Вы тут

Археолагі раскрылі таямніцу статуй вострава Вялікадня


Гіганцкія 13-тонныя каменныя «капелюшы», афарбаваныя ў чырвоны колер, з'явіліся на галовах балваноў на востраве Вялікадня дзякуючы прыкладна такой жа сістэме насцілаў і стропаў, якімі еўрапейцы карысталіся для ўзняцця патанулых караблёў, заяўляюць навукоўцы ў артыкуле, апублікаваным у Journal of Archaeologіcal Scіence.


«Нам упершыню ўдалося сістэматычна выкарыстоўваць усе магчымыя намёкі і сведчанні таго, як гэтыя гіганцкія галаўныя ўборы маглі апынуцца на галовах яшчэ больш цяжкіх статуй. Усё гэта стала магчымым дзякуючы аб'яднанню метадаў археалогіі, фізікі і камп'ютарнага мадэлявання», — заявіў Карл Ліпа, антраполаг з універсітэта Бінгхэмтана (ЗША).

Востраў Вялікадня — адно з самых загадкавых месцаў на Зямлі, дзе прыкладна два тысячагоддзі таму існавала мудрагелістая цывілізацыя палінезійцаў, якая пакінула пасля сябе шматлікія сляды ў выглядзе гіганцкіх балваноў-мааі, якія, як сёння лічаць навукоўцы, уяўляюць сабой абагаўлёныя фігуры продкаў і сваякоў старажытных жыхароў вострава. Гэтая цывілізацыя фактычна знікла з твару вострава яшчэ да прыбыцця туды еўрапейцаў, прычынамі чаго лічацца дзве рэчы — заканчэнне рэсурсаў у выніку драпежніцкага вынішчэння лясоў і жывёл палінезійцамі і магчымая звязаная з гэтым вайна паміж рознымі плямёнамі абарыгенаў. Поўнае знікненне культуры мааі і носьбітаў яе мовы не дазваляе археолагам вырашыць адну з самых цікавых таямніц гэтага вострава: як на галовах некаторых балваноў, не кранутых вандаламі і часам, з'явіліся гіганцкія каменныя капелюшы, так званыя пукаа, вага якіх нярэдка дасягае паўтара дзясятка тон?

Гэтую загадку дадаткова ўскладняе тое, што самі статуі і іх «галаўныя ўборы» выраблены з розных вулканічных парод. Іх паклады размешчаны фактычна на дыяметральна процілеглых канцах вострава, аддаленых адзін ад аднаго, а таксама ад берагоў, дзе ўстаноўлены цяпер існуючыя мааі, на дзясяткі кіламетраў. Таму і дастаўка матэрыялаў да месца будаўніцтва балваноў, і іх злучэнне былі вельмі складанымі задачамі.

Ліпа і яго калегі знайшлі адказ на гэтае пытанне, які паказвае на досыць вялікую «прасунутасць» жыхароў вострава, аналізуючы артэфакты, знойдзеныя ў ваколіцах балваноў і кар'ераў, дзе былі здабытыя іх «целы» і «капелюшы», а таксама трохмерныя мадэлі саміх статуй.

Як расказвае Ліпа, яго каманда звярнула ўвагу на тое, што манера транспарціроўкі і саміх статуй, і іх галаўных убораў на такія вялікія адлегласці павінна была адлюстроўвацца ў тым, якія пашкоджанні прысутнічаюць на іх паверхні. Напрыклад, калі б статуі цягнулі па мяккім грунце або везлі на «падпорках», то на іх ніжніх частках ці спіне павінны былі застацца характэрныя драпіны і пацёртасці. З іншага боку, самі «пастаменты» балваноў і іх наваколле таксама павінны былі б захоўваць у сабе або сляды апрацоўкі капелюшоў і статуй, калі іх выраблялі на месцы, або паказваць на тое, як менавіта першыя апынуліся на другіх. Прааналізаваўшы ўсе магчымыя сведчанні падобнага роду, археолагі знайшлі адказ на гэтую загадку, які не патрабуе масавых высечак лясоў і ўдзелу ўсяго насельніцтва вострава ў пабудове адной статуі.

Як заўважылі навукоўцы, статуі былі высечаныя з пароды такім чынам, што яны самі па сабе выпростваліся, калі іх нахілялі пад невялікім вуглом. Гэта дазваляла перамяшчаць іх «крокамі», падобна таму, як уладальнікі халадзільнікаў ці цяжкіх тумбаў перасоўваюць іх на новае месца. Падобнае «выгульванне» балваноў дазваляла людзям на востраве Вялікадня рухаць іх на вялікія адлегласці, не трацячы ніякіх рэсурсаў, акрамя ўласных сіл.

Мяркуючы па малюнку драпін, капелюшы статуй перамяшчаліся да месца іх «ускладання» ў часткова гатовым выглядзе, што дазваляла старажытным мастакам у літаральным сэнсе «каціць» іх са схілу гары, дзе размешчаны кар'ер. Калі загатоўка пукаа даязджала да ідала, майстры дараблялі яе і ўзнімалі на галаву статуі, выкарыстоўваючы дасціпную, але простую сістэму пад'ёму. Яна складалася з пакатай горкі, складзенай з пяску і друзу, і вяроўкі, якую старажытныя жыхары вострава абгортвалі вакол капелюша і прывязвалі да галавы статуі. Выцягваючы свабодны канец, яны паступова падымалі дзесяцітонны пукаа да вяршыні горкі, дзе капялюш паварочвалі на бок і ўсаджвалі на асноўную частку манумента.

На карысць гэтага, як адзначаюць Ліпа і яго калегі, кажа адразу шмат рэчаў — сляды падобных горак у шэрагу паваленых статуй, а таксама выемка незвычайнай формы на «капелюшы», якая не дазваляла ёй саслізгваць з галавы балвана. У дадатак навукоўцы заўважылі, што ўсе статуі першапачаткова стаялі не роўна, а былі нахіленыя пад пэўным вуглом у адносінах да паверхні Зямлі. Гэта дазваляла старажытным майстрам закочваць пукаа на галаву мааі, не пашкоджваючы абедзве часткі статуі, і затым «выраўноўваць» гатовую статую, прыбраўшы некалькі камянёў з задняга сегмента пастамента.

Усё гэта, паводле слоў навукоўцаў, кажа пра тое, што для паспяховага завяршэння манументальных «будоўляў эпохі дэспатызму» неабавязкова было мець незлічоныя арміі рабоў і велізарныя рэсурсы, як у Старажытным Егіпце ці Кітаі. Жменька тутэйшых жыхароў змагла ўвекавечыць сваё імя, выкарыстоўваючы ўласны розум, законы фізікі і бедныя мінеральныя рэсурсы вострава Вялікадня.

Іван КУПАРВАС

Загаловак у газеце: Хто надзеў капелюшы на балваноў Рапануі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».