Вы тут

Людзей палілі ў хляве, хто выбягаў — сустракалі агнём


Гэтымі днямі споўнілася 75 гадоў, як знішчылі жыхароў вёсак Любель-Поль і суседняй Вулькі Гарадзішчанскай. Любель-Поль раздзяліў лёс Хатыні, яго знішчаў, што і Хатынь, той самы 118-ы карны батальён. Крывавы досвед у байцоў гэтага падраздзялення быў ужо немалы. Таму жыхароў збіралі ў групу прафесійна, з веданнем справы, праўда, дзейнічалі хутка, нібы без папярэдняга загаду.


Іван Каржаневіч ведае гэтую страшную гісторыю ад сваіх бацькоў, дзядоў і бабуль. Бацькі таксама ведалі найбольш з расказаў бацькоў. Адным словам, немцы стаялі ў суседняй Вульцы. Кругом лясы і балоты, партызанскі край. Адзін з вайскоўцаў-акупантаў, які стаяў у дазоры, заўважыў рух, увязаўся ў перастрэлку з партызанамі. Гэтага хапіла, каб падпісаць смяротны прыгавор абедзвюм вёскам. Людзей вялі ў Любель-Поль і з Вулькі, усіх зганялі ў хлеў на сядзібе Антона Жылевіча, дзеда Івана Каржаневіча. У нейкі момант сяляне зразумелі, што гэта іх апошняя дарога, і рашыліся ўцякаць. Хто пабег у бок цяперашняй шашы, застаўся жыць: акупант, які стаяў там, страляў уверх, даваў людзям выратавацца. Хто выбраў супрацьлеглы напрамак, таго дагнала куля. Астатніх спалілі ў хляве. Калі загарэлася, людзі рынуліся ў дзверы, іх сустракалі кулямётным агнём. Толькі адна дзяўчынка Таццяна Пронька, калі яе збілі з ног, упала і праляжала пад целамі, аж пакуль усё не сціхла. Яна ў тым пекле засталася жывой. Адна са 105 ахвяр. Цяпер бабуля Таццяна жыве ў дзяцей у Мінску.

Бабулі Івана Каржаневіча ў той страшны дзень таксама пашанцавала выжыць, інакш і не было б цяпер Івана... Надзея Антонаўна пабегла ў бок цяперашняй бетонкі з малымі дзецьмі. Самы малы, амаль двухгадовы сын, быў у яе за плячыма. Беглі па балоце, рызыкуючы ўскочыць у багну, пад плач дзяцей і галашэнне старых. Яна потым доўга не магла асэнсаваць, як не заўважыла, што дзіця вывалілася з фартуховага капшука, проста не адчула. А калі агледзела, ёй не далі вярнуцца астатнія: «Сама загінеш, а ў цябе яшчэ шасцёра дзяцей!» Так і сядзела ў схованцы, пакуль у вёсцы ўсё не заціхла. Потым пайшла назад шукаць сваё дзіцятка і знайшла яго! Па плачы. Дзіва, што не загінуў у балоце, што не з'еў які звер, тут звяр'я заўсёды была процьма. Малога выратавала, сямёра дзяцей выгадавала.

Калі яны вярнуліся ў вёску, давялося хаваць родных і блізкіх, а таксама суседзяў, тых, каго хаваць не было каму. Цікава, што хаты карнікі паліць не сталі, мабыць, некуды спяшаліся.

Вяскоўцы, што засталіся, сталі наладжваць жыццё.

— Бацькавы бацькі тут жылі, — расказвае Іван Каржаневіч. — Тут і я з'явіўся на свет, малодшы ў сям'і. Пасля вайны нават пачатковая школа ў Любель-Полі адкрылася, мае старэйшыя браты хадзілі. Калі ж мне прыйшоў час выпраўляцца ў першы клас у 1973 годзе, школу ўжо закрылі, давялося хадзіць у Вульку за чатыры з паловай кіламетры. Як толькі не дабіраліся! — згадвае Іван Іванавіч. — Зімой на лыжах ездзілі, а калі Ясельда разлівалася і ўсё замярзала, нават на каньках, цяплом — на веласіпедзе. Гэта цяпер, калі і адно дзіця ў вёсцы жыве за кіламетр ад школы, за ім абавязкова прыйдзе школьны аўтобус, а тады дарога была нашай праблемай. Але ж нічога, жылі, часам даволі весела і цікава.

Электрычнасць прыйшла сюды недзе ў годзе 69-м ці 70-м. Помню, як бацькі адразу купілі тэлевізар. У нашы балоты лінію электраперадачы цягнулі адной з апошніх у раёне. Тут жа дарогі не было, гэту бетонку, па якой вы прыехалі, пабудавалі ў 80-м разам з алімпійскімі аб'ектамі. Раней сувязь са светам была праз Вульку або на лодцы праз раку. Неяк і не заўважаліся такія нязручнасці. На танцы збіраліся ў вялікай хаце. Калі гулялі вяселле ў адной хаце, танцаваць ішлі ў суседнюю. Бацькі ўсё жыццё працавалі: маці ў калгасе, бацька лесніком. Трымалі вялікую гаспадарку: былі свае карова, конь, свінні, птушка, — згадвае ўраджэнец Любель-Поля.

