Вы тут

Недапалак


Недапалак

Палова на дзясятую. Яшчэ паспявае. Схавала тэлефон у кішэню. Прыбавіла хуткасці. З-за спіны чуўся рогат пакінутай кампаніі. Ліза павінна вярнуцца а дзясятай. Інакш будзе дрэнна.

Дзяўчына і сама не разумела, як так сталася, што яна спазняецца. Ці то надта развесялілася ды выпадкова не заўважыла, як прабег час, ці то наўмысна ігнаравала яго, правакуючы чарговы скан­дал дома.

Дзяўчына агледзелася. Надта далёка да бліжэйшай сметніцы — няма часу кружыць. Выкінула недапалак у сумёт. Увесну будзе непрыгожа, канечне. Але ж яна не адна такая…

Ад кола агляду ўніз. Праз невялікі масток — крыху прайсці — пад вялікі мост — і вось яна ўжо ў Купалаўскім парку. А там наўскасяк і зноў цераз мост — у гэтым горадзе шмат мастоў — па вуліцы Купалы да вуліцы Багдановіча. І яна амаль дома.

Ліза змерзла. Ля ракі было надта халодна. Яна сунула рукі ў кішэні, яшчэ раз намацала мабільны. Усё будзе добра. Наперадзе ззяла цемрай арка пад мостам. Не, а палове на дзясятую з дзяўчынай не можа нічога здарыцца. Яна смела рушыла ў змрок.

Цемра Лізу ніколі не палохала. Ліза не баялася міфічных пачвар. Яна баялася людзей.

Нехта ці то штурхнуў яе, ці то наступіў на пятку, прымусіўшы рэзка рвануць наперад. Яна вы­бегла ў слабае святло ліхтароў. Крыху наперад, павярнуць направа — да фантана з дзяўчатамі. Толькі вось прысады нейкія незнаёмыя. Іншы асфальт, іншыя лаўкі — яна ў Мінску такіх не бачыла.
Павярнулася назад, разгубленая. Не магла ж яна выйсці недзе не там. Моста за спінай не аказала­ся. Як і Свіслачы. Толькі дрэвы, дрэвы, дрэвы. Клёны, каштаны, ліпы. Ліза захлынулася халодным паветрам.

Кінулася наперад: недзе там гудзеў праспект. Але прысады і не думалі заканчвацца. Ні фантана, ні музея, ні помніка.

Як можна заблукаць у цэнтры Мінска? Няўжо Пашка падмяшаў у яе колу гарэлкі? Тады дадому можна ў прынцыпе не вяртацца. Унутры пахаладзела. Халоднымі дрыготкімі пальцамі яна дастала з кішэні смартфон, каб глянуць час. Няма сеткі. Перазагрузіла. Патрэсла. Пацерла між далоняў. Па­хукала. Мабыць, ад холаду заглючыў.

Урэшце кінулася бегчы…

Слёзы грэлі шчокі, сэрца тахкала недзе ў горле, перашкаджаючы дыхаць, ногі не слухаліся. Бацька не паверыць, што яна заблукала. Бацька нават слухаць не стане. Зноў давядзецца скары­стаць цэлы цюбік таналкі за адзін раз. Зноў давядзецца пераапранацца на фізкультуру ў туалеце, асобна ад дзяўчат. Зноў давядзецца хаваць вочы ад суседзяў па лесвічнай пляцоўцы. Зноў…

— Хэй, — раптам гукнулі яе аднекуль збоку. — Што здарылася?

Яна замерла, спалохана азіраючыся. Да яе выйшаў юнак — адкуль толькі ўзяўся? Самы звычай­ны, крыху старэйшы за яе. Цёмны ўскудлачаны чуб з-пад смешнай скандынаўскай шапкі, стылёвы апранак, яркі заплечнік, дарагія красоўкі.

— Усё ў парадку, — хаваючы заплаканыя вочы, адказала Ліза. — Я проста крыху заблукала…

Хацела б яна сустрэць такога ў якіх іншых абставінах.

— Вы першы раз у Мінску? — мякка, уважліва пацікавіўся малады чалавек.

— Я тут жыву, — нерашуча паціснула плячыма яна.

Зараз будзе смяяцца…

— Здымайце паліто.

— Ш-што?

— Здымайце, хуценька. Мала часу, — ён падышоў бліжэй, узяў яе за локаць.

Ліза зноў заплакала, паматала галавой.

— Адчапіцеся ад мяне. Калі ласка. Я нічога вам не зрабіла…

— Я хачу дапамагчы. Вы не патрапіце дадому, калі не паслухаецеся. Здыміце паліто і апраніце навыварат.

Дзяўчына глянула на юнака, нервова расшпіліла гузікі. Пальцы зусім не слухаліся. Юнак акурат­на зняў з яе паліто, вывернуў ды зноў накінуў на плечы.

— А цяпер трымайцеся, — працягнуў ёй далонь. — І не глядзіце назад.

Ён упэўнена рушыў наперад, не разбіраючы шляху, па сырой глебе ды жухлай траве. Лізе было шкада і сваіх новых ботаў, і яго яркіх красовак, але яна паслухмяна трымала цёплую руку юнака. Праз якую хвіліну яны выйшлі на тратуар недалёка ад Купалаўскага музея. Дзяўчына зноў заплака­ла. Цяпер ужо ад палёгкі ды неразумення. Тэлефон у кішэні раззлавана гудзеў.

— Слухаю, — спалохана сказала яна ў трубку.

— Дзе цябе чэрці носяць?!

— Я падыходжу, падыходжу, — прамармытала яна, хоць разумела, што робіць сабе толькі горш — да дому як мінімум хвілін пятнаццаць.

— Калі цябе не будзе ў хаце праз пяць хвілін, будзеш заходзіць праз акно.

Яна разгублена зірнула на юнака.

— Я падвязу, — спакойна кіўнуў ён і дастаў з кішэні ключы ад машыны.

— Ваш бацька амаль што меў рацыю, калі спытаў, дзе вас носяць чэрці, — заўважыў ён, калі яна ўладкавалася ў яго ўтульнай машыне.

У салоне было чыста, пахла добрым мужчынскім адэкалонам, мандарынамі ды — зусім крыху — зёлкавай гарбатай.

     — Што вы маеце на ўвазе?

— Вам лепш не распавядаць нікому, што вы заблукалі ў цэнтры Мінска, — замест адказу заўважыў юнак, упэўнена кіруючы аўтамабілем. — Наўрад ці хто-небудзь паверыць, што вас збіў са шляху лясун. Напэўна, кінулі штосьці міма сметніцы?

— Недапалак, — шэптам прызналася Ліза.

Юнак сказаў:

— Заўсёды апранайце што-небудзь навыварат, калі будзеце хадзіць праз гэты парк адна, — ён ад вас цяпер не адчэпіцца. Лясун часта водзіць дзяўчын, якія, паводле яго меркавання, непры­стойна сябе паводзяць. А ў лесуна погляды, скажам так, старамодныя.

У які іншы дзень Ліза б толькі пасмяялася ды пакруціла пальцам ля скроні, але цяпер пакорліва кіўнула, запамінаючы кожнае слова юнака.

— Поспехаў з бацькам. Беражыце сябе.

Ёй не хацелася выходзіць з машыны, але ў яе была ўсяго хвіліна, каб узляцець на пяты паверх.

Аліна ДЛАТОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».