціна. Тут працаваў малады настаўнік Канстанцін Міцкевіч пасля вёскі Люсіна, што ў Ганцавіцкім раёне. За два гады работы будучага пісьменніка паспелі палюбіць мясцовыя жыхары, якім ён усяляк спрыяў. На месцы школы, дзе жыў і працаваў педагог, зараз знаходзіцца яго музей. У ім беражліва захоўваюцца расказы вартаўніка школы, цёплыя ўспаміны вучняў. А вуліцы, па якіх сто гадоў таму хадзіў будучы класік, сталі, вядома, зусім іншымі.


Так выглядае адна з вуліц у Пінкавічах.

Дэпутацкі корпус

Асаблівасці гэтага сельсавета абумоўлены яго блізкасцю да горада. У дзвюх вёсках адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі пражывае амаль 5200 чалавек. Школа і дзіцячы садок тут самыя вялікія ў раёне. На тэрыторыі працуе да дзясятка невялікіх прадпрыемстваў і філіялаў даволі вядомых вытворцаў, такіх, напрыклад, як «Пінскдрэў», «Медтэхніка», «Белмедінструменты», ёсць свой участак ЖКГ.

Дэпутаты сельскага Савета ў сваёй большасці — гэта дырэктарскі корпус прадпрыемстваў і арганізацый, якія функцыянуюць у Пінкавічах. Старшыня сельскага Савета Анжаліка ГУДКОВА лічыць такі падыход найбольш прымальным у фарміраванні мясцовага Савета. Многія ўжо працуюць трэцяе скліканне, і ніякіх праблем не ўзнікае. «Яшчэ ніводзін з дэпутатаў не адмовіў у просьбе вырашыць нейкае канкрэтнае пытанне па добраўпарадкаванні, — кажа Анжаліка Паўлаўна. — А пытанні паўстаюць рэгулярна: то вялікую кветніцу ў скверы ўстанавіць, то зямлі для клумбы падвезці, нешта прыбраць. Заўсёды знаходзім разуменне».

Вада і газ

— Раней адной з асноўных праблем добраўпарадкавання быў раён новай забудовы, — расказвае кіраўнік мясцовай улады. — Не варта забываць, мы жывём на балоце. У ваколіцах даўно пракладзены водаадводныя каналы. Праўда, за апошнія дзесяцігоддзі гэтыя каналы зараслі не толькі хмызняком — там падняліся дрэвы. Дык вось, калі нарэшце расліннасць выдалілі, каналы прачысцілі і прыбралі, нават памяняўся выгляд гэтай мясціны, якую мы называем «за чыгункай». Усё зроблена за сродкі раённага бюджэту. Менавіта там цяпер з'яўляюцца вуліцы, будуюць дамы навасёлы. Найперш у раёне забудовы праклалі новыя дарогі, каб людзі маглі завозіць будматэрыялы і весці работы. Затым у раён прыйшлі газ, вада, нават сеткі оптавалаконнай сувязі працягнулі.

Адначасова з развіццём раёна новай забудовы ішла пракладка водаправода ў старой частцы Пінкавічаў. Для гэтага арганізавалі шэсць кааператываў. Працэс ішоў цяжка. Людзі нават хадзілі на прыём да губернатара. Яны бачылі, што навасёлам дапамагае бюджэт, а сталыя жыхары нібыта абдзеленыя дапамогай. Але ж кансэнсус быў дасягнуты, і з дапамогай кааператываў ваду праклалі. Апошнюю нітку водаправода шостага па ліку кааператыва здалі летась. І зараз ужо ўсе Пінкавічы з гарадской вадой. А гэта, несумненна, азначае новы ўзровень якасці жыцця.

Цяпліцы і кветкі

Цікава, што ў вёсцы, дзе ўсе дамы ацяпляюцца газам, па-ранейшаму запатрабаваныя мясцовыя віды паліва. Тут купляюць нямала дроў і торфабрыкету. Гаворка аб тым, што тутэйшыя жыхары маюць шмат цяпліц. Аказваецца, памылка — лічыць, што захапленне агурочным бізнесам пайшло з Альшан. У Пінкавічах агуркамі сталі займацца яшчэ раней, праўда, у значна меншых маштабах. Але і цяпер тым, хто вырошчвае агуркі, памідоры, кветкі, на жыццё хапае. Апошнім часам папулярнасць тут набірае вырошчванне цюльпанаў і петуній. Ёсць яшчэ адна адметная рыса ў тутэйшых агароднікаў. Яны навучыліся арганічна ўпісваць свае цяпліцы ў агульны выгляд двароў — так, каб гэты самы выгляд не псаваць. І сельвыканкам іх усяляк да гэтага стымулюе. Кожны год да дня вёскі праводзіцца конкурс на самы лепшы падворак і гаспадары, якія вылучыліся, атрымліваюць граматы, падарункі.

