Вы тут

Веларух у Беларусі. Што робіцца для яго развіцця?


Цёплая пара года настройвае на вылазкі на прыроду і ўвогуле доўгае знаходжанне на свежым паветры. У якасці сродку перамяшчэння актыўныя беларусы ўсё часцей пачынаюць выбіраць веласіпед. Прычым гэта датычыцца не толькі вольнага часу, нярэдка веласіпед становіцца экалагічнай альтэрнатывай гарадскому транспарту. Каб дакладна рэгуляваць гэтую сферу, у студзені бягучага года была прынята канцэпцыя развіцця веласіпеднага руху ў Беларусі, асаблівая ўвага ў якой удзяляецца тэме бяспекі.


Зразумела, безумоўным лідарам па колькасці веласіпедыстаў у краіне з'яўляецца сталіца. Па даных ГА «Мінскае веласіпеднае таварыства», у мінулым сезоне ў карыстанні мінчан знаходзілася каля 800 тысяч веласіпедаў. Пры гэтым каля 8 % дарослых гараджан летам ездзяць на іх практычна штодня, а 40 % — некалькі разоў на месяц. На жаль, пакуль усяго 1 % жыхароў сталіцы выкарыстоўвае гэта сродак перамяшчэння ў якасці асноўнага. Для параўнання: зараз сярэдні паказчык у гарадах Еўропы — 8 %. Прычын гэтаму некалькі. Адна з іх — недастаткова развітая інфраструктура, над паляпшэннем якой зараз вядзецца актыўная работа.

Наогул веласіпед здольны вырашыць мноства пытанняў, якія непазбежна ўзнікаюць у вялікіх гарадах. Па-першае, гэта даступная фізічная нагрузка для тых, хто ўвесь дзень праводзіць у офісе, па-другое, замена аўтамабіля веласіпедам дапаможа знізіць трафік, вызваліць парковачныя месцы ў дварах і добрым чынам паўплываць на экалогію. Каб дасягнуць гэтага, ахопліваецца цэлы комплекс напрамкаў, якія ўключаюць у сябе інжынерныя работы, мерапрыемствы па папулярызацыі гэтага віду транспарту і прафілактыцы бяспекі яго выкарыстання, у тым ліку сярод дзяцей, удасканаленне існуючага заканадаўства ў сферы рэгулявання дарожнага руху. Плануецца, што дзякуючы гэтаму да 2030 года ў гарадах з колькасцю насельніцтва 50 тысяч чалавек і больш доля выкарыстання велатранспарту павінна падвысіцца да 8—10 %; з меншай колькасцю і ў пасёлках гарадскога тыпу — да 15—20 %; у аграгарадках і сельскіх населеных пунктах — да больш 40 %. Для гэтага мясцовым органам улады неабходна распрацаваць планы рэалізацыі канцэпцыі з канкрэтным спісам мерапрыемстваў у залежнасці ад спецыфікі рэгіёна.

Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі падкрэсліваюць: ні ў якім разе нельга забываць, што веласіпедыст — паўнавартасны ўдзельнік дарожнага руху. А гэта значыць, што ён таксама абавязаны выконваць ПДД, парушэнне якіх вядзе да адказнасці. Адны з асноўных камянёў спатыкнення — спешыванне на пешаходных пераходах, дзе неабходна, а таксама выкарыстанне святлоадбівальных элементаў у цёмны час сутак пры руху ўздоўж дарог.

Як расказаў часова выконваючы абавязкі па пасадзе начальніка аддзела арганізацыі дарожнага руху і дарожнай інспекцыі УДАІ МУС Беларусі Аляксандр ХРОМЧАНКА, на працягу апошніх дзесяці гадоў назіраецца тэндэнцыя ўстойлівага зніжэння агульнай колькасці ДТЗ з удзелам веласіпедыстаў, а таксама колькасці загінулых. Калі дзесяць гадоў таму гінула каля 150—160 веласіпедыстаў штогод, то летась сумная статыстыка спынілася на 42 асобах. Самым небяспечным па-ранейшаму застаецца рух уздоўж рэспубліканскіх дарог, дзе высокі хуткасны рэжым. Што датычыцца ДТЗ у цёмны час сутак, то з 21 выпадку са смяротным вынікам 20 адбылося там, дзе адсутнічала штучнае асвятленне. Таму трэба абавязкова абазначаць сябе ліхтарамі і святлоадбівальнымі элементамі. У ідэале — надзяваць светлозваротную камізэльку, бо менавіта яна забяспечвае найбольшы ўзровень прыкметнасці.

Вяртаючыся да руху ў гарадах: на шчасце, нягледзячы на істотны рост агульнай колькасці велатранспарту, атрымліваецца пазбегнуць узрастання аварыйнасці. Так, у мінулым і пазамінулым гадах колькасць асоб, якія пацярпелі ў выніку кантакту веласіпеда з аўтамабілем, склала 25 чалавек. Як тлумачыць намеснік начальніка УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Андрэй ЗЫРАНАЎ, ДАІ прымае непасрэдны ўдзел у працы над развіццём інфраструктуры. Так, на ўсіх святлафорных аб'ектах, якія павінны з'явіцца ў гэтым годзе, будуць арганізаваны велапераезды, пазначаныя зялёнай фарбай. Таксама па горадзе будуць усталёўвацца поручні пры пад'ездзе да праезнай часткі, каб веласіпедыстам не даводзілася лішні раз спешвацца. «Мы зацікаўлены, каб рух актыўна развіваўся, таму са свайго боку стараемся рабіць для гэтага ўсё магчымае», — адзначыў Андрэй Зыранаў.

Зараз у працы знаходзіцца эксперыментальны праект — выдзеленая на праезнай частцы паласа для веласіпедаў. Як кажуць спецыялісты, трэба ўлічыць шмат нюансаў, таму справа прасоўваецца не так хутка. Да таго ж выбраны няпросты ўчастак — вуліца Веры Харужай, дзе і так вельмі інтэнсіўны рух. Аднак велаінфраструктура там проста неабходная. На дадзены момант сталічным веласіпедыстам даступныя 27-кіламетровая магістральная веладарожка, дзве прагулачныя веладарожкі ў Лошыцкім парку і парку 900-годдзя Мінска, а таксама 188 кіламетраў сумешчаных пешаходна-веласіпедных дарожак

Дар'я КАСКО

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Быць прыкметным

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».