Вы тут

Сустрэнемся ў «Версалі»


Мясцовыя жыхары з аграгарадка Гранічы, што ў Маладзечанскім раёне, на пытанне: «А дзе тут крама?» у адзін голас адказваюць «На скрыжаванні, каля помніка, не прапусціце!» І сапраўды, вялікая шыльда запрашае зазірнуць у новую краму маладога прадпрымальніка Анатоля ГАНЧАРА.


Ма­ла­ды прад­пры­маль­нік Ана­толь Ганчар.

Дваццаціпяцігадовы Анатоль Ганчар толькі год у статусе індывідуальнага прадпрымальніка. Але ўжо паспеў папрацаваць у выязным гандлі — на сваёй машыне ездзіў па вёсках, прадаваў садавіну-гародніну, алей, крупы. Але праца складаная, асабліва зімой, на холадзе.

— Ды і даўно хацелася нейкай стабільнасці, каб на адным месцы быць, — дзеліцца Анатоль. — Аднойчы прыехаў сюды гандляваць, спадабаліся і месца (якраз пуставаў гэты будынак), і людзі. Параіліся з жонкай і вырашылі арандаваць памяшканне.

Але ўзніклі складанасці — на памяшканне не было даументаў, і паўгода прадпрымальнік плаціў арэнду «ўпустую».

— Галоўны страх быў, што мы не адкрыемся, — успамінае Анатоль. — Але ўсё склалася!

Маладая сям'я Ганчароў жыве ў вёсцы Краснае — гэта каля дзесяці кіламетраў ад Граніч. Кожны дзень Аляксандра і Анатоль прыязджаюць у сваю краму — тут яны і прадаўцы, і грузчыкі, і прыбіральшчыкі, і бухгалтары. Дарэчы, бухгалтарскую справу вывучалі самастойна — праз інтэрнэт. «Вельмі дапамагае падатковая служба, як толькі пытанні — адразу туды».

Для адкрыцця справы малады прадпрымальнік узяў крэдыт у «Беларусбанку» на пяць тысяч беларускіх рублёў, другі, на восем тысяч, ужо на адкрыццё крамы.

— Вядома ж, гэтых грошай не хапіла, — расказвае Анатоль. — Усё тое, што зарабіў на выязным гандлі, укладзена ў справу. У нечым адмаўлялі нават і дзеткам (жонка цяпер у дэкрэтным, трошкі бралі з «дзіцячых»). І зараз увесь прыбытак «ідзе» ў тавар. Але і не хацеў бы, каб на мяне ўсё «валілася з неба».

— Дома — двое дзетак. А крама — трэцяе, — дадае Аляксандра. — Большасць часу мы тут, на лета зрабілі зручны графік для пакупнікоў — у будні працуем да васьмі вечара, у выхадныя — да 23.00. Нават па муку прыходзяць ноччу!

Крама працуе толькі другі тыдзень, але мясцовыя з задавальненнем прыходзяць у «Версаль».

— Вёска вялікая, але добрага асартыменту тавару бракуе, — разводзіць рукамі прадпрымальнік. — Мы робім як для сябе — шырокі выбар каўбас і садавіны, малочкі. Аказалася, тут шмат малых, асабліва груднічкоў, таму адразу сталі прадаваць сумесі, кашы. Зараз заключаем дагавор з «Беллактам» на дзіцячыя тваражкі, ёгурты.

Ад вяскоўцаў пачынаюць паступаць і заказы — камусьці трэба вядро на малако з вечкамі, іншаму — пакрышкі на колы. Анатоль ужо шукае, заключае дамовы, каб задаволеныя засталіся ўсе.

Сярэдні чэк пакупніка — дзесяць рублёў. Часцей за ўсё ў краму завітваюць дзеці і бабулі. Час ад часу тым, каму цяжка хадзіць, прадпрымальнікі падвозяць тавар дахаты.

Самы хадавы зараз — марожанае. У «Версалі» яго шаснаццаць відаў! Толькі за тыдзень прадаліся дваццаць скрыняў. Да сярэдзіны лета асартымент пашырыцца — падвязуць канцылярскія тавары, бо надыдзе час рыхтавацца да школы.

— Устанем на ногі — будзем прадумваць маркетынгавыя стратэгіі, — дзеляцца Аляксандра і Анатоль. — Зніжкі, напрыклад. А пакуль у планах — зрабіць такую краму, каб людзі прыходзілі не толькі нешта набываць, але і проста павітацца, пагаварыць.

Марына БЕГУНКОВА, фота аўтара

Маладзечанскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пельмені, шашлычок «Школьны» ці малочны суп? Недзіцячая задачка — прывіць школьнікам здаровыя харчовыя звычкі

Пельмені, шашлычок «Школьны» ці малочны суп? Недзіцячая задачка — прывіць школьнікам здаровыя харчовыя звычкі

Думаць пра тое, чым харчуецца ваша дзіця ў школе, гэтак жа важна, як і пра тое, якім прадметам яго там вучаць.

Спорт

Як жыве «беларускі Шаалінь». Дзе выхоўваюць будучых чэмпіёнаў

Як жыве «беларускі Шаалінь». Дзе выхоўваюць будучых чэмпіёнаў

Адной з найбольш даступных і захапляльных моў дыпламатыі з'яўляецца спорт.

Калейдаскоп

Як добра вы ведаеце беларускі тэатр? Тэст

Як добра вы ведаеце беларускі тэатр? Тэст

Міжнародны дзень тэатра добра было б адзначыць у глядзельнай зале. 

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.