Кветак у вёсцы шмат. Іх тут любяць разводзіць. Цяпер імі ўпрыгожваюць многія мясціны. У час работы мінулага склікання на вуліцах з'явіліся вялікія кветніцы, набытыя спонсарамі. «Калі сталі высаджваць першыя расліны, некаторыя пазней пакралі, — уздыхае Анжаліка Паўлаўна. — Першы год дзе-нідзе па адной кветачцы заставалася. Падключалі старастаў, грамадскасць, тлумачылі, прасілі, ушчувалі. На другі год фактаў крадзяжоў стала менш, а цяпер людзі самі прыходзяць і прапаноўваць насенне, саджанцы кветак. Мы сёлета іх не куплялі, поўнасцю пасадзілі кветкі, якія ахвяравалі вяскоўцы». У гэтым годзе ўздоўж галоўных вуліц старшыня рызыкнула высадзіць туі. 300 штук маладзенькіх туй ужо сядзяць у радок з красавіка, пакуль ніводная не знікла са свайго месца. Людзі самі сочаць за парадкам, жыхары бліжніх дамоў прыглядваюць за саджанцамі.

Стар­шы­ня  сель­ска­га Са­ве­та  Ан­жа­лі­ка  Гуд­ко­ва  по­бач  з кры­жам-абя­рэ­гам.

Выхаванне прыкладам

— У нас ёсць свой участак ЖКГ, з навядзеннем парадку дапамагаюць прадпрыемствы, але, калі не будзе разумення і падтрымкі людзей, сапраўднага парадку не даб'ешся, — разважае Анжаліка Гудкова, педагог па прафесіі. — Вялікае значэнне мае выхаванне, асабісты прыклад, грамадская думка. Многае робяць у гэтым кірунку старасты. Я сама ў машыне маю пакет для смецця і рабочыя пальчаткі. Калі еду недзе па тэрыторыі і бачу пластыкавую бутэльку ці іншыя адходы, абавязкова прыбіраю. Асабліва крыўдна, калі ведаеш: толькі што ўсё прыбралі камунальнікі, але ж знайшоўся нехта, хто насмеціў. Як з гэтым змагацца? Прыбіраць. І дзяцей так выхоўваем у школе, у садку.

У дзіцячым садку не так даўно правялі капітальны рамонт. Будынак дашкольнай установы быў узведзены яшчэ ў савецкія часы і выгляд меў даволі гаротны. Раённы бюджэт выдзеліў грошы, зрабілі добры рамонт, мадэрнізавалі харчовы блок, абнавілі летнія веранды. Утульны двор, які патанае ў кветках, і малыя, і дарослыя гаспадары ўстановы з задавальненнем паказваюць гасцям.

Яшчэ на радасць пінкавіцкай дзятве летась адкрылі новую дзіцячую пляцоўку. З леташніх паляпшэнняў можна назваць і абсталяванне гандлёвых месцаў каля прадуктовай крамы. Раней гаспадары, якія хацелі прадаць сваю прадукцыю, прыносілі скрынкі альбо зэдлікі і сядзелі побач з крамай. Цяпер тут паставілі сталы з лаўкамі і месца для гандлю стала цывілізаваным. Людзі ўдзячныя, цяпер кожны дзень там гандлюе нехта з мясцовых жыхароў.

Знакавыя аб'екты

Амаль уся вёска сабралася, калі адкрывалі знакавы аб'ект для населенага пункта: у цэнтры вёскі на скрыжаванні дарог з'явіўся вялікі крыж-абярэг з паліраванай нержавейкі на гранітным пастаменце. Яго пабудаваў мясцовы бізнесмен Міхаіл Нарывончык. Цяпер у вёсцы кажуць, што такога крыжа па ўсёй краіне больш не знойдзеш. Мабыць, так і ёсць. Карэнныя жыхары Пінкавічаў ганарацца сваёй мясцінай. Гэта заўважыла яшчэ ў далёкія 30-я гады амерыканская падарожніца і даследчыца Луіза Арнер Бойд. Яна і расказала свету пра Пінскае Палессе і вёску Пінкавічы. Фотаздымкі жыхароў вёскі ўвайшлі ў многія альбомы даследчыцы. Іх выстаўкі з поспехам прайшлі ў Амерыцы. Пра пінчукоў уплывовая амерыканка гаварыла заўсёды з сімпатыяй. Больш чым праз 80 гадоў пасля яе экспедыцыі ў Пінкавічах з'явіўся памятны знак у гонар Луізы Бойд. Камень-валун з адпаведным надпісам усталявалі на тэрыторыі літаратурна-краязнаўчага музея Якуба Коласа. І народны пісьменнік, і заакіянская падарожніца пакінулі апісанні самабытнасці краю, прыгожай прыроды, добразычлівых людзей. А сённяшнія жыхары вёскі, здаецца, не падвялі. Прынамсі, па выніках мінулага года абласны Савет і аблвыканкам назвалі Пінкавіцкі сельсавет найлепшым у вобласці. Ганаровы дыплом уручыў старшыня аблвыканкама Анатоль Ліс на цырымоніі ўшанавання пераможцаў спаборніцтва «Чалавек года».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Пінскі раён

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.