...Не, не падумайце нічога такога, толькі зірнуўшы на загаловак: педагогаў я вельмі паважаю, працу іх цаню. Ды і другая палавінка мая па першай адукацыі настаўніца, усё жыццё асвятляе праблемы ў гэтай сферы, пастаянна камунікуе з дзейнымі педагогамі. Так што каму, як не мне, ведаць пра іх нават на прыкладзе ўласнай сям'і? («— Падчас кожнай нашай сваркі жонка становіцца гістарычкай... — Можа, істэрычкай? Не, менавіта гістарычкай. Яна прыгадвае ўсе мае касякі з дакладнай датай і часам».) А яшчэ я ведаю, што ў знаёмых маёй жонкі, якія працуюць настаўнікамі, — выдатнае пачуццё гумару. («Проста не вучы фізіку ў школе, і ўсё тваё жыццё будзе напоўнена цудамі і чарадзействам.») Спадзяюся, што яго не бракуе і ў іншых, бо інакш тады бяда... («Настаўнікі матэматыкі б'юць трывогу. У пункце А скончыліся аўтобусы».)
Дык вось, вяртаючыся да таго, адкуль узнікла тэма гэтых нататак. Апошнім часам у прэсе пачасціліся гісторыі, звязаныя са скандаламі вакол педагагічных работнікаў. Не тое каб іх стала больш, тут жа яшчэ трэба разабрацца ў прычынах. («Галоўнае правіла матэматыкі: калі рашаецца лёгка, значыць, рашаеш няправільна».) Відавочна, сказалася заканчэнне чарговага навучальнага года, і настаўнікі, і выхавальнікі дазволілі сабе крыху расслабіцца з гэтай нагоды. («Завуч: — Марыя Іванаўна, чаму ў вас Вовачка дыктоўкі мала таго, што з памылкамі піша, дык яшчэ і з мацюкамі? — Ну як вам растлумачыць, Элеанора Пятроўна... Хлопчык піша, памыляецца, нервуецца, пачынае мацюкацца, піша далей...»)
Ва Украіне маладую выхавальніцу дзіцячага сада звольнілі з працы за фота ў купальніку ў сацыяльных сетках. Тая гэтага так не пакінула.
(«Настаўніца этыкі трапіла малатком сабе па пальцы і на паўгадзіны стала настаўнікам працы».) Суд аднавіў маладую жанчыну ў пасадзе, а загадчыца садка зноў яе звольніла. Усё па прычыне быццам бы зноў жа амаральных здымкаў у сеціве... Звольненая са школы за публікацыю ў сваім «Інстаграме» таксама за фатаграфіі ў купальніку омская настаўніца будзе адноўлена на працы да пачатку новага навучальнага года. («Вока толькі перастала торгацца, а на носе зноў першае верасня».) 26-гадовая выкладчыца адной са школ Омска, якая ў вольны час вучылася ў мадэльнай школе, выклала свой здымак у закрытым купальніку. Кіраўніцтва навучальнай установы прапанавала жанчыне звольніцца па ўласным жаданні, пагражаючы звальненнем па артыкуле, аднак умяшалася рэгіянальнае Міністэрства адукацыі. («— Ну чаго ты пачынаеш, га? Нармальна ж сядзелі, гутарылі... — Вы на білет адказваць будзеце?») Больш за тое, у сеціве разгарнуўся флэшмоб у яе падтрымку: іншыя педагогі пачалі выкладваць уласныя здымкі ў купальніках пад лозунгам «Настаўнікі — таксама людзі». Прычыніліся да акцыі нават некаторыя педработнікі-мужчыны ў купальных касцюмах. («У дзяцінстве я быў вельмі рызыкоўным пацаном. Я пісаў «дамашку» адразу ў чыставік».)
Што мы маем у сухім астатку? Настаўнікі — дарослыя людзі, якія маюць права на асабістае жыццё. («Не хачу дадому, бо там яшчэ ўрокі рабіць», — бурчэла сабе пад нос маці, ідучы з работы».) Падлеткам таксама не ўсё трэба ведаць пра апошняе. («Як навучыць дзяцей добраму?! Калі Тарзан ходзіць голы, Папялушка прыходзіць дадому пасля поўначы, Бэтмен ганяе на хуткасці 450 кіламетраў за гадзіну, а Беласнежка ўвогуле спіць з сямю гномамі. Жах!») Няпростая сітуацыя? («Школьная праграма зараз выглядае так: ляцелі два вярблюды, адзін руды, другі налева. Колькі важыць кілаграм асфальту, калі вожыку чатыры гады?»)
Аднымі забаронамі нічога не дабіцца. Забаронены плод, як вядома, салодкі. Гэта не ўчора адбылося. («Перш чым сварыцца на дзіця, прыгадай сябе ў яго ўзросце, пагладзь па галаве, пацалуй і ідзі пі сваю валяр'янку».)
Дастаткова ўспомніць савецкі фільм «Дарагая Алена Сяргееўна». Памятаеце, калі выпускнікі прыйшлі да сваёй настаўніцы не столькі павіншаваць яе з днём нараджэння, колькі цынічна прымусіць выправіць адзнакі ў выпускных работах, да якіх педагог мела доступ? У наш час усё яшчэ прасцей. У Мінскай вобласці школьнік... узламаў старонку сацыяльнага педагога ў сацыяльнай сетцы і шантажыраваў яго.
(«Васьмікласніца Пятрова села пісаць сачыненне «Як я правяла лета». Напісала загаловак, падумала і на ўсялякі выпадак дапісала «18+».) Але і адмысловы флэшмоб наставіць у сеціве больш здымкаў у купальніках у падтрымку калег, мабыць, таксама не выйсце. Як і нервовая рэакцыя на ўсё гэта кіраўніцтва навучальных устаноў. Гэта тупіковы шлях. («Зачытаўся ўчора на ноч слоўнікам сінонімаў. Як жа крыўдна, горка, недарэчы, прыкра і сумна было сёння праспаць».)
...Напрыканцы прапаную прыгадаць камедыю з Камеран Дыяс «Вельмі дрэнная вучылка». Стужка быццам пра цынічную і вульгарную настаўніцу, якую не турбуюць ні ўрокі, ні вучні, а толькі адны забавы і кавалеры. («Навучэнка каледжа так хутка лузала семкі, што захлынулася алеем».) Аднак галоўная ідэя фільма ў тым, што не трэба давяраць сваім вачам і рабіць паспешлівыя высновы. Як акажацца, эгацэнтрычная бландзінка ў скураной міні-спадніцы можа цікава выкладаць літаратуру. А вы кажаце! («Вучыце табліцу множання, а то разбудзяць вас пасярод ночы, а вам і сказаць няма чаго».)
Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.