Пасля школы Іван Каржаневіч скончыў тэхнікум, адслужыў у войску, стварыў сям'ю, пажыў некалькі гадоў у горадзе і зразумеў, што гэта не яго. Таму свой дом пабудаваў у вёсцы Высокае, там, дзе знайшлася работа. Пакуль былі жывыя бацькі, заўсёды прыязджаў сюды, дапамагаў. А калі іх не стала, не змог пакінуць родную хату, даць зарасці агароду. Хоць, здавалася б, сам жыве ў вёсцы, мае кавалак зямлі побач з домам. «Малая радзіма — гэта не пустыя словы, — кажа мой суразмоўца. — Цягне сюды і ўсё. Любы выхадны дзень, вольную гадзіну еду, нешта раблю ў двары, корпаюся ў агародзе. Вось і ў суседнім доме, даўно нікога няма, дзеці не прыязджаюць, а гады два таму сталі прыязджаць унукі, навялі парадак, нейкую градку клубніц пасадзілі, значыць, не прападзе сядзіба».

Старшыня Аснежыцкага сельскага Савета Валерый КІРЫЛКА кажа, што ў вёсцы зарэгістравана некалькі чалавек, але апошнія жыхары яе жывуць у дзяцей у гарадах. Нават летам тут можна сустрэць толькі іх дзяцей і ўнукаў. Праўда, цяпер назіраецца цікавасць да ўчасткаў пад будаўніцтва. Некаторыя ўжо ўзвялі пабудовы і выкарыстоўваюць іх як летнікі.

Валерый Аляксандравіч звяртае ўвагу на капліцу, якую пабудавалі некалі самі жыхары ў памяць аб трагедыі. Цяпер сельскі Савет падтрымлівае каплічку ў належным стане. А помнік, які паставілі ў 1990 годзе на месцы хлява, спаленага з людзьмі, даглядае НПС «Пінск» ААТ «Гомельтранснафта «Дружба». Раней тут стаяў крыж. 27 гадоў таму яго змянілі на абеліск, на плітах якога ўвекавечылі імёны ўсіх загінулых. Цяпер сюды нясуць вянкі і кветкі, як і нядаўна з выпадку 75-й гадавіны трагедыі.

Яшчэ Валерый Кірылка паказаў сціплы, крыху разбураны помнік, які стаіць недалёка ад капліцы, у зарасніку бэзу. Старшыня раней і сам не ведаў пра яго існаванне, старажылы паказалі. Гэта таксама адзін з помнікаў ахвярам таго жахлівага чэрвеньскага дня. Дзяўчына-масквічка прыехала ў госці да сваякоў перад самай вайной, загасцявалася ў вёсцы. Праз некаторы час прыехаў і яе жаніх, відаць, пазнаёміцца. Яны ўжо хацелі вяртацца, ды наступіла 22 чэрвеня. Не паспелі ачомацца, як аказаліся на акупаванай тэрыторыі. Выехаць у Маскву стала немагчыма, так і прабылі тут да 43-га года, і згарэлі ў тым самым хляве. Чаму іх пахавалі асобна, а не на могілках з іншымі вяскоўцамі, цяпер дакладна ніхто не скажа, ды і няма каму сказаць. Але пахавалі тут, дзе цяпер разросся бэз. Старшыня сельвыканкама сказаў, што гэты сціплы абеліск таксама хутка прывядуць у парадак. Памяць павінна жыць.

А старшыня раённага Савета Іосіф ГУЗІЧ упэўнены, што вёска Любель-Поль не знікне з карты раёна. На яе звярнулі ўвагу гараджане. Адзін дом на ўскрайку купілі Таццяна і Валерый Кутузавы. Яны адкрылі аграсядзібу. Тут жа рай для турыстаў, якія шукаюць сустрэчы з сапраўднай прыродай: лес, балота, рака побач. Кутузавы распрацавалі экалагічныя сцяжыны, прапаноўваюць конныя прагулкі гасцям. Звяры падыходзяць ледзь не да дзвярэй сядзібы. «Зімой воўк прыходзіў, — паказвае Таццяна здымак на сваім тэлефоне, — казулькі, зайцы тут кожны дзень бегаюць». Цішыня, прыгажосць, шаша праходзіць за кіламетр ад вёскі. Жыць можна. Можа, хто і захоча, пабудаваўшы дом, пераехаць сюды на пастаяннае месца жыхарства. «Вёска адрадзілася пасля знішчэння ў 1943 годзе, яна павінна жыць нават дзеля памяці», — кажа Іосіф Гузіч.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».