Вы тут

Як замежным балельшчыкам трапіць на чэмпіянат па футболе


У Расіі стартаваў чэмпіянат свету па футболе — 2018. Сапраўдныя фанаты прыехалі падтрымаць свае каманды з самых першых матчаў. Але зразумела, што чым бліжэй да фіналу, тым больш масавы інтарэс будзе выклікаць гэтая маштабная спартыўная падзея. А гэта значыць, што асаблівую ўвагу неабходна ўдзяляць грамадскай бяспецы. Дарэчы, закранае чэмпіянат не толькі расійскіх праваахоўнікаў, але і прадстаўнікоў беларускай міліцыі. Пра тое, як непасрэдна, — чытайце ў нашым матэрыяле.


Узаемная падтрымка

У канцы мая паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь было падпісана міжурадавае пагадненне аб узаемным прызнанні віз. Яго дзеянне распаўсюджваецца на час правядзення сёлетняга чэмпіянату свету па футболе і ІІ Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Мінску наступным летам. Што датычыцца футбольнага спаборніцтва, то пагадненне дае права балельшчыкам, у якіх ёсць расійская віза, перамяшчацца па тэрыторыі Беларусі па бязвізе. Адпаведна, у наступным годзе расійскі бок дасць магчымасць бязвізавага праезду і знаходжання на сваёй тэрыторыі замежным гасцям, якія будуць накіроўвацца ў Мінск на ІІ Еўрапейскія гульні.

Сёлета бязвізавы рэжым дзейнічае ў перыяд з 4 чэрвеня па 25 ліпеня. Для камфорту балельшчыкаў яго тэрміны ўключаюць у сябе 10 дзён да і 10 дзён пасля самой спартыўнай падзеі. Як расказаў начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей БЯГУН, білеты на матчы купілі больш за 1,5 мільёна замежнікаў і чакаецца, што каля 10 % з іх праедуць праз нашу дзяржаву. Цалкам магчыма, значная частка з гэтых 150 тысяч чалавек захоча затрымацца на тэрыторыі Беларусі, каб лепш пазнаёміцца з культурай і побытам краіны. У гэты перыяд праваахоўныя органы робяць усё, каб гарантаваць бяспеку і камфортныя ўмовы знаходжання гасцей чэмпіянату ў рэспубліцы.

Таксама падраздзяленні транспартнай міліцыі і паліцыі будуць узаемадзейнічаць пры суправаджэнні груп балельшчыкаў па тэрыторыі Беларусі чыгуначным транспартам, пры знаходжанні і ўездзе фанатаў у Расію і іх транзітным праездзе праз нашу краіну ў Калінінград, дзе таксама адбудуцца футбольныя матчы.

Што неабходна?

Важна ўлічыць, што скарыстацца магчымасцямі бязвізу можна толькі пры наяўнасці дзейнага дакумента, які сведчыць асобу, а таксама пашпарта балельшчыка. У дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі растлумачылі, што пашпарт балельшчыка, або FАN ІD, — персаніфікаваная картка гледача, якая з'яўляецца часткай сістэмы ідэнтыфікацыі футбольных балельшчыкаў і выдаецца ў мэтах камфортнага і бяспечнага знаходжання гледачоў на стадыёнах.

Такую картку павінен атрымаць кожны глядач, які набыў білеты на футбольныя матчы, а таксама члены яго сям'і ці іншыя асобы, якія накіроўваюцца разам з ім у Расію. Для гэтага трэба запоўніць анкету на сайце fаn-іd.ru або прайсці працэдуру рэгістрацыі ў Цэнтры выдачы пашпарта балельшчыка. Пашпарт з'яўляецца імянным, выдаецца бясплатна адзін раз на кожнага гледача на папяровым носьбіце, а таксама ў электроннай форме. Прад'яўляць яго можна і ў адным, і ў другім выглядзе. У выпадку страты дакумента для выезду за мяжу неабходна звярнуцца ў дыпламатычнае прадстаўніцтва або консульскую ўстанову для атрымання пасведчання на вяртанне, пасля чаго аформіць у міграцыйнай службе выязную візу. Пры страце FАN ІD на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі трэба звярнуцца ў цэнтр іх выдачы ў гарадах правядзення матчаў для атрымання дубліката. Дарэчы, усяго іх 11: Валгаград, Екацярынбург, Казань, Калінінград, Масква, Ніжні Ноўгарад, Растоў-на-Доне, Самара, Санкт-Пецярбург, Саранск і Сочы.

Не ўсе звяртаюць увагу, але пашпарт балельшчыка дае права шматразовага ўезду на тэрыторыю Беларусі і Расійскай Федэрацыі ў перыяд дзеяння бязвізавага рэжыму. Апошні раз паспець уехаць трэба да 23 гадзін 59 хвілін 15 ліпеня 2018 года, выехаць можна да таго ж часу 25 ліпеня.

Таксама для ўезду ў Рэспубліку Беларусь замежныя грамадзяне абавязаны мець дагавор медыцынскага страхавання, заключаны з беларускай або замежнай страхавой арганізацыяй. Адсутнасць названага дакумента можа з'яўляцца падставай для адмовы ва ўездзе ў Беларусь.

Не забыцца аб рэгістрацыі

Пры перасячэнні Дзяржаўнай граніцы Беларусі з мэтай далейшага руху ў Расію неабходна звярнуцца да прадстаўніка пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь для атрымання міграцыйнай карткі. Атрымліваць яшчэ адну міграцыйную картку ўжо ў Расіі не трэба. Яна павінна заставацца ў замежніка на працягу ўсяго тэрміну знаходжання ў краіне. У выпадку яе пашкоджання або страты неабходна звярнуцца ў падраздзяленне па пытаннях міграцыі тэрытарыяльнага органа МУС Расіі для атрымання дубліката.

Замежнікі, якія вырашылі затрымацца ў Беларусі, абавязаны на працягу пяці сутак, за выключэннем нядзель, дзяржаўных свят і святочных дзён, зарэгістравацца ў органе рэгістрацыі па месцы фактычнага часовага знаходжання, калі іншае не вызначана заканадаўствам і міжнароднымі дагаворамі Беларусі. Замежнікі, якія аформілі пражыванне ў гасцініцах, санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацыях, рэгіструюцца гэтымі ўстановамі.

На тэрыторыі Расіі замежныя балельшчыкі таксама павінны зарэгістравацца ў тэрытарыяльным органе Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай Федэрацыі або шматфункцыянальным цэнтры аказання дзяржаўных і муніцыпальных паслуг. На беларускіх балельшчыкаў гэтае правіла распаўсюджваецца толькі калі яны збіраюцца правесці ў Расіі больш за 30 дзён.

Міністэрства ўнутраных спраў звяртае ўвагу, што пропуск замежнікаў, якія едуць на чэмпіянат свету з Рэспублікі Беларусь у Расійскую Федэрацыю і назад, будзе ажыццяўляцца толькі па трох аўтамабільных і трох чыгуначных шляхах, а таксама авіятранспартам.

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Гайда на футбол!

